Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявіўся даведнік "ТОП-44: "Прафэсіі будучыні"


Іна Студзінская, Менск Гэта ўнікальнае выданьне для абітурыентаў, студэнтаў, а таксама для тых, хто марыць атрымаць пэрспэктыўную і запатрабаваную ў будучым прафэсію. Многія з гэтых заняткаў узьніклі зусім нядаўна. У Беларусі яны альбо зусім адсутнічаюць, альбо прадстаўленыя ў асобах некалькіх адмыслоўцаў на ўсю краіну.

Новае выданьне ўражвае перш за ўсё вонкавым выглядам: дызайнам, арыгінальнай вёрсткай, густоўнымі ілюстрацыямі. Пад вокладкай “ТОП-44” сабраныя артыкулы пра даволі экзатычныя для Беларусі спэцыяльнасьці: прамоўшн моды, саўнд-дызайн, прыгодніцкі турызм, крэатыўнае пісьмо, футуралёгію, эрганоміку, экалягічную адвакатуру.

Распавядае адзін з аўтараў праекту Андрэас Копыс:

(Копыс: ) "Калі чалавек заканчвае філфак, ён можа быць кім заўгодна. І, напрыклад, калі ён марыць стаць сцэнарыстам сіткомаў, незвычайных тэлевізійных камэдыяў, то яму трэба патраціць яшчэ 5-6 год практыкі. Аказваецца, што гэта тэндэнцыя ў сьвеце даўно была адсочаная, перакаваная ў іншае рэчышча, і можна атрымліваць прафэсію, пра якую ты марыў, якая здаецца фантастычнай адразу ж, у 17-18 гадоў, атрымліваць гэту прафэсію канкрэтна".

Даведнік дае інфармацыю, што сабой уяўляюць новыя для Беларусі сфэры дзейнасьці, як і дзе можна атрымаць спэцыяльнасьці, якія будуць прыносіць ня толькі задавальненьне, але і нядрэнны заробак.

Запатрабаванасьць і пэрспэктыўнасьць гэтых прафэсіяў на беларускім рынку ацэньвалі спэцыялісты кансалтынгавых агенцтваў і экспэрты-практыкі, сьцьвярджае Андрэас Копыс.

(Копыс: ) "Нам трэба было вывучыць і рэйтынгі, і пракансультавацца з кансалтынгавымі агенцтвамі. Былі "праманітораныя" шмат рэйтынгаў замежных падобнага кшталту – самых пэрспэктыўных прафэсій будучыні, самых высокааплатных, самых запатрабаваных прафэсій... Мы адабралі парадку 60-70 спэцыяльнасьцяў, пасьля кансультаваліся з беларускімі адмыслоўцамі, якія валодаюць інфармацыяй, што адбываецца на рынку працаўладкаваньня зараз, што будзе адбывацца праз 5 гадоў. Прафэсіі, якія ёсьць у даведніку, будуць запатрабаваныя і на Захадзе, і ў Беларусі дакладна".

Такім чынам, людзі, пра дзейнасьць якіх распавядае “ТОП-44”, сапраўды запатрабаваныя на ўсясьветным рынку працы. Большасьць зь іх займае верхнія радкі прафэсійных рэйтынгаў паводле двух асноўных крытэраў – пэрспэктыўнасьці і заробку. Даведнік “Прафэсіі будучыні” не мае аналягаў у Эўропе.

Кнігу “ТОП-44" можна знайсьці ў кнігарнях і на кніжных кірмашах Менску, а таксама на сайце http://knihi.net
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG