Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праходзяць імпрэзы, прымеркаваныя да 20-х угодкаў Чарнобылю


Галіна Абакунчык, Менск У Беларускай дзяржаўнай фільгармоніі пачаўся Міжнародны фэстываль “Менская вясна-2006”, у рамках якога адбудзецца музычная прэм’ера паэмы “Чарнобыль”. У Нацыянальным мастацкім музэі працуе фотавыстава Анатоля Клешчука “Боль сьціхае паволі”. Некаторыя імпрэзы, прымеркаваныя да 20-годзьдзя чарнобыльскай аварыі, ужо адбыліся або яшчэ толькі рыхтуюцца.

Адной з падзеяў, прымеркаваных да ўгодкаў чарнобыльскай трагедыі, сталася прэзэнтацыя фотаальбому “Чарнобыль”. Ён падрыхтаваны вядомым фатамайстрам Дзянісам Раманюком у суаўтарстве з Анатолем Клешчуком і Ігарам Бышнёвым. Гэта 259 фотаілюстрацыяў пра людзей, прыроду, гісторыю жыцьця насельнікаў забруджаных тэрыторыяў.

Гаворыць Дзяніс Раманюк:

(Раманюк: ) “Альбом разьлічаны і на саміх беларусаў, і, вядома ж, на замежнага чытача. Гэты альбом – каб яшчэ раз забраць увагу міжнароднай супольнасьці на тую бяду, зь якой змагаюцца беларусы, каб залучыць дапамогу міжнароднай супольнасьці для вырашэньня чарнобыльскіх праблем у Беларусі”.

Паводле Дзяніса Раманюка, з гэтай мэтай прадмовы да разьдзелаў выданьня напісаныя на трох мовах: беларускай, ангельскай і нямецкай. Зьмешчаныя ў альбоме здымкі хворых дзяцей гэтымі днямі дэманструюцца таксама на пэрсанальнай выставе Анатоля Клешчука ў Нямеччыне. 20-гадовы архіў фотамайстра можна пабачыць і на выставе “Боль сьціхае паволі” ў Менску. Пра работы Клешчука гаворыць Ігар Бышнёў:

(Бышнёў: ) “Анатоль здымае трагедыю з 1986 году. І асобная тэматыка – гэта хворыя дзеці – самыя балючыя і ўражальныя здымкі. Трэба не забываць пра людзей, што сталі ахвярамі трагедыі, ім трэба дапамагаць”.

Да ўгодкаў чарнобыльскай трагедыі рыхтуецца таксама прэзэнтацыя музычнага альбому “Чарнобыльскі вецер”. Гэта 15 песьняў у выкананьні беларускіх і замежных гуртоў. Ініцыятарамі выданьня кампакт-дыска стала партыя БНФ і грамадзкая ініцыятыва “VoliaMusic”. Пра мэту альбому “Чарнобыльскі вецер” гаворыць адзін зь яго ўладальнікаў Алег Крыў:

(Крыў: ) “Мэта гэтага дыска – зьвярнуць увагу грамадзтва на чарнобыльскую бяду, якая ня зьнікла, як бы ні хацелі гэта паказаць афіцыйныя ўлады. Мэта – паказаць, што моладзь цікавіцца чарнобыльскай праблемай, што хоча свабоды, хоча праўды, хоча жыць у Беларусі беларускай, дзе будзе праўда пра мінулае, каб жыць далей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG