Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргей Ляшкевіч перавезены ў Шчучынскі ізалятар


Міхал Карневіч, Горадня Апазыцыйнага актывіста Сяргея Ляшкевіча з гарадзенскай турмы вярнулі ў шчучынскі сьледчы ізалятар. Сьледчы Іван Новікаў, які вядзе справу, паведаміў, што ў Шчучыне зь Сяргеем Ляшкевічам будуць праводзіць сьледчыя дзеяньні. Ён таксама зазначыў, што да канца месяца сьледзтва павінна закончыцца. Сяргея Ляшкевіча вінавацяць у падрыхтоўцы да тэрактаў. Сёньня ён ужо 38-я суткі за кратамі.

Іван Новікаў катэгарычна адмовіўся размаўляць, калі я дастаў дыктафон. Паведаміў толькі, што сьледзтва абавязкова скончыцца да канца месяца. Ён нават не згадаў пра тое, што Сяргея Ляшкевіча сёньня з гарадзенскай турмы прывязуць у шчучынскі сьледчы ізалятар. Пазьней я пра гэта даведаўся ад маці Ляшкевіча Ірыны Браніславаўны.

Маці Ляшкевіча вельмі хвалюецца. Яна сказала, што ня верыць нікому і лічыць, што справу супраць сына сфабрыкавалі. Яна апавяла, што выгадавала яго сьціплым чалавекам, які добра вучыўся ў школе, а затым скончыў аграрны ўнівэрсытэт. Добра ставілася да таго, што Сяргей удзельнічаў у палітычным жыцьці, лічыць гэта сур’ёзным заняткам.

Такой жа думкі пра Сяргея Ляшкевіча і ягоныя сябры, зь якімі ён удзельнічаў у выбарчай кампаніі. Васіль Бязьмен, лекар шчучынскага шпіталю, быў разам зь Ляшкевічам у ініцыятыўнай групе Мілінкевіча:

(Бязьмен: ) “Я думаю, што справа абсурдная і надуманая, паколькі я ведаю Сяргея Ляшкевіча як спакойнага ўраўнаважанага хлопца, разумнага, талковага. Мне здаецца, што ён чалавек, які не прымае авантураў у палітыцы”.

Генадзь Кіенка, старэйшы сябра Ляшкевіча, упэўнены, што найбольшыя выпрабаваньні выпалі пасьля гэтай выбарчай кампаніі якраз Сяргею:

(Кіенка: ) “Мне здаецца, што ён цалкам сфармаваны малады чалавек і павінен адпаведна ўсё гэта ўспрыняць”.

Хаця сябры Сяргея Ляшкевіча пэўныя, што справа надуманая, прадказаць, чым усё гэта скончыцца, не бярэцца ніхто. Кажа Васіль Бязьмен:

(Бязьмен: ) “Цяпер я баюся рабіць прагнозы. Раней мне здавалася, што ўсе ўбачаць гэты абсурд і стане сорамна. Відаць жа, што нічога тут не было, не рыхтавалася, што няма ніякіх доказаў падрыхтоўкі да тэрарызму і наагул. Але цяпер, калі я ні за што адседзеў 10 сутак, я баюся рабіць нейкія прагнозы”.

Сяргея Ляшкевіча вінавацяць у крымінальнай справе па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках). Сяргей Ляшкевіч нарадзіўся ў 1978 годзе, з адукацыі — аграном. З 1997 — сябар Партыі БНФ. Удзельнічаў у выбарах у парлямэнт у 2004-м у складзе ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча.

Крымінальная справа на яго заведзеная ў Шчучыне на падставе прызнаньня нейкага Аляксандра Бурдзея, які зьявіўся ў міліцыю з павіннай. Аляксандар Бурдзей нібыта прызнаўся міліцыі, што Сяргей Ляшкевіч рыхтаваў яго да тэрарыстычнай дзейнасьці. У той жа дзень у Сяргея Ляшкевіча зрабілі ператрус, сканфіскавалі кампутар, архіўныя паперы, а потым затрымалі. Дарэчы, 3 сакавіка Бурдзей быў асуджаны Шчучынскім раённым судом за крадзеж будматэрыялаў на два з паловай гады абмежаваньня волі.
XS
SM
MD
LG