Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начны госьць” Свабоды – Аляксандар Мілінкевіч – поўны тэкст гутаркі


Аляксандар Уліцёнак, Менск У панядзелак 10 красавіка экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч адказваў на званкі слухачоў, пытаньні дасланыя праз СМС і электронную пошту.

Бязь зьменаў у палітыцы няма пераменаў і ў эканоміцы

(Сачкоў: ) “Добры вечар! Інвалід Чарнобыля другой групы Міхаіл Сачкоў. Гэта ўжо дваццатая гадавіна аварыі, а ў нас усё горш і горш робіцца. Улады наадварот заяўляюць – усё добра нібыта... У зман людзей уводзяць. Таму надзея толькі на вас!”

(Мілінкевіч: ) “Дзякуй... Ці пойдзеце вы на “Чарнобыльскі шлях?”

(Сачкоў: ) “Абавязкова. А вы?”

(Мілінкевіч: ) “У першых шэрагах... Будзем поплеч, запрашайце сяброў сваіх!”

(Павал, Менск: ) “Шаноўны Аляксандар Уладзімеравіч, вечар добры. Як Вы ставіцеся да ідэі ўсеагульнай забастоўкі ў Беларусі? Ці робіцца нешта ў гэтым накірунку? З павагай, Павал, Менск”

(Мілінкевіч: ) “Канечне, гэта была б выдатная падтрымка дэмакратычнага руху, але пакуль рабочы кляс ня так актыўна ўдзельнічае ў ім.

Многа трэба працаваць, многа трэба тлумачыць. Нават прадпрымальнікі, якія ў асноўным на нашым баку, і разумеюць, што іх зьнішчаюць, – нават яны кажуць: “Мы будзем вылучаць толькі эканамічныя патрабаваньні, а ў палітыку ня станем умешвацца”. Вось і атрымліваецца: многа трэба зрабіць, каб людзі ўсьвядомілі – бязь зьменаў у палітыцы ня будзе й ніякіх іншых зьменаў”.

(Сяржук, Шаркоўшчына: ) “Ці будуць прымацца дзейсныя захады супраць кантрактнай сыстэмы?”

(Мілінкевіч: ) “Мы плянуем акцыю, і распачнём яе 1 Мая – збор подпісаў супраць кантрактнай сыстэмы. Вэртыкаль яе бароніць, бо на гэтым стаіць увесь страх. Менавіта на ім улада трымаецца, а не на супрацоўніцтве. Таму й будзем змагацца за адмену кантрактаў. Хоць, мяркую, даб''ёмся гэтага, толькі як прыйдзем да ўлады”.

Галоўнае сёньня – не згубіць тых, хто адчуў дух Плошчы

(Алег Кракасевіч: ) “Калі будзе распрацаваная тактыка супраціву рэжыму, дзе знойдзецца месца для кожнага, хто гатовы змагацца за свабоду?”

(Мілінкевіч: ) “Мы працуем над стратэгіяй, і яна будзе агалошаная бліжэйшым часам. Гэта вельмі сур’ёзная праца”.

(Пуздроў Юры Аляксандравіч: ) “Што мусяць рабіць сёньня прыхільнікі пераменаў?”

(Мілінкевіч: ) “Для нас адно з самых галоўных – не згубіць новых людзей, якія прыйшлі ў дэмакратычны рух падчас выбараў і зрабіць усё магчымае, каб яны змагаліся побач з намі. Каб яны адчувалі, што яны патрэбныя.

Канечне, галоўным стане распаўсюд інфармацыі, самай разнастайнай. Гэта будзе змаганьне за розум і мэнталітэт людзей. Гэта будзе пазбаўленьне іх страху. Гэта будзе барацьба за справядлівыя выбары. І мы ведаем, як тое можна рабіць нават ва ўмовах дыктатуры”.

(Жэрдзеў, Гомель: ) “Спадар Мілінкевіч, вы былі вельмі актыўнымі у кантактах зь беларусамі да выбараў. Зараз кампанія скончылася – і вы ўжо вельмі далёка ад Беларусі. Мусіць, тут у вас няма праблемаў?

Нават футбалісты праводзяць разбор палётаў пасьля сканчэньня гульні. Няўжо ня трэба кааліцыі дэмакратычных сілаў заняцца тым самым пасьля выбараў? Спачатку па абласьцях, а потым наладзіць канфэрэнцыю па Беларусі”.

(Мілінкевіч: ) “Менавіта сёньня разам зь лідэрамі абласных штабоў мы аналізавалі кампанію. Абавязкова праеду ў траўні па абласьцях, буду сустракацца зь мясцовым актывам”.

(Анастас Семяновіч: ) “Добры вечар, што вы думаеце наконт ценявога ўраду, ці трэба яго ў дадзены момант ствараць?”

(Мілінкевіч: ) “Ценявы ўрад нам сёньня не патрэбен. Але група экспэртаў, якая распрацуе праграму сацыяльна-эканамічных пераўтварэньняў – дакладную, на кожны дзень: што мы мусім зрабіць за першыя сто дзён, за другія сто дзён, – вось такое павінна быць. І яно ўжо ў большасьці падрыхтаванае”.

(Спадарыня, Магілеў: ) “Вітаю з Магілёву! Ва ўсіх цывілізаваных краінах пры нязгодзе з падлікам галасоў праводзяць пералік бюлетэняў. А вы, як падалося, неяк ціха аддалі перамогу Лукашэнку... Гэта няправільна, бо мы душой хварэлі за тых, хто на Плошчы!”

(Мілінкевіч: ) “Мы хочам сабраць сотні тысячаў подпісаў па ўсёй краіне пад зьмену выбарчага кодэксу. Бо ён безнадзейны, такога больш нідзе няма. Вы памыляецеся: нічога мы не аддалі дужа лёгка... Напісалі заявы спачатку ў Цэнтрвыбаркам. Потым у Вярхоўны суд – гэта велізарны дакумэнт! Аднак, канечне, ніхто не зрэагаваў на яго. Мы выканалі свой маральны абавязак, а іх справа – хлусіць, хлусіць і хлусіць...”

(Спадарыня: ) “Колькі мы яшчэ будзем жыць без нармалёвага прэзыдэнта?”

(Мілінкевіч: ) “Мала ім засталося. Пяць гадоў не пратрымаюцца... Даю ім два гады – ня больш”.

(Спадарыня: ) “Вашыя словы ды Богу ў вушы...”

Па шчырасьці, ніхто дужа ня цягне Беларусь у Эўразьвяз

(Спадар: ) “Вы ж самі разумееце, што ўсё залежыць ад Расеі й ад Пуціна... Што выбралі Лукашэнку ня мы, а Пуцін. Ці ёсьць нейкія рычагі ціску на яго? Альбо зноў усё абмяжуецца агульнымі дэклярацыямі?”

(Мілінкевіч: ) “Перш за ўсё нашая справа залежыць ад нас. З Расеяй ня проста ўсталяваць кантакт. Але мы разбуралі галоўны міт, які стварыў сам Лукашэнка ў Маскве: нібыта калі ня ён будзе кіраваць, то прыйдуць нацыяналісты, фашысты...

Мы заўсёды падкрэсьліваем: Расея для нас – стратэгічны партнэр. Падкрэсьліваем яшчэ адно: ёй выгадна мець апазыцыю беларускай уладзе. Таму што мы больш прадказальныя, больш сур’ёзныя палітыкі... І з намі ня будзе столькі скандалаў, колькі яна мае з Лукашэнкам.

Патрэбен час. І ў Маскве з часам зразумеюць, што пэрспэктыва за нашым рухам”.

(Спадарыня, Полацак: ) “З Полацку турбуюць. Ці не атрымліваецца, што Эўропа хоча нас як бы да сябе, і адначасова Расея прэтэндуе – ці не атрымаецца тут нейкага раздраю?”

(Мілінкевіч: ) “Мы будзем там, дзе мы ёсьць. Будзем у Беларусі. Ніхто так, шчыра кажучы, на захадзе нас і ня цягне ў гэты Эўразьвяз. Нам яшчэ трэба многа зрабіць: магчыма толькі наступныя пакаленьні змогуць увайсьці туды. Там свае плюсы і мінусы, але першых больш. Што да Расеі, то лічу, толькі дурань будзе сварыцца зь ёй...

Я за тое, каб Беларусь была надзейным мостам паміж захадам і ўсходам. І калі мы будзем такім, а не прахадным, выбачайце, дваром, усё наладзіцца. Ведаеце, ёсьць выдатная прымаўка: разумны чалавек шукае сяброў, а дурань стварае ворагаў”.

(Спадарыня: ) “І я згадаю нешта падобнае: лепш запаліць адзін маленькі агеньчык, чым праклінаць цемру тысячу разоў...”

З вамі – Бог. А зь імі хто?..

(Алесь Белы, Менск) “Шаноўны Аляксандар Уладзімеравіч,

На плошчы Вы шмат разоў у сваіх закліках згадвалі: «З намі Маці Божая». Але ніводнага разу не рашыліся сказаць: «З намі Бог!». У чым прычына? Вы не да канца ўпэўненыя ў сваёй рацыі? Або Вашая справа сапраўды знаходзіцца на такой стадыі, калі Маці Божая ўжо з Вамі, а Бог – яшчэ не? Што ўвогуле для Вас азначаюць словы «Бог», «Маці Божая»? Ува што Вы верыце?”

(Мілінкевіч: ) “Веруючым я стаў ужо ва ўзросьце. І калі кажу, што з намі Маці Божая, то лічу, што менавіта яна апякунка Беларусі. Безумоўна, калі Маці Божая з намі, таксама разам з намі у гэтай сьвятой барацьбе і ейны сын”.

(Бялькевіч, Салігорск: ) “Бялькевіч з Салігорску турбуе. Ці лічыце вы праўдападобным, што Лукашэнка пабудуе крэматорыі?”

(Мілінкевіч: ) “Ня веру я ў гэта. Так, улада, безумоўна, рэпрэсіўная. Але да таго, пра што вы гаворыце, ня дойдзе. Як не дайшло да абяцаных ёю расстрэлаў. Ня хопіць у іх на гэта мужнасьці. І нахабства ня хопіць. Хаця ўлада цынічная... Уладзе гэтай нядоўга засталося. Ну хай яны нас палохаюць тэрактамі, хай пагражаюць пасадзіць у турму, нават пагражаюць тымі ж крэматорыямі – але ня верым мы ва ўсё гэта! Не пякельная – сьветлая будучыня ў Беларусі, паверце мне!”

Моладзь – добра! А як вэтэраны, дык двайная цана той падтрымцы...

(Спадарыня: ) “Добры вечар. Гэта ваша прыхільніца, ужо ў гадах. І мне крыўдна чуць, як гавораць, што пэнсіянэры выбралі гэтага... Самі ведаеце, каго! Дык мы ж не выбіралі! Баюся, што магу не дажыць, пакуль ён сыдзе...”

(Мілінкевіч: ) “Вы дажывяце абавязкова, бо ім нядоўга засталося кіраваць краінай. Ім здаецца, што яны выйгралі выбары, а насамрэч – з трэскам прайгралі. Бо яны хлусілі, яны людзей крыўдзілі, яны людзей рэпрэсіравалі. І многія нават з тых, хто ім раней верылі, сёньня ўжо ня вераць”.

(Спадарыня: ) “Я хворай была, пасьля апэрацыі, а пайшла на мітынг...”

(Мілінкевіч: ) “І дзякуй вам за гэта. Бо кожны чалавек, які прыходзіць падтрымаць нас, асабліва калі грамаду палохаюць, вельмі важны. А скажыце, як ставяцца да ўсяго вашыя суседзі зь ліку старэйшых людзей?”

(Спадарыня: ) “Кожны па-свойму. Ёсьць былыя партыйцы, што й дзьверы ня хочуць адчыняць...”

(Мілінкевіч: ) “Многія замбаваныя – шкада, што яны ня маюць праўдзівай інфармацыі. Але я іх не вінавачу. Каб быў выбар на тэлеканалах, большасьць зь іх таксама пайшла б з намі.

Калі мяне падтрымлівае моладзь, тое падаецца натуральным. А як старэйшыя, то ў гэтай падтрымкі ўжо падвоеная цана... Вельмі-вельмі ўдзячны вам”.

(Спадарыня: ) “Я з 37-га году, таму ўжо нічога не баюся...”

Ад Афінаў да Магілёву з прыпынкамі ў Бабруйску і Баранавічах

(Спадар: ) “Ці будзе Паліна Смолава ўдзельнічаць у “Эўрабачаньні-2006”? Лукашыстам ня месца ў свабоднай Эўропе!”

(Мілінкевіч: ) “Гэта, калі не памыляюся, сьпявачка?”

(Спадарыня: ) “Я праслухала паведамленьне расейскай вэрсіі “Свабоды” аб тым, што Мілінкевіч патрабуе ад Эўразьвязу скласьці сьпісы артыстаў, якія падтрымлівалі Лукашэнку ў выбарчую кампанію і забараніць ім уезд у краіны ЭЗ, у тым ліку і расейскіх сьпевакоў. Гэта ж палітычны маразам! Спадар нясклаўшыся прэзыдэнт ад злосьці за сваё палітычнае банкруцтва згубіў розум...”

(Мілінкевіч: ) “Ні разу я пра артыстаў не казаў. Хаця мне здаецца, што многім сьпевакам павінна быць сорамна, калі яны ўдзельнічалі ў такой маразматычнай акцыі пад назвай “За Беларусь!”

Усё ж такі яны ня дзеці – дарослыя людзі. І разумеюць, што гэта вядзе да прапаганды дыктатуры, бо ведаюць, што ў нас за краіна. Яны выдатна ведаюць, што гэта цынічная акцыя ў падтрымку вядома каго... Выкажуся грубымі, словамі, якіх дужа не люблю: гэта такая культурніцкая прастытуцыя... Яны мусяць усё ж з павагай да сябе ставіцца. А наконт санкцый да артыстаў я ніколі не казаў”.

(Студэнт: ) “Ужо некалькі месяцаў ходзяць чуткі пра прызначэньне Віктара Лукашэнкі мэрам Бабруйску, нашага гораду. Гэта вельмі падобна на рыхтаваньне зьмены. І яшчэ: ці будзеце вы самі ўдзельнічаць у выбарах 2011 году?”

(Мілінкевіч: ) “Відавочна, што Лукашэнку-старэйшаму падабаюцца варыянты кшталту тых, што адбыліся, напрыклад, у Азербайджане. Я ня веру, што ў нас рэалізуецца такі сцэнар.

І я ня веру, што нам давядзецца чакаць 2011 год. Хоць вы мяне забіце! Лічу, ім засталося ня больш за два гады. Мы павінны зрабіць, каб праз год іх не было... Улада хістаецца, яна няўпэўненая, у ёй у самой раскол. Ёсьць маса відавочных момантаў – хоць бы прыгадаць, як пры пустых вуліцах праходзіла інаўгурацыя. Таму, ведаеце, яны слабеюць, а мы ўсё больш моцныя”.

(Студэнт: ) “Я з Баранавічаў, мяне ледзь-ледзь ня выключылі з “унівэру” за ўдзел у акцыях...”

(Мілінкевіч: ) “На маім сайце milinkevich.org ужо ёсьць інфармацыя, што для выключаных з унівэрсытэтаў ёсьць шырокая праграма падтрымкі. Будуць месцы вучобы ў Польшчы, у Літве, а таксама, спадзяюся, у Чэхіі, Славакіі і Ўкраіне. Кожнага чалавека забясьпечым новым месцам навучаньня, ня кінем ніводнага. Для нас гэта прынцыповае пытаньне зараз”.

(Спадар: ) “Ці дасьце вы Магілёву званьне “Горад-герой”?

(Мілінкевіч: ) “Адразу пытаньне: а за што? Мо аўтар меў на ўвазе, што Магілёўшчына нарадзіла Аляксандра Лукашэнку? Ну а калі размова пра сорак першы год, то...

Людзей трэба ўзнагароджваць, а не гарады. Гэта людзям трэба даваць ордэны, мэдалі, што яны баранілі нас ад фашызму. Змагаліся за свабоду...”

Я сам быў бюракратам і застаўся ня горшай думкі пра іх

(Бялькевіч: ) “Уладзіміравіч, паслухайце яшчэ: ня ўсе чыноўнікі падтрымліваюць Лукашэнку. Трэба вам зь імі наладжваць адносіны. Дружалюбныя нават...”

(Мілінкевіч: ) “Вельмі слушна кажаце. Я сам быў чыноўнікам, бюракратам – працаваў намесьнікам мэра Горадні. І сяброў у мяне шмат сярод гэтых людзей. Ведаю дакладна: там маса прыстойных людзей. Прафэсіяналаў. Толькі яны запалоханыя яшчэ больш, чым просты народ.

Ведаю і настроі намэнклятуры: яна ў большасьці можа й сёньня пайшла б за намі, але баяцца... Вось як пачнём перамагаць, адразу прыйдуць!”

(Яблонскі, Маладэчна: ) “Хачу зьвярнуцца да Аляксандра Мілінкевіча і нагадаць свой сон. Сьніў, што нашу зямлю захапіў нейкі хан і змучыў народ. А я, быццам, народны выбраньнік, змагар. Мне добрыя суседзі далі ў пазыку 5-6 мільёнаў даляраў. Я даў па мільёну супрацоўнікам хану, і яны пайшлі за мной. Хан спалохаўся і сам уцёк з нашай зямлі. А пазыку я з цягам часу вярнуў суседу. Адкажыце, калі ласка, ці мае рацыю такі сон?”

(Мілінкевіч: ) “Што тычыцца такога алегарычнага сну, дык адкажу наступнае: я не прыхільнік таго, каб купляць людзей. Тым больш, і без таго разбэшчаных грашыма... ”

(Спадарыня: ) “Аляксандар Уладзімеравіч! Даволі шмат беларускіх чыноўнікаў разбэшчана карупцыяй і хабарніцтвам у самых розных праявах. Гэта нейкая інстынктыўная патрэба – як мага болей пакласьці ў кішэню. Такі спосаб кіраваньня здольны хутка нават разбурыць самую прадуктовую гаспадарку. Я, шчыра кажучы, ужо ня бачу ніякіх шляхоў барацьбы з гэтай заганнай зьявай, бо занадта добра адпрацаваны самыя розныя схемы падману дзяржавы. А як вы мяркуеце перавыхаваць такіх людзей, бо большасьць зь іх застанецца пры сваіх пасадах, якая б улада тут не існавала”.

(Мілінкевіч: ) “Гэта пытаньне карупцыі: калісьці Лукашэнка прыйшоў да руля на гэтай праблеме, але так нічога й ня вырашыў – наадварот у краіне стала значна горш з хабарніцтвам. Я бачу толькі адну магчымасьць, як вырашаць гэту праблему.

Колькі б кантралюючых органаў мы ні стваралі, памеры хабару будуць толькі расьці. Трэба паставіць уладу пад кантроль людзей. Гэта й выбары, і грамадзянская супольнасьць, гэта сапраўдныя прафсаюзы, гэта недзяржаўныя арганізацыі й партыі, парлямэнт, у якім ёсьць фракцыі – тады гэтага зла й паменшыць”.

Як не падтрымаем незалежную прэсу – зробім вялікую памылку

(Дзьмітры: ) “Я прапаную падчас «Чарнобыльскага шляху» ісьці на тэлебачаньне, якое ўводзіць людзей у зман! Калі будзе незалежны тэлеканал? З павагай, Дзьмітры”

(Дзяніс Лісейчыкаў: ) “Лічу, што адной зь першачарговых задач зьяўляецца стварэньне незалежнага беларускага тэлевізійнага канала. Газэтаў і радыё недастаткова – пра альтэрнатыву трэба ня толькі чытаць і чуць, яе трэба бачыць. З павагай, Дзяніс Лісейчыкаў”.

(Мілінкевіч: ) “Калі казаць пра лёс палітыкаў, іхныя піяр-кампаніі, то, безумоўна, гэта робіцца найперш праз тэлебачаньне. Эўразьвяз мае праграму незалежнага тэлевізіі для Беларусі. Але вельмі важна, каб яно рабілася беларусамі і для беларусаў. Тады гэта сапраўды будзе вялікі прарыў у інфармацыйнай прасторы.

Аднак заўсёды неабходна памятаць, што акрамя радыё і тэлебачаньня, у нас ёсьць яшчэ і друкаваныя мэдыі. Мы павінны іх усім сэрцам падтрымліваць і дапамагаць у разьвіцьці. Зараз газэтам вельмі цяжка. І маленькім у райцэнтрах, і нацыянальным у Менску. Як не падтрымаем іх – зробім вялікую памылку”.

(Спадар: ) “Ці ёсьць у вашым штабе прафэсіяналы-піяршчыкі?”

(Мілінкевіч: ) “Безумоўна, такія спэцыялісты ёсьць. Нас часта пытаюцца: а чаму вы не запрасілі палякаў, ці ўкраінцаў, расейцаў і гэтак далей. Ня стану хаваць: адпаведныя кансультацыі праводзіліся. Але шчыра скажу: піяр-тэхналёгіі, якія сёньня дзейнічаюць паўсюль, у асноўным базуюцца на тэлебачаньні. На 90 працэнтаў... А для нас, як вядома, тэлебачаньня няма. Таму ў гэтых умовах некаторыя айчынныя спэцыялісты больш прыдатныя”.

Казулін вас кінуў ці вы яму здрадзілі? Чаму ня ладзіце?

(Спадар: ) “Вы з аднаго боку былі разам з Казуліным, а з другога – адзін пайшоў на Акрэсьціна, другі застаўся...”

(Мілінкевіч: ) “Калі я заклікаў людзей, то абяцаў з нашага боку мірную акцыю. І таму не хацеў ісьці а ні на рэзыдэнцыю прэзыдэнта, а ні на тэлеграф, а ні на турму. І не таму, што баюся пазмагацца зь сілаю. А таму што нам вельмі важна, каб людзі, якія яшчэ вагаюцца – ну, баяцца, у іх ёсьць страх, каб яны верылі: можна мірна прыйсьці і нічога табе ня будзе. У нас яшчэ не такі стан грамадзтва, каб у выніку кровапраліцьця, як было на Акрэсьціна – хоць я вельмі салідарны з тымі, хто пайшоў туды, каб у выніку такой акцыі колькасьць людзей значна павялічылася. Звычайна яна памяншаецца. Яшчэ няма патрэбнага настрою ў грамадзтве...

Цяжкасьць нашага з Казуліным аб’яднаньня ў тым, што ў нас розныя мэты. Ён кажа: я працую на 2011 год – раскручваюся, станаўлюся палітыкам. А я не на 2011 працую – сёньня намагаюся сабраць усіх разам дзеля перамогі.

Ён жа – на ўласны піяр, што таксама абсалютна нармальна для палітыка! Зусім не папракаю яго гэтым... А мне перш за ўсё хочацца прыцягваць да нас усё новых і новых людзей. Чым больш іх зьбяру, тым больш, лічу, наш посьпех.

І тады мы на мітынгу побач стаім, а дзейнічаем па-рознаму. Тут праблема, а не ў характарах. Не ў эмоцыях і не ў энэргетыцы, а вось у гэтым.

Але падчас усіх маіх сустрэч – і дома, і ў Эўропе, і ў Расеі – я заклікаю прыкласьці максымум намаганьняў, каб вызваліць Аляксандра Казуліна”.

(Спадар: ) “Трэба стварыць часовую камісію савету бясьпекі ААН, як па Югаславіі, Нюрнбэрскім працэсе...”

(Мілінкевіч: ) “На пасяджэньнях Эўрапарлямэнту, дзе я выступаў, гаварылася, што неабходна стварыць спэцыяльную камісію, і лепш каб яна была пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Камісія па дасьледаваньні злачынстваў. Перш за ўсё па тэме зьніклых палітыкаў. Такое рашэньне ўвайшло ў дэклярацыю Эўрапарлямэнту, што я лічу вялікім дасягненьнем. Трэба ўсё зрабіць, каб намечанае рэалізавалася.

А ці будзе суд і як гэта зрабіць, ёсьць шмат прапаноў. І адна зь іх – гэты суд мусіць прайсьці ў краінах, дзе ёсьць экстэрытарыяльныя магчымасьці правядзеньня такіх крымінальных дасьледаваньняў”.

Калі вы павялі ўсіх на Плошчу, то чаму засталіся на свабодзе?

(Ганны Леанідаўна: ) “У часе перадвыбарчай кампаніі вы заклікалі людзей выйсьці на плошчу і бараніць свой выбар. Але ўжо на плошчы 19 сакавіка вы прапанавалі разысьціся. Адкуль такая непасьлядоўнасьць? Ці яшчэ.Калі вы лідэр апазыцыі, які пазваў людзей на плошчу, то чаму вас рэжым не крануў, вы засталіся на свабодзе? Спадзяюся на поўныя адказы і што вы не баязьлівец”.

(Мілінкевіч: ) “Паспрабую прадэманстраваць, што не баязьлівец. У першы дзень, калі мы правялі мітынг пратэсту (лічу, вельмі ўдалы), запрапанаваць людзям разысьціся не было сорамна, бо мы запрашалі іх прыйсьці наступным днём. І тады ўжо сказалі: “Хто можа, застаёмся на Плошчы!” Мне ня сорамна за шэраг штодзённых акцый, якія з таго пачаліся. Хаця й былі недарэчнасьці ў арганізацыі, але ў цэлым гэтыя акцыі зрабілі для іміджу Беларусі і для атмасфэры ўнутры краіны надзвычай многа.

Чаму я на свабодзе? Так, можа для апазыцыянэра няблага пасядзець і ў турме... Магчыма, яна чакае й мяне, бо як заявіў Генэральны пракурор, справа супраць мяне зараз разглядаецца і праз два месяцы скажуць, вінаваты я ці не.

Я не баюся турмы і ня зьеду з краіны, калі мне будзе гэта пагражаць. Хоць лепш быць на свабодзе: больш змагу зрабіць”.

(Юры: ) “Калі на Плошчу прыйдзе 300, 400 тысяч людзей – які сцэнар падзеяў вам бачыцца?”

(Мілінкевіч: ) “Мы ня гонімся за нейкай лічбай – маўляў, дайце нам сто ці трыста тысяч, тады й пакажам! Не, нам вельмі важна, каб як мага больш людзей паверылі ў магчымасьць пераменаў. Пазбавіліся ад страху. Навучыліся адстойваць сваю годнасьць. Пакуль у Беларусі такіх людзей недастаткова. Вось выйшлі па розных дадзеных ад 30 да 50 тысяч – ня ведаю, колькі дакладна... Але ж гэтага пры любым раскладзе недастаткова, каб пераламаць сытуацыю.

Я вам шчыра скажу: за мяне не прагаласавала 50 працэнтаў. Паводле папярэдніх дадзеных мая падтрымка выбарцамі – 30 працэнтаў.

Таму ня маю права крычаць: “Перамогу ўкралі!” А таму – “пойдзем і прымусім, каб напісалі правільныя вынікі...” Але праўда і тым, што й Лукашэнка ня выйграў у першым туры!

Праведзенай работы яшчэ недастаткова, каб большасьць насельніцтва цьвёрда стала на наш бок. Таму гвалтоўны захоп улады, калі на Плошчу прыйшлі, скажам, 50 тысяч, але ўсім вядома, што большасьць яшчэ не за намі, я лічу папросту цынічным.

Зараз мы працуем зь людзьмі: распаўсюджваем інфармацыю, ідзем ад дзьвярэй да дзьвярэй... Стратэгія наступная: штодзённая работа плюс масавыя акцыі”.

Ён выхоўвае Беларусь бізуном, а мы абуджаем у людзях годнасьць

(Рыгор, Менск: ) “Рыгор зь Менску. Мне здаецца, што ўсе гады пасьля 90-х нам спрабуюць даць як бы вышэйшую матэматыку, не навучыўшы простай арытмэтыцы. Маю на ўвазе – у прававым сэнсе. Тыя ж выбары ці рэфэрэндумы не штодня бываюць. А чалавека-грамадзяніна фармуе тое, з чым ён сутыкаецца пастаянна”.

(Мілінкевіч: ) “Так, у краіне не хапае грамадзянскага выхаваньня. І дзяржава пра гэта ня дбае. Не хапае прававой культуры. Дзяржава не зацікаўленая ў выхаваньні грамадзтва, стварэньні грамадзянскай супольнасьці. Наадварот, ёй страшэнна важна выхоўваць нявольнікаў – так лепш кіраваць краінай. Як яна стане дэмакратычнай, мы падбаем пра тое, каб людзі зразумелі сутнасьць дзяржавы, улады, іх галінаў ды так далей. Аднак сёньня гэта ўсё далёка, і адбываецца ў барацьбе, а не ў партнэрстве”.

(Спадар: ) “Чым вы адрозныя ад Лукашэнкі, калі самі ж прагнеце ўлады?”

(Мілінкевіч: ) “Жонка ўчора расказала анэкдот. У мірны вячэрні аўтобус на прыпынку ўрываюцца амапаўцы і пачынаюць дубасіць людзей па чым папала... Народ лямантуе: “За што? За што?!” У адказ рык: “За Беларусь! За Беларусь!..”

Да чаго гэта? Бачаньне Беларусі ў нас і ўлады абсалютна рознае. Для яе гэта Беларусь насільля, Беларусь крыўды і хлусьні...

Так, мы ня выйгралі выбары, але на сто працэнтаў улада іх прайграла.

Бо людзі зразумелі: улада ні на што ня здатная, акрамя бізуна, акрамя выкручваньня рук і адкручваньня галовак, як яны казалі...

Мы выйгралі, бо шчыра верылі: за намі закон і праўда, за намі большасьць людзей адукаваных, справядлівых, людзей сумленных і што вельмі важна – людзей з пачуцьцём годнасьці.

Вось мэта галоўная якраз у тым, каб абудзіць у грамадзтве пачуцьцё годнасьці. Тады мы непераможныя.”
XS
SM
MD
LG