Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сваякі арыштаваных: праблемы зь ліставаньнем – форма маральнага ціску


Радыё Свабода, Менск У родных і блізкіх актывістаў грамадзкай арганізацыі “Партнэрства”, якія знаходзяцца за кратамі сьледчага ізалятара КДБ, пачаліся цяжкасьці зь ліставаньнем. Сваякі арыштаваных лічаць, што праблемы пісьмовай сувязі – гэта адна з формаў маральнага ўціску. Перапынкі ў ліставаньні час ад часу здараліся ва ўсіх чатырох сябраў грамадзкай арганізацыі “Партнэрства”, арыштаваных 21 лютага.

Распавядае маці Мікалая Астрэйкі Яўгенія:

(Астрэйка: ) “Быў пэрыяд пэўны – мы не атрымлівалі лістоў паўтара тыдні. А потым атрымалі адразу кучу”.

Большасьць лістоў сваякі Мікалая Астрэйкі, Аляксандра Шалайкі, Эніры Браніцкай і Цімафея Дранчука пакідаюць адмыслова ў скрыні №8 на Галоўным паштамце. Валеры Дранчук, бацька Цімафея, мяркуе, можа мець месца канфлікт беларускай і расейскіх моваў.

(Дранчук: ) “Так званы чытальнік – я ня ведаю як называюцца тыя прафэсіі, якія там цэнзуруюць лісты – у яго была вялікая праблема з беларускай мовай. І ён быў у вялікай прэтэнзіі да Цімафея – маўляў, чаму бацька піша лісты па-беларуску?”

Жонка Цімафея Вольга Анцыповіч, якая мела спатканьне зь ім днямі, пацьвердзіла, што моўны канфлікт працягваецца. У пэўныя дні лісты Цімафея да сваякоў зьнікаюць. Таму пасьля таго, як зьмяніліся цэнзары, ён мусіць дубляваць зьмест папярэдняга ліста – у наступным. Вольга лічыць, што сытуацыя зь неўпарадкаваным ліставаньнем – гэта форма маральнага ціску на актывістаў “Партнэрства”.

(Анцыповіч: ) "Тое, што ён піша ліст, і ў яго няма ніякай упэўненасьці, што гэты ліст дойдзе – гэта таксама форма маральнага ціску на Цімафея, на тых, хто знаходзіцца за кратамі, бо гэта вельмі складана: калі са сваякамі не маеш ніякай сувязі".

Праваабаронца Людміла Гразнова лічыць, што мэтады псыхалягічнага ўзьдзеяньня на Астрэйку, Браніцкую, Дранчука і Шалайку падобныя да сталінскіх.

(Гразнова: ) “Калі апошняя нітачка паміж сем’ямі рубіцца, калі лісты не даходзяць – гэта яшчэ адзін спосаб ціску і на саміх людзей, якія знаходзяцца пад сьледзтвам, і на іх сваякоў. Вельмі падобна да тых мэтадаў, ГУЛАГу, пра якія пісаў Салжаніцын”.
XS
SM
MD
LG