Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць фэрмэрскіх гаспадарак зьмяншаецца


Міхал Стэльмак, Менск Надыход цяперашніх цёплых дзён ажывіў беларускую вёску. Чарговы сэзон наступіў і для беларускіх фэрмэраў. У чым адметнасьці сёлетняй пасяўной кампаніі? Ці пашыраецца ў краіне фэрмэрскі рух?

У фэрмэрскім асяродку абмяркоўваецца ўстаноўка міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Леаніда Русака – завяршыць сяўбу да 25 красавіка. Чуў пра яе й фэрмэр з Маладэчаншчыны Ігар Пакус:

(Пакус: ) “Я думаю, што было б нармальна, каб адсеяліся да 25-га. Напружваемся па поўнай праграме. Але ня ўсюды па полі пройдзеш на ўсю даўжыню. Рэальна, калі я ўсё гэта зраблю прыблізна да 17 траўня: то бо пасаджу бульбу, гародніну, збожжавыя. Гэта будзе нармальна”.

Як вынікае з тлумачэньня Ігара Пакуса, сёлетняе надвор’е зблытала пляны вяскоўцам. Вясна зацягнулася, і таму палеткі яшчэ не гатовыя, каб можна было пусьціць на іх тэхніку. Пры гэтым фэрмэры лічаць, што ўстаноўка міністра што да тэрмінаў сяўбы тычыцца найперш калектыўных гаспадарак, а не аднаасобнікаў. Гаворыць фэрмэр зь Петрыкаўскага раёну Павел Валынец:

(Валынец: ) “Нам наўпрост ніхто ж не камандуе, калі што сеяць і як? Але я думаю, што фэрмэрам гэта й непатрэбна, каб імі камандавалі. Як правіла, фэрмэры сеюць раней, чымся гаспадаркі. Тут жа абмацаеш кожны гектар! Хіба аграном, у якога ў гаспадарцы 5 тысяч гектараў, у курсе, што ў яго робіцца? А тут жа ведаеш ня тое што гектар, а кожную сотку”.

Фэрмэрскі стаж Паўла Валынца – пяць гадоў. Павел мае 70 гектараў зямлі і пакуль што зьбіраецца працягваць фэрмэрскую дзейнасьць. Але такія пляны маюць далёка ня ўсе аднаасобнікі. Паводле статыстыкі, фэрмэрскі рух у Беларусі дэградуе. Гаворыць старшыня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня фэрмэраў Канстанцін Ярмоленка:

(Ярмоленка: ) “На пачатак году былі 2204 сялянскія гаспадаркі. У 2005 годзе было створана 137 гаспадарак, а 251 ліквідавана. То бо іх колькасьць паменшылася”.

Напрыклад, у Гомельскай вобласьці летась зьявілася ўсяго 15 новых фэрмэраў, а спынілі гэтую дзейнасьць аж 36 аднаасобнікаў. Чаму такая тэндэнцыя? Меркаваньне петрыкаўскага фэрмэра Паўла Валынца:

(Валынец: ) “Трэба рабіць вялікія капіталаўкладаньні, каб можна было займацца – па тэхналёгіі прыбытак атрымліваць. А ў многіх фэрмэраў няма грошай. Гэта адна прычына. Другая – кепскія землі. Фэрмэрам часта даюць кепскія землі. Таму яны вымушаныя закрывацца. У нашай вёсцы таксама быў фэрмэр, але ён згарнуўся”.

Заняпад беларускага фэрмэрства, паводле яго прадстаўнікоў, зьяўляецца наступствам цяперашняга эканамічнага курсу ў аграрнай сфэры. Як толькі курс зьменіцца, зьменяцца й эканамічныя працэсы на вёсцы, лічаць мае суразмоўцы. У прыватнасьці, у росквіт беларускага фэрмэрства верыць жлобінскі аднаасобнік Міхаіл Пашук:

(Пашук: ) “Ня ставіцца такая задача – адраджэньня фэрмэрства. І ў гэтым – карэнная памылка. Праграма разбурэньня калгасаў і саўгасаў будзе выкананая. Таму што гэта законы прыроды, і іх нельга абысьці”.
XS
SM
MD
LG