Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вымушае “чарнобыльцаў” ізноў вяртацца ў забруджаныя зоны?


Вячаслаў Кулік, Менск Афіцыйная статыстыка даводзіць, што пасьля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі з тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласьцей было адселена ў чыстыя зоны больш як 130 тысяч чалавек. Яшчэ 200 тысяч склалі моладзь і вымушаныя перасяленцы, якія пакінулі заражаныя мясцовасьці самастойна. У той жа час 50 тысяч чалавек пераехалі ў радыеактыўныя зоны Беларусі. Якія прычыны вымушаюць людзей вяртацца ў паўразбураныя паселішчы, нанава абжываць пакінутыя гаспадаркі? Пытаньне дасьледуе журналіст Вячаслаў Кулік.

Ад маладога жыхару райцэнтра Драгічын на Берасьцейшчыне Івана Ткачэнкі нядаўна зьехала жонка. І вось як ён тлумачыць прычыну сямейнага разрыву.

(Ткачэнка: ) “Калі мы пазнаёміліся, Ірына вучылася ў Віцебскім мэдычным унівэрсытэце. Разам будавалі пляны як будзем жыць на Палесьсі, дзе ў мяне жыльлё й сталая камэрцыйная справа. У Драгічыне не хапае ўрачоў, таму праблемаў у працаўладкаваньні маладой жонкі не прадбачылася. Але па абавязковым разьмеркаваньні яе прызначылі на Магілёўшчыну. Каб перайначыць, мы былі на прыёме ў розных – розных чыноўнікаў, нават у міністра аховы здароўя. Не дапамаглі й сьлёзы! Каб не страціць кваліфікацыю, Ірына мусіла ехаць у “чарнобыльскую зону”, а я не магу кінуць сваю справу тут...”

Абавязковае разьмеркаваньне беларускіх студэнтаў ініцыяваў Аляксандар Лукашэнка. Ад 2003 году ягоныя прапановы замацаваныя ў нарматыўных дакумэнтах ураду й міністэрства адукацыі. Усе выпускнікі, якія навучаліся на бюджэтных факультэтах, павінныя адпрацаваць па накіраваньні ня менш як два гады. За мінулы час прымус выклікаў хвалю пратэстаў, на што З-га сакавіка гэтага году цяперашні кіраўнік дзяржавы ізноў заявіў:

(Лукашэнка: ) “Дык што вы хочаце сказаць? Я падрыхтую спэцыялістаў і скажу: “Едзьце, куды жадаеце ці заставайцеся ў Менску!”. А там хто ў мяне будзе працаваць?!”

За словам “там” – амаль 30 працэнтаў тэрыторыі краіны.

Паводле Звароту нацыянальнага аргкамітэту Чарнобыльскага шляху 26 красавіка гэтага году, колькасьць насельніцтва ў забруджаных радыенуклідамі рэгіёнах складае амаль два мільёны чалавек.

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч перакананы, што няма неабходнасьці павялічваць групу рызыкі за кошт рээвакуацыі насельніцтва.

(Вайтовіч: ) “Я гэтага не разумею. Як быццам бы ў Беларусі шчыльнасьць насельніцтва такая, што няма куды людзям дзявацца. У нас поўна вольных тэрыторыяў. Не разумею, чаму ён гэта робіць? Мажліва таму, што лепш чалавека трымаць у нейкай трывозе?”

(Карэспандэнт: ) “А калі пралічваць эканамічную выгаду ад таго, што людзі вернуцца і адновяць гаспадарку?”

(Вайтовіч: ) “Ніякай выгады няма. Яны тут неяк уладкаваныя, а там жа ўсё разбурана. Няма куды вяртацца”.

А сапраўды, і куды вяртаюцца былыя перасяленцы?

Паслухаем гомельскую сялянку Кацярыну Чачко. Калі здарылася аварыя, яна была перадавой даяркай у вёсцы Савічы Брагінскага раёну. Кажа, што начальства неўзабаве пасьля аварыі загадала вывезьці кароў й самім зьняцца са сталага месца жыхарства.

(Чачко: ) “Нас накіравалі ў бок Брагіна. Тады партыйныя білеты ва ўсіх былі. Дык мы, як дурніцы, у пылу й пяску доім малако, чакаем восень. Паабяцалі ж, што ўвосень заселімся ўсім калгасам. Прыждалі белыя мухі, а тады нам кажуць: “Хто куды!”. Слюнькоў прыяжджаў, дык дзеўкі з канторы на ім кашулю парвалі. І партыйныя білеты пакідалі. Там была натуральная вайна... Я вярнулася, а маёй хаты ўжо не было – вайскоўцы разьбілі, што будавала й гаравала. А цяпер жыву ў чужой...”

Па словах Кацярыны Чачко, зараз у вёсцы Савічы старое насельніцтва. Людзі аслабленыя радыяцыяй, часта хварэюць... Да таго ж ёсьць небясьпека нападу дзікіх зьвяроў.

(Чачко: ) “Я ішла днём у палове дванаццатай у краму. Воўк напаў ззаду. А тады лапамі стукнуў па галаве. Але я на яго тварам не азірнулася. Стаяла, нібыта Бог прымусіў. І моцна-моцна крычала. Ён у тую мінуту ад мяне адышоў і на іншую жанчыну напаў. А пасьля вечарам – пакусаў яшчэ аднаго хлопца”.

Кацярына Чачко кажа, што ваўкі прабіраюцца ў вёску з-за калючага дроту – ён мусіць адмяжоўваць тэрыторыю асабліва высокага радыяцыйнага забруджваньня, што пачынаецца адразу за дварамі. Зьвяры лапамі выграбаюць лазы. Пасьля людзі праз гэтыя ж самыя норы паўзуць у зону. Адны – каб сабраць там нейкія грыбы, ягады... А некаторыя – каб пасяліцца ў цалкам закінутых дамах. Паводле Камітэту па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, зараз у месцах адсяленьня працягваюць жыць каля 300 чалавек. Яшчэ 140 тысяч жыхароў налічваецца ў зонах з узроўнем радыяцыі ад 15 да 40 кюры.

(Субоціна: ) “Мы езьдзілі ў вёскі, дзе школы, садкі, людзі працуюць – яны ў зоне кантролю. Там шмат народу жыве. Хаця ім псыхалягічна цяжка, але, відаць, больш стабільна”.

Гаворыць сацыёляг з Унівэрсытэту эўрапейскіх дасьледаваньняў Ала Субоціна. Навуковец праводзіла анкетаваньня сярод так званых “самасёлаў” і, як выявілася, гэта пераважна людзі старэй за 60 гадоў, пэнсіянэры, былыя асуджаныя, адзінокія. Яны займаюць пустыя дамы, вядуць натуральную гаспадарку, забясьпечваюць сябе прадуктамі харчаваньня.

(Субоціна: ) “У Лукашэнкі там вялікі электарат. І ён ад іх не адступіцца, пэўна, будзе цягнуць. Але ж гэта бяздонная бочка, як я лічу. Як толькі перастануць уліваць грошы, то ўся прадукцыя ізноў будзе брудная. Значыць, і надалей давядзецца траціць велізарныя сродкі. Канечне, можна было б перасяліць людзей. Лукашэнка ж заяўляе: “Мы можам пракарміць 30 мільёнаў!” Дык можна было б трохі і пацясьніцца ў чыстых зонах”.

Паводле навукоўцаў, аднаўленьне гаспадарчай дзейнасьці ў радыяцыйных раёнах краіны пагражае здароўю ўсіх беларусаў. А вось меркаваньне пісьменьніка Васіля Якавенкі.

(Якавенка: ) “Я лічу вялікай недарэчнасьцю паварот назад, які “бласлаўлёны” зьверху. Што маем там сёньня? Узровень радыяцыі ў чарнобыльскіх вёсках падымаецца. Але там засяваюцца ўсё новыя плошчы. Як там не правяраюць прадукты, але яны патрапляюць на наш стол. Чаму, напрыклад, вучоныя ламалі галовы над праблемай Віцебскай вобласьці, дзе імкліва расла колькасьць ракавых захворваньняў? Я, мажліва, нават першым адказаў: туды завозяць (цяпер гэта абсалютна даказана) мяса з забруджаных раёнаў. Сёньня ўвогуле не аспрэчваецца, што радыяцыю расьцягнулі па ўсёй Беларусі”.

Васіль Якавенка ў апошнія 16 гадоў узначальвае грамадзкае аб”яднаньне “Беларускі сацыяльна-экалягічны саюз “Чарнобыль”. Ён – аўтар дакумэнтальных твораў й публікацыяў, перавыдадзеных ва многіх краінах сьвету. Якія думкі ў публіцыста выклікае набліжэньне 20-й гадавіну аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі й абвешчаныя ўрадавыя мерапрыемствы?

(Якавенка: ) “Прадчуваньне, што пасьля гэтага на чарнобыльскую праблему будуць глядзець, як на даўно мінулае. Кіраўнік, які цьвердзіць, што “радыяцыі ня трэба баяцца, там можна жыць і я, маўляў, зьежджу”, пойдзе ў гэтым накірунку надалей”.
XS
SM
MD
LG