Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што думаюць гарадзенцы пра прымусовыя каяньні студэнтаў?


Радыё Свабода Некаторых сталічных студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў менскіх акцыях пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, цяпер прымушаюць публічна пакаяцца. Як ставяцца да гэтага жыхары Горадні?

(Маладзён: ) “Я думаю, што такога ўвогуле не павінна быць, таму што людзі выказвалі сваё меркаваньне, а да кожнага меркаваньня трэба прыслухацца, інакш у нашым грамадзтве нічога не атрымаецца”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што мы жывем у свабоднай дэмакратычнай краіне, дзе кожны чалавек мае права на свой голас, на сваё меркаваньне, і кожны яго выказвае — так, як хоча. Яны яго выказалі такім чынам, і ў гэтым іх вінаваціць ня варта. А тое, што зь імі такое ўчынілі, гэта няправільна. Гэта папросту запалохваньне людзей, каб ніхто больш не наважыўся”.

(Хлопец: ) “Я мяркую, што сытуацыя ўвогуле дайшла да крытычнага пункту, бо нашыя ўлады зусім ня ведаюць, што яны робяць. Гэтыя студэнты зрабілі правільна, што выйшлі на пратэст, я таксама хацеў туды патрапіць, але ня змог. А тое, што яны цяпер павінны каяцца, гэта глупства, таму што яны нічога дрэннага не зрабілі. Гэты мітынг меў быць санкцыянаваным, проста ніхто б гэтай санкцыі ня даў, бо нашыя ўлады супраць таго, каб іх зьнялі. Гэта ўлады павінны яшчэ каяцца за тое, што кінулі гэтых студэнтаў за краты, а потым яшчэ да іх так ставяцца цяпер”.

(Студэнтка: ) “Мне здаецца, правільна, што іх прымушаюць каяцца”.

(Спадарыня: ) “З гледзішча псыхалягічнага, гэта непрыгожа, мне здаецца, і неправамоцна — вывесьці іх, каб яны каяліся ў прысутнасьці ўсіх, гэта нейкае глупства папросту”.

(Дзяўчына: ) “Канечне, гэта няправільна. Калі мы лічымся дэмакратычнай дзяржавай, дык гэта недапушчальна. У нас у кожнага ёсьць права выбару, права свабоды дзеяньняў, права свабоды думак, а нас прымушаюць свае думкі зьмяняць на публіцы, як кажуць, і гаварыць няпраўду”.

(Спадар: ) “Ну, я думаю, што гэта няправільна — прымушаць каяцца. Кожны мае свой выбар, хто як можа, той так і змагаецца за сваю свабоду. Але ў нас у краіне сапраўдная дыктатура”.

(Студэнтка-завочніца: ) “А я лічу, што такога ўвогуле быць ня можа, у тым сэнсе, што я не ўяўляю, каб іх прымушалі каяцца, папросту ня веру ў гэта”.

(Спадарыня: ) “Я ведаю, што ня ўсе студэнты пайшлі на тую дэманстрацыю з намерам бараніць сваю свабоду. Шчыра кажучы, некаторыя, напэўна, якраз хацелі таго дасягнуць, каб іх выключылі, і яны змаглі б вучыцца за мяжою. А ўвогуле нічога добрага тут няма, бо для многіх людзей, якія на самай справе адчайна зрабілі гэты крок — паехалі ў Менск і гэтак далей, прымус пакаяцца — гэта, безумоўна, абраза”.

(Яе сяброўка: ) “Вернікі могуць маліцца ў такой сытуацыі, і ня нам казаць — хто зрабіў кепска, а хто зрабіў добра”.

Гл.таксама • У БДЭУ адбыліся яшчэ два "таварыскія" сходы • Дэкан БДЭУ патрабаваў публічнага пакаяньня студэнткі • Экс-прарэктар БДУ: "Гэта не пэдагогі, а прыслужнікі!" • А.Казулін асудзіў дзеяньні рэктара БДЭУ Шымава • Былая намесьніца міністра адукацыі, прарэктар ЭГУ: "Калі ўнівэрсытэт становіцца такім, то ў краіны няма будучыні" • Якая практыка публічных пакаяньняў у Беларусі?
XS
SM
MD
LG