Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Грынпіс" крытыкуе МАГАТЭ за справаздачу аб Чарнобылі


Валер Каліноўскі, Прага Як мы ўжо паведамлялі, напярэдадні 20 угодкаў Чарнобыля "Грынпіс" рэзка скрытыкаваў справаздачу МАГАТЭ аб тым, што аварыя на ЧАЭС яшчэ стане прычынай ня больш, як 4000 сьмяротных выпадкаў па ўсім сьвеце. "Грынпіс", як і іншыя экалягічныя арганізацыі, абвінавачвае аўтараў справаздачы ў заніжэньні дадзеных аб нэгатыўных наступствах Чарнобыля і настойвае на тым, што каля 200 тысячаў чалавек у Беларусі, Расеі і Ўкраіне ўжо памерлі ад наступстваў аварыі.

МАГАТЭ ў апошняй справаздачы наконт уплыву Чарнобыля на навакольнае асяродзьдзе сьцьвярджае, што цяпер узроўні радыяцыі больш-менш вярнуліся да нормы, і ў цяперашняй сытуацыі куды большую праблему для здароўя складаюць галеча, хваробы, псыхалягічны стан жыхароў забруджаных рэгіёнаў.

"Грынпіс" і іншыя экалягічныя арганізацыі рэзка скрытыкавалі гэткія высновы МАГАТЭ.

Праграмны дырэктар "Грынпіс" Бруна Рэбэль кажа, што колькасьць сьмерцяў, зьвязаных з Чарнобылем, нашмат большая, чым падае МАГАТЭ.

(Рэбэль: ) “Самыя апошнія зьвесткі сьведчаць, што толькі ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне выбух на ЧАЭС выклікаў 200 тысячаў сьмяротных выпадкаў паміж 1994 і 2000 гадамі”.

Апошняя справаздача Грынпіс базуецца на дасьледаваньнях беларускай і расейскай акадэміяў навук, якія ў прыватнасьці сьведчаць пра рост захворваемасьці ракам на 40 адсоткаў паміж 1990 і 2000-м гадамі. А дзеці, якія нарадзіліся пасьля 1986 года, у 88 разоў часьцей пакутуюць на рак шчытападобнай залозы.

Дэпутатка ад Бранскай вобласьці Расеі Людміла Камагорцава кажа, што палова прадуктаў у яе рэгіёне радыяцыйна забруджаная, таксама як лясныя грыбы і ягады, якія ўжываюць у ежу жыхары рэгіёну. Спэцыялісты "Грынпіс" перакананыя ў нэгатыўным уплыве малых доз радыяцыі, якія і выклікаюць захворваньне ракам.

Прадстаўнік МАГАТЭ Дзідзьё Лува, адзін з аўтараў справаздачы не пагадажецца з такімі ацэнкамі:

(Лува: ) “Бранскі рэгіён Расеі найбольш пацярпеў ад радыяцыі, і лясы там сапраўды забруджаныя. Але ці можа гэта выклікаць рост ракавых захворваньняў? У якой справаздачы ясна падаецца такая сувязь? 20 адсоткаў насельніцтва Расеі і сьвету паміраюць ад раку. І няма магчымасьці зьвязаць гэтай зь нейкай канкрэтнай прычынай”.

Прадстаўнікі "Грынпісу" кажуць, што існуе адмысловае лобі, якое хоча занізіць наступствы Чарнобыля ва ўяўленьнях людзей дзеля будаўніцтва новых атамных станцыяў.

Расейскае атамнае агенцтва ўжо абвясьціла пляны будаўніцтва 40 новых ядзерных рэактараў да 2030 году.
XS
SM
MD
LG