Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БДЭУ адбыліся яшчэ два "таварыскія" сходы


Радыё Свабода, Менск У Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце адбыліся яшчэ два сходы ў справе студэнтаў, якіх арыштоўвалі за ўдзел у пратэстах на Кастрычніцкай плошчы Менску. Ад Вольгі Сныткінай і Марыны Вашкевіч запатрабавалі пакаяцца за свае паводзіны, а студэнты мусілі асудзіць сваіх аднагрупніц.

Студэнтка другога курсу факультэту міжнародных эканамічных дачыненьняў Вольга Сныткіна адбыла сем сутак арышту. Па вяртаньні ва ўнівэрсытэт кіраўніцтва паставіла пытаньне пра яе адлічэньне, але спачатку арганізавала таварыскі сход групы, кажа Вольга.

(Вольга: ) “Выклікалі пяць чалавек з групы ў дэканат і сказалі, што трэба зьняславіць, ніякіх словаў салідарнасьці, нават слова “калега” не павінна гучаць на сходзе”.

Аднак студэнты выказаліся ў падтрымку Вольгі, а сама яна адмовілася прамаўляць словы нейкага пакаяньня.

(Вольга: ) “Я ім, канечне, вельмі падзякавала за падтрымку, за дапамогу, а затым сказала, што даруйце, калі ласка, калі мае праблемы робяцца таксама вашымі. Усё”.

Як вынік, дэкан пакінуў за сабой права вынесьці пакараньне, але якім яно можа быць, Вольга пакуль ня ведае.

Сход з падобным вынікам адбыўся і ў дачыненьні студэнткі другога курсу факультэту моўнай падрыхтоўкі Марыны Вашкевіч, якая таксама адбывала сем сутак арышту.

Бацька Марыны Іван Вашкевіч падзеі ва ўнівэрсытэце пракамэнтаваў гэтак:

(Вашкевіч: ) “Уся бяда ў тым, што тыя самыя ўнівэрсытэты не зьяўляюцца незалежнымі. Ва ўнівэрсытэтах парадкі павінны быць іншыя, не такія, як у нас. Ідзе ціск з боку дэканатаў, нават на дэканаты ідзе ціск. Там ёсьць такі Дзянісаў, які адказвае за ідэалёгію. Апрача таго, там жа ёсьць куратары з “канторы глыбокага бурэньня”. І таму яны вымагаюць кіраўніцтва прымаць тыя ці іншыя рашэньні. Такія ў нас цяпер парадкі”.

Паводле спадара Вашкевіча, прадстаўнік КДБ цяпер дамагаецца зь ім пэрсанальнай гутаркі. Як паведамілі ў Камітэце дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў, ціснуць на студэнтаў і іхных бацькоў, але вядомыя і прыклады студэнцкай салідарнасьці. Гаворыць сябра камітэту Вераніка Дзядок:

(Дзядок: ) “Студэнты БДУ расказваюць, што іх выклікаюць да намесьнікаў дэканаў амаль штодня й размаўляюць на тэму, як ты так мог і гэтак далей. Словам, вядзецца такая апрацоўка. Некаторых людзей прымушаюць пісаць тлумачальныя пра тое, чаму ён быў на плошчы й што ён там рабіў. На філялягічным факультэце, да прыкладу, выклікалі бацькоў.

У некаторых ВНУ студэнты зьбіралі подпісы супраць таго, каб адлічвалі іхных сяброў. Да прыкладу, у БГУІР студэнты літаральна за паўгадзіны сабралі каля чатырохсот подпісаў. Моцную салідарнасьць выявілі таксама студэнты пэдунівэрсытэту, дзе таксама зьбіралі подпісы супраць выключэньняў. Мы так разумеем, што гэта кожны дэкан сваё ноў-хаў вынаходзіць, як выхоўваць студэнтаў”.

Паводле Веранікі Дзядок, з навучальных установаў Беларусі за ўдзел у пасьлявыбарчых пратэстах выключаныя на гэты момант 19 студэнтаў.

Цяпер іх спрабуюць уладкаваць на вучобу за мяжой. Першая група зь дзесяці чалавек мусіць у хуткім часе выправіцца ў Польшчу.

Гл.таксама • Пакаяньне як сродак дзяржаўнага шантажу • Дэкан БДЭУ патрабаваў публічнага пакаяньня студэнткі • Экс-прарэктар БДУ: "Гэта не пэдагогі, а прыслужнікі!" • А.Казулін асудзіў дзеяньні рэктара БДЭУ Шымава • Былая намесьніца міністра адукацыі, прарэктар ЭГУ: "Калі ўнівэрсытэт становіцца такім, то ў краіны няма будучыні" • Якая практыка публічных пакаяньняў у Беларусі?
XS
SM
MD
LG