Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Домабудаўнічы камбінат судзіцца з газэтай “Віцебскі кур’ер”


Радыё Свабода У Віцебскім гаспадарчым судзе сёньня распачаўся разгляд пазову “Аб абароне дзелавой рэпутацыі” — дзяржаўнае прадпрыемства патрабуе прыцягнуць да адказнасьці недзяржаўную газэту за артыкул “Дыктатуры ўлады”.

Юрысконсульт віцебскага домабудаўнічага камбінату Андрэй Нізоў сказаў прысутным на судзе журналістам, што ўсе прэтэнзіі прадпрыемства да газэты выкладзеныя ў пазоўнай заяве, і іншых камэнтароў ён ня мае.

У пазове паведамляецца, што 21 сакавіка “Віцебскі кур’ер” надрукаваў артыкул карэспандэнткі Тацяны Чабатаровай, якая сьцьвярджала, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў на прадпрыемстве выдалі адмысловы загад №153, дзе кіраўнікам розных службаў непасрэдна дырэктар Анатоль Стрык даваў “указаньні весьці агітацыйную прапаганду” за “мэтазгоднасьць датэрміновага галасаваньня і аказаньня падтрымкі дзейнаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку”.

Юрысконсульт Андрэй Нізоў настойвае, што падобнага загаду ніколі не існавала, а ў кнізе загадаў пад №153 падшыты іншы дакумэнт — “Пра прызначэньне адказных за бясьпечную эксплюатацыю газавых установак”, і таму газэта, надрукаваўшы “паклёп на кіроўныя органы і дзеяньні канкрэтных асобаў”, нанесла “страты дзелавой рэпутацыі аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў будаўнічай галіны”. Сам артыкул “Дыктатура ўлады” ў пазове названы “правакацыяй, якая не ўдалася”.

Афіцыйных прадстаўнікоў выдавецкага дому “Віцебскі кур’ер” на сёньняшнім судовым паседжаньні не было, зьявілася толькі аўтарка артыкулу Тацяна Чабатарова. Яна распавяла пра тое, якім чынам ёй сталі вядомыя факты, выкладзеныя ў артыкуле.

(Чабатарова: ) “15 або 16 сакавіка мне патэлефанаваў чалавек, які працуе на віцебскім ДБК і прапанаваў прынесьці загад дырэктара наконт правядзеньня выбараў. Я лічу вялікай журналісцкай удачай, што гэты чалавек узяў на сябе грамадзянскую сьмеласьць аднесьці такі загад да журналістаў! Прадпрыемства вінаваціць мяне ў тым, што я не праверыла сапраўднасьці атрыманай інфармацыі, але досьвед працы ў недзяржаўнай газэце выразна паказвае, што чыноўнікі ніколі ў жыцьці не пацьвердзяць падобных фактаў!”

Тацяна Чабатарова гаворыць, што ня можа назваць імя чалавека, які прынёс ёй ксэракопію загаду. Але калі адміністрацыя ня будзе чыніць перашкодаў у правядзеньні на прадпрыемстве журналісцкага расьсьледаваньня, яна спадзяецца знайсьці дастаткова сьведкаў, што бачылі зьніклы загад №153. Тым больш, што супрацоўнікі ДБК ня толькі зьвярнуліся ў “Віцебскі кур’ер”, але й зьмясьцілі копію загаду ў Інтэрнэце (http://www.belnews.info/2006/03/17/zagad_pa_vtsebskamu_dsk)

Разгляд пазову прадпрыемства да газэты “Віцебскі кур’ер” будзе працягнуты 5 траўня.
XS
SM
MD
LG