Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НІСЭПД падлічыў, што за Лукашэнку галасавала 63% (абноўлены)


Радыё Свабода Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў прадставіў вынікі чарговага нацыянальнага апытаньня грамадзкай думкі, якое ладзілі з 27 сакавіка да 6 красавіка. Згодна зь імі, за Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах прагаласавалі 63 працэнты выбарнікаў, за Аляксандра Мілінкевіча — крыху больш за 20 працэнтаў, і за Аляксандра Казуліна — амаль 5 працэнтаў.

Група прафэсара Манаева робіць выснову, што на карысьць дзейнага прэзыдэнта быў “пераразьмеркаваны” 1 мільён 200 тысяч галасоў выбарнікаў (гэта каля 20 працэнтаў). Гэта вынікае з параўнаньня вынікаў апытаньня і афіцыйных зьвестак Цэнтравыбаркаму. Колькасьць галасоў, што падалі за Аляксандра Казуліна, паменшылі больш як удвая, а за Мілінкевіча — больш як утрая.

Нагадаю, што паводле Цэнтравыбаркаму за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 83 працэнты выбарнікаў.

Вынікі апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў сьведчаць пра тое, што за Лукашэнку аддалі свае галасы 63 працэнты ад тых, хто прагаласаваў. А калі б выбары адбыліся зноў, то за яго прагаласавалі б 60 працэнтаў выбарнікаў.

(Манаеў: ) “Афіцыйныя і рэальныя зьвесткі пра датэрміновае галасаваньне заўважна разыходзяцца. Зьвесткі Ярмошынай — 31%, у нас — 25%. Аднак цьверджаньне апазыцыі пра масава-прымусовы характар датэрміновага галасаваньня не адпавядае рэальнасьці. Пра гэта заявілі менш за 17 працэнтаў з тых, хто галасаваў датэрмінова. 83 працэнты сказалі, што зрабілі гэта з уласнай ініцыятывы”.

Прафэсар Алег Манаеў зьвяртае ўвагу на тое, што вынікі апытаньняў грамадзкай думкі, праведзеныя ў лютым напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і па завяршэньні акцыяў пратэсту пасьля выбараў, істотна не адрозьніваюцца.

Адметна, што нягледзячы на тое, што амаль дзьве траціны выбарнікаў глядзелі тэлевыступы кандыдатаў на прэзыдэнта, яны істотна не паўплывалі на іхны выбар.

Кіраўнік зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў зьвяртае ўвагу на тое, што нават ва ўмовах, калі амаль 58 працэнтаў выбарнікаў палічылі вынікі выбараў “свабоднымі й справядлівымі”, каля 40 працэнтаў зь іх з улікам тых, хто не галасаваў (а гэта 2 мільёны 750 тысяч чалавек), не падтрымалі прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку.

(Манаеў: ) “Галоўным фактарам росту незадаволенасьці ў грамадзтве зьяўляецца ня столькі апазыцыя і вонкавыя сілы, колькі дзейнасьць саміх беларускіх уладаў. Толькі за год колькасьць пакрыўджаных на органы ўлады павялічылася больш як на траціну і склала 36,5%. Сацыяльная база для пераменаў, безумоўна, ёсьць. Аднак гатовасьці беларускага грамадзтва да пераменаў ня трэба ні недаацэньваць (што робіць улада), ні пераацэньваць (чым грашыць апазыцыя)”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG