Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: “Пра што можна размаўляць зь Беларусьсю?”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Пра што можна размаўляць зь Беларусьсю?” – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары “Gazet’ы Wyborcz’ай”, у якім абмяркоўваюцца прапановы беларускага боку што да “разьвіцьця польска-беларускіх дачыненьняў”. Польскія газэты пішуць сёньня таксама пра адмову Канады прыняць беларускі ўрадавы самалёт.

“Gazetа Wyborczа” піша, што Менск хоча цяпер разам з Варшаваю “адкрываць новыя памежныя пераходы, зьніжаць цэны візаў, разам займацца навакольным асяродзьдзем у памежных рэгіёнах і ажывіць культурнае супрацоўніцтва”.

“Пра такія рэчы з суседзямі заўсёды варта размаўляць. Але нельга забывацца на тое, што Лукашэнка, робячы такія прапановы, сыпле нам пясок у вочы. Шукае, як вывесьці свой рэжым зь міжнароднай ізаляцыі. Хоча, каб мы пачалі працаваць над агульнымі справамі, не зьвяртаючы ўвагі на леташнюю брутальную расправу з законна абараным кіраўніцтвам Саюзу палякаў Беларусі. Каб мы забыліся, што нядаўнія прэзыдэнцкія выбары адбыліся з парушэньнем усіх дэмакратычных прынцыпаў”, – адзначае “Gazetа Wyborczа”.

Штодзёньнік піша, што на дыялёг зь Менскам “можна пагадзіцца”, хаця б для таго, каб дамагчыся ўвядзеньня бясплатных візаў для беларусаў, бо чым “больш іх прыедзе ў Польшчу, тым больш пераканаецца, што іхнае дзяржаўнае тэлебачаньне гаворыць няпраўду, называючы Польшчу “дзяржавай-прастытуткай”, дзе пануе галеча”.

Як падкрэсьлівае “Gazetа Wyborczа”, пры гэтым трэба памятаць, што для Варшавы законныя ўлады Саюзу палякаў – гэта людзі, згуртаваныя вакол Анжалікі Борыс, а ня тыя, каго “прызначыў рэжым”.

“Трэба таксама ўвесь час станавіцца ў абарону беларускай апазыцыі, якую бесьперапынна перасьледуюць улады”, – так завяршаецца артыкул “Пра што можна размаўляць зь Беларусьсю?”, зьмешчаны ў сёньняшнім нумары “Gazet’ы Wyborcz’ай”.

Іншы польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita” адзначае, што ў часе, калі беларуская амбасада прапаноўвае пляны разьвіцьця двухбаковых дачыненьняў, у Беларусі “можа зьнікнуць адна з найстарэйшых і найбольш заслужаных для беларускай культуры газэт”. “Улады даўно змагаюцца супраць “Нашай нівы”, – піша “Rzeczpospolita”, прыгадваючы працэс супраць газэты ў сувязі з выкарыстаньнем ёю клясычнага моўнага-правапіснага стандарту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG