Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БНТУ затрыманыя дзяўчыны, якія расклейвалі рэзалюцыю Эўразьвязу


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі аховы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту затрымалі актывістак незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” Натальлю Вушко і Алену Корпач. Дзяўчаты расклейвалі налепкі са зьместам рэзалюцыі Эўразьвязу датычна Ўладзімера Навумава, Зьмітра Паўлічэнкі, Віктара Шэймана і Юр’я Сівакова. Наша карэспандэнтка зьвязалася зь дзяўчатамі, калі тыя знаходзіліся ў пакоі ахоўнікаў.

Натальля Вушко і Алена Корпач распавялі, што клеілі налепкі на праспэкце Незалежнасьці (Францішка Скарыны). Ахоўнік БНТУ Юры Ануфрыеў убачыў іх з акна. Дзяўчаты паведамілі, што іх затрымалі вельмі груба. Натальлю і Алену зачынілі ў пакоі аховы. Я патэлефанавала на мабільны тэлефон Алены Корпач, каб яна распавяла пра тое, што здарылася.

Дзяўчаты сказалі, што ахоўнік вельмі раздражняўся, чуючы іхную беларускую гаворку.

(Корпач: ) “Мы цяпер сядзім у кабінэце… Гэта ахова ўнівэрсытэту. Мы клеілі налепкі на праспэкце. Ішлі й клеілі”.

(Ануфрыеў: ) “Размаўляць, як я, на сваёй роднай мове! Я на сваёй роднай мове размаўляю”.

(Вушко: ) “Ну так што ж вы тут робіце?”

Юры Ануфрыеў намагаўся забраць у дзяўчат мабільныя тэлефоны. Ён выклікаў міліцыю і пагражаў дзяўчатам, што ў іх будуць вялікія праблемы.

(Ануфрыеў: ) “Вы свабоду захацелі?! Я вам пакажу, якая ў вас будзе свабода! Я на вас напішу заяву за парушэньне грамадзкага парадку”.

(Корпач: ) “Ня вы будзеце пісаць, а міліцыя”.

(Ануфрыеў: ) “Я буду пісаць на вас!”

Дзяўчат ужо затрымлівалі падчас выбарчай кампаніі за распаўсюд агітацыйных матэрыялаў. Натальля Вушко вучыцца ў БДУ. Там жа вучылася і Алена Корпач, пакуль яе ня выключылі.

За апошнія суткі супрацоўнікі Партызанскага, Цэнтральнага і Ленінскага ўпраўленьняў міліцыі затрымалі сямёх актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Зубр” за расклейваньне налепак.

Ва ўсіх выпадках міліцыянты перапісалі ў затрыманых пашпартныя зьвесткі. Яны пагражалі студэнтам, што дашлюць паведамленьні ў дэканаты.
XS
SM
MD
LG