Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Юрка Лістапад


Уладзімер Арлоў, Менск Красавік 1897, в.Варкавічы (цяпер Слуцкі раён) – 5.6.1938, Сыбір

У 1920-я ён быў кумірам тысячаў юнакоў.

Сябра Беларускай Рады Случчыны і ўдзельнік антыбальшавіцкага збройнага чыну Юрка Лістапад нелегальна вярнуўся з Польшчы на радзіму і заснаваў падпольную антысавецкую арганізацыю. Яе складалі Юркавы выхаванцы – навучэнцы Слуцкіх агульнаадукацыйных курсаў. Арганізацыя мела на мэце, стварыўшы шырокую сетку збройных аддзелаў, узьняць паўстаньне і вызваліць Беларусь з-пад улады Масквы. Нелегалы выдавалі часопіс “Наша слова” і прапагандысцкія ўлёткі з заклікам такога кшталту:

За зброю! Бі! Хай гінуць гады! Паўстань! Ня бойся і ня трусь! Ратуйма нашу Беларусь!

У 1925-м Юрку і пяцёх яго паплечнікаў схапіла ГПУ. “Працэс Лістапада” прагрымеў на ўсю Беларусь. У яго з мэтаю “перавыхаваньня” ўцягнулі Якуба Коласа, якога абвінавачвалі ў падтрымцы “лістападаўцаў”. Перад прэсай была пастаўленая задача як мага шырэй выкрыць антысаветчыкаў. Але гэтая кампанія прывяла да неадназначных вынікаў: кагосьці запалохала, а многіх – натхніла на супраціў.

Паводле прысуду Лістапад атрымаў пяцігадовае зьняволеньне, аднак ужо праз два гады выйшаў на волю. Некаторыя дасьледнікі тлумачаць палёгку Юркавай згодай стаць сакрэтным агентам “органаў”. Праўда, гэта дрэнна стасуецца з тым фактам, што пасьля турмы Лістапад ня мог знайсьці сабе сталую працу і быў, як пісаў у анкетах, “вольным перакладчыкам на беларускую мову”.

У 1930-м яго арыштавалі па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі”, праз тры гады адбыўся трэці арышт па яшчэ адной сфабрыкаванай справе – “Беларускага нацыянальнага цэнтру”. Новы, васьмігадовы тэрмін Лістапад адбываў у канцлягерах, вязьні якіх будавалі Байкала-Амурскую магістраль. Як сьведчаць дакумэнты, ён паводзіўся непакорліва і стаў фігурантам крымінальнае справы.

Увесну 1938-га Юрка Лістапад выслухаў сьмяротны прысуд. Астатнія “лістападаўцы” былі расстраляныя ў вайну партызанамі або загінулі ці зьніклі пазьней пры нявысьветленых абставінах.
XS
SM
MD
LG