Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Міхаілам Марынічам сустрэліся амбасадары краінаў ЭЗ і ЗША


Радыё Свабода, Менск Амбасадары краінаў Эўразьвязу і ЗША мелі сустрэчу з Міхаілам Марынічам у амбасадзе Латвіі. Яны павіншавалі былога палітвязьня з вызваленьнем і пацікавіліся яго плянамі на будучыню.

На абедзе ў Латыскай амбасадзе былі кіраўнікі дыпмісіяў краінаў Эўразьвязу і амбасадар ЗША. Зь некаторымі дыпляматамі Міхаіл Марыніч быў знаёмы да свайго арышту. Дарадца латыскага амбасадара Юрыс Пойканс паведаміў Радыё Свабода, што супрацоўнікі дыпмісіі заўсёды памяталі пра тое, што Міхаіл Марыніч быў амбасадарам Беларусі ў гэтай краіне. Дыпляматы запэўнілі Міхаіла Марыніча ў тым, што прыкладалі намаганьні для ягонага вызваленьня. Дзеля гэтага рабіліся пэўныя захады. Міхаіл Марыніч даў зразумець амбасадарам, што адразу, як толькі паправіць сваё здароўе, вернецца ў палітыку.

Міхаіл Марыніч паведаміў Радыё Свабода:

(Марыніч: ) “Удзячны, што амбасада Латвіі арганізавала гэтую сустрэчу, гэты сяброўскі абед, які даў магчымасьць усіх пабачыць і выказаць падзяку за падтрымку і ўвагу”.

Міхаіл Марыніч паведаміў амбасадарам, што перш за ўсё яму трэба паправіць сваё здароўе. Ён спадзяецца, што гэта зойме не больш як два месяцы.

(Марыніч: ) “Я не зьбіраюся “адседжвацца” на пячы, наадварот. Якіх-небудзь абяцаньняў мы не давалі. Ішла прамая і шчырая размова пра лёс і будучыню Беларусі”.

Міхаіла Марыніча напрыканцы сьнежня 2004 году пазбавілі волі на 5 гадоў з адбыцьцём пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Апазыцыйнага палітыка абвінавацілі ў тым, што ён "прысабечыў" кампутары, якія амэрыканская амбасада перадала грамадзкай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”. У той час Міхаіл Марыніч з’яўляўся кіраўніком арганізацыі.

Грамадзкія арганізацыі патрабавалі вызваленьня вязьня сумленьня. Міхаіла Марыніча ўмоўна-датэрмінова выпусьцілі сёлета 14 красавіка.
XS
SM
MD
LG