Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакратар МЗС Літвы: “Перадача ОРТ – правакацыя расейскіх спэцслужбаў”


Тацяна Поклад, Вільня Прэсавы прадстаўнік літоўскага дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі заявіў, што перадача “Однако” на расейскім тэлеканале ОРТ, у якой грузінскі парлямэнтар Гіві Таргамадзэ і літоўскія дыпляматы былі прадстаўленыя як тэрарысты – частка сыстэматычнай інфармацыйнай кампаніі, накіраванай супраць Літвы. У перадачы прагучалі запісы размоваў, у якіх нібыта абмяркоўваліся пляны забойства Аляксандра Мілінкевіча. Літоўскія дыпляматы заявілі, што гэта правакацыя расейскіх спэцслужбаў.

У панядзелак у перадачы “Однако” расейскага тэлеканалу ОРТ прагучалі ўскосныя абвінавачваньні на адрас грузінскага дэпутата Гіві Таргамадзэ і двух супрацоўнікаў літоўскага МЗС, якія нібыта ў тэлефоннай размове выказвалі незадаволенасьць дзяеньнямі Аляксандра Мілінкевіча і гаварылі аб плянах яго забіць.

У перадачы былі названыя імёны літоўскіх дыпляматаў – Рэнатас і Альбінас. Літоўскія газэты паведамілі, што аўтары перадачы мелі на ўвазе сакратара МЗС Літвы Альбінаса Янушку і дарадцу дэпартамэнту аналізу і плянаваньня замежнай палітыкі Літвы Рэнатаса Юшку. Сакратар МЗС Янушка заявіў газэце “Летувос рытас”, што “гэта правакацыя расейскіх спэцслужбаў”. “Мы падтрымліваем Мілінкевіча, а расейцы цьвердзяць, што мы нібыта хочам забіць яго. Гэта цалкам абсурдна, тут дзень зблытаны з ноччу”, – цытуе газэта словы сакратара МЗС.

Генэральны дырэктар дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Арвідас Поцюс заявіў журналістам:

(Поцюс: ) “Нельга адмовіць, што гэты факт забраў нашую ўвагу. Але дэпартамэнт дзяржбясьпекі ніколі не камэнтаваў і ня будзе камэнтаваць таго, што гаворыцца ў творчых перадачах замежных тэлевізяў”.

Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы запэўніў, што мае належныя тэхнічныя сродкі, якія дазваляюць гарантаваць бясьпеку тэлефоннай сувязі паміж дзяржаўнымі установамі ў Вільні і літоўскімі прадстаўніцтвамі за мяжой, аднак прызнаў, што немагчыма гарантаваць бясьпеку у размовах праз прыватныя тэлефоны.

Пазьней прэсавы прадстаўнік дэпартамэнту Вітаўтас Макаўскас паведаміў балтыйскаму інфармацыйнаму агенцтву БНС, што перадача, у якой літоўскія дыпляматы былі прадстаўленыя як тэрарысты, накіраваная супраць Літвы. Макаўскас назваў перадачу “прыкладам прапагандысцкай кампаніі” і заявіў:

(Макаўскас: ) “Перадача ОРТ – яшчэ адзін відавочны факт, які пацьвярджае тое, аб чым дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі ўжо ня раз паведамляў і літоўскім кіраўнікам, і ўсяму грамадзтву Літвы, а менавіта: адбываюцца сыстэматычныя інфармацыйныя акцыі, накіраваныя супраць Літвы, іх мэта – дыскрэдытаваць вобраз краіны”.

Палітоляг Нерыюс Малюкявічус, аўтар кнігі “Канцэпцыя інфармацыйнай вайны”, кажа, што такім чынам, з ужываньнем найпрасьцейшай тэхнікі маніпуляваньня, “чыняцца спробы паставіць пад сумнеў намеры Літвы што да Беларусі і стварыць недавер да літоўскіх дзяржаўных службоўцаў, адказных за замежную палітыку”.

Заклапочанасьць літоўскіх аналітыкаў і палітолягаў выклікае і тое, што прадстаўнікі дзяржавы не заўсёды хутка і ўпэўнена рэагуюць на такія правакацыі. Адзін зь вядучых палітолягаў Літвы, дырэктар Інстытуту міжнародных дачыненьняў і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту Раймундас Лапата адзначае, што “найбольш парадаксальнае тое, што, камэнтуючы такі фактычна элемэнтарны кантэкст, блытаюцца і літоўскія палітыкі высокага рангу”.

Кіраўнік парлямэнцкага камітэту замежных справаў, сацыял-дэмакрат Юсьцінас Каросас, камэнтуючы згаданую перадачу агенцтву БНС, сказаў, што “хацеў бы верыць, што гэта правакацыя Расеі, і калі гэта ня так, то гэта дрэнна”. Каросас, які перад выбарамі ў Беларусі ініцыяваў рэзкую рэзалюцыю супраць рэжыму Лукашэнкі, нядаўна выступіў супраць забароны рэтрансьляцыі ў Літве тэлеканалу “Беларусь-ТВ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG