Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы Свабоды: цырульнік Канстанцін Усянок


Алег Грузьдзіловіч, Менск Паводле ужо вядомай статыстыкі, сярод абаронцаў намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы пераважалі студэнты і навучэнцы. Але там былі й прадпрымальнікі, інжынэры... Цяпер дакладна вядома, што быў на Кастрычніцкай плошчы і свой цырульнік.

Калі амапаўцы схапілі 21-гадовага Канстанціна Ўсянка, то знайшлі ў ягонай торбе прафэсійныя нажніцы. Імі міліцыянт і адрэзаў хлопцу некалькі пасмаў валасоў. Шмат хто быў сьведкам таго інцыдэнту, потым вязьні згадвалі пра яго ў сваіх успамінах... Але Рамана Вахрамеева, якога затрымалі разам з Канстанцінам ля Кастрычніцкай плошчы, больш уразіла тое, што адбылося на хвіліну раней.

(Вахрамееў: ) “На Косьцю была надзетая майка з надпісам “Stop terror in Belarus”. У міліцэйскім аўтобусе амапавец адразу да яго прычапіўся, пачаў біць, сарваў гэтую майку, разарваў яе на шматкі і загадаў зьесьці. Косьця супраціўляўся, і тады амапавец пачаў запіхваць шматкі яму ў рот. Магчыма, нешта яму пашкодзіў, бо Косьця потым ў камэры тры дні ня мог нармальна есьці і піць”.

Раней Раман Вахрамееў Канстанціна Ўсянка ня ведаў. Згадаў толькі, што да сустрэчы ў міліцэйскім аўтобусе бачыў яго на Кастрычніцкай плошчы зь бел-чырвона-белым сьцягам. Яшчэ ўразіла, што на судзе Канстанцін не адмаўляўся ад удзелу у падзеях на плошчы, а з амапаўцамі размаўляў заўсёды спакойна ды з годнасьцю. Новага свайго сябра Раман атэстоўвае так:

(Вахрамееў: ) “Я б сказаў, што ён не адсюль, а недзе з Эўропы, зь Нямеччыны...”

21-гадовы Канстанцін Усянок працуе цырульнікам у салёне прыгажосьці. Кажа, што яго за 10-цідзённую там адсутнасьць не каралі, наадварот, маральна падтрымалі. Актыўна ў апазыцыйным руху раней не ўдзельнічаў, пра што цяпер шкадуе. Расказвае Павал Пазьняк, які разам з Канстанцінам калісьці займаўся плаваньнем у Доме афіцэраў:

(Пазьняк: ) “Ён там працуе непадалёк. Відаць, ішоў побач, зацікавіўся і вырашыў ізноў кінуцца ў гэты натоўп. А я б туды ніколі не пайшоў. Проста я ўжо лянівы, а зь яго яшчэ энэргія б’е”.

Але актывіст “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, разам зь якім Канстанцін сядзеў у акрэсьцінскай турме, кажа: гэты хлопец з тых, хто сьвядома абірае свой шлях.

(Дашкевіч: ) “Трымаўся ён вельмі прыстойна, нават весела. Мяркую, гэтыя падзеі значна паўплывалі на ягонае далейшае жыцьцё. Я зь ім ужо сустракаўся пасьля таго, як нас вызвалілі, ён стаў больш актыўны. Мяркую, шмат на што яму адкрыліся вочы, але ён і быў актыўным хлопцам”.

Пры размове з Косьцем Усянком я ня мог не спытаць, ці былі нечым адметныя, на яго думку, фрызуры абаронцаў лягеру? Малады спэцыяліст адразу згадаў пра фатаздымкі амэрыканскіх равесьнікаў 1960-х гадоў.

(Усянок: ) “Людзі, у якіх вольны дух, ніколі ня будуць паддавацца на штампы і ўраўноўваньні. Такіх людзей немагчыма прывесьці да аднаго стандарту”.
XS
SM
MD
LG