Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зімоўскага і Праляскоўскага не пусьцілі на Кубу (абноўлены)


Радыё Свабода Самалёт прэм’ера Беларусі Сяргея Сідорскага паляцеў на Кубу без кіраўніка дзяржаўнага тэлебачаньня Аляксандра Зімоўскага і прэзыдэнцкага памочніка Алега Праляскоўскага, якія ўваходзяць у сьпіс неўязных у Эўропу, Канаду і ЗША. Прычынай нявылету стала пазыцыя Канады, якая адмовілася прымаць беларускі ўрадавы самалёт для дазапраўкі, калі спадары Зімоўскі і Праляскоўскі будуць знаходзіцца на борце самалёта.

Раніцай 20 красавіка затрымалі адлёт зь Менску ўрадавага самалёта, якім на Кубу выпраўлялася беларуская дэлегацыя на чале з прэм’ерам Сяргеем Сідорскім. У дэлегацыі былі дырэктары буйных прадпрыемстваў Беларусі, а таксама высокапастаўленыя чыноўнікі, сярод іх памочнік прэзыдэнта Алег Праляскоўскі й старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі. Плянавалі спыніцца для дазапраўкі ў Ісьляндыі й Канадзе.

Паводле афіцыйных крыніцаў, Ісьляндыя дала дазвол на пасадку, але Канада прымаць на сваёй тэрыторыі беларускі ўрадавы самалёт адмовілася. Як паведамляе “Інтэрфакс”, праз гадзіну самалёт вылецеў у Гавану, але без спадароў Зімоўскага й Праляскоўскага.

Чаму ўрад Канады адмовіўся прымаць гэтых асобаў? 20 красавіка амбасадар Беларусі ў Канадзе Ніна Мазай паведаміла журналісту “Інтэрфаксу”: “Канадзкі бок даў дазвол на пралёт самалёта ў паветранай прасторы Канады, але адмовіў у тэхнічнай пасадцы рэйсу”. Паводле Ніны Мазай, гэтага рашэньня канадзкі бок ніяк не камэнтаваў.

Нагадаем, што Зімоўскі й Праляскоўскі ўваходзяць у сьпіс з 31 асобы, якім за актыўны ўдзел у фальсыфікацыі мінулых выбараў забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Да забароны далучыліся ЗША і Канада.

Назіральнікі не выключаюць таксама, што на пазыцыю канадзкага ўраду адносна беларускага самалёта магла паўплываць нядаўняя гісторыя з арыштам у Менску канадзкага журналіста Фрэдэрыка Лявуа. Яго затрымалі падчас выбараў і асудзілі на 15 сутак. Вядома, што канадзкі бок адмыслова зьвяртаўся да беларускага кіраўніцтва з просьбай вызваліць журналіста датэрмінова, але просьбы не задаволілі. Міністар замежных справаў Канады Пітэр Макей заявіў, што Канада абмяжуе афіцыйныя стасункі зь Беларусьсю.

Мяркуючы па камэнтары прэсавай службы Міністэрства замежных справаў Беларусі, там інцыдэнту з урадавым самалётам не надаюць вялікай увагі. Кажа прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “Мы зыходзім з таго, што дэлегацыя вылецела на Кубу ў дастатковым складзе, каб выканаць ускладзеныя на яе задачы. У хуткім часе афіцыйная дэлегацыя пачне працаваць. Вось і ўсё”.

Атрымаць камэнтары ад Аляксандра Зімоўскага і Алега Праляскоўскага наконт іхнага нявылету на Кубу не ўдалося. У Белтэлерадыёкампаніі паведамілі, што іх кіраўнік у адпачынку.

У прыёмным пакоі ідэалягічнай управы адміністрацыі прэзыдэнта, якой кіруе Алег Праляскоўскі, сказалі, што ён у камандзіроўцы і на працу выйдзе не раней за аўторак. Да 16 гадзінаў дня на працы Алега Праляскоўскага не было, паведаміла ягоная сакратарка.

Гэта ня першы выпадак, калі з-за забароны ўезду ў краіны Эўропы, ЗША і Канаду сарваліся замежныя візыты высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. У 2004 годзе на Алімпійскія гульні ў Афіны не пусьцілі тагачаснага міністра спорту Юр’я Сівакова, які ўваходзіць у сьпіс асобаў, падазраваных у датычнасьці да палітычных зьнікненьняў у Беларусі.

***

Канадзкія ўлады патлумачылі, што лічаць нежаданым уезд на сваю тэрыторыю высокіх беларускіх чыноўнікаў ў сувязі з палітычнай сытуацыяй у Беларусі. Пра гэта перадала агенцтва “Інтэрфакс” са спасылкай на прэсавага сакратара пасольства Канады ў Расеі Мэцью Маера.

“Нядаўнія падзеі ў Беларусі выклікалі сур’ёзную занепакоенасьць ва ўсёй міжнароднай супольнасьці адносна цяперашняга беларускага рэжыму,” – цытуе агенцтва канадзкага дыплямата.
XS
SM
MD
LG