Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Не Лукашэнка дае нам пэнсію: мы самі яе зарабілі, сваімі потам і крывёю”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 19 красавіка) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У лістах, якія прыходзяць на адрас Беларускай Свабоды ў гэтыя красавіцкія дні, па-ранейшаму шмат водгукаў на нядаўнюю выбарчую кампанію й наступныя грамадзкія пратэсты супраць фальшаваньня вынікаў выбараў. Слухачы разважаюць пра будучыню Беларусі, расказваюць пра ўласныя праблемы і клопаты, абмяркоўваюць найбольш актуальныя тэмы грамадзкага жыцьця.

Тэма ліста Алеся Цадко з Маладэчна — беларуска-расейскія ўзаемадачыненьні. Як зьменяцца яны пасьля таго, як Масква прызнала перамогу на выбарах Аляксандра Лукашэнкі? Слухач піша:

“Цяпер Расея будзе выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб, шантажуючы Лукашэнку, інкарпараваць Беларусь у свой склад. Думаю, краіны вялікай васьмёркі маглі б націснуць на Маскву ў гэтым пытаньні — асабліва з улікам таго, што чарговы саміт мае адбыцца ў Санкт-Пецярбургу. Падтрымка рэжыму Лукашэнкі — гэта падтрымка палітычных рэпрэсіяў і зьнішчэньня незалежнай прэсы. Асобным пунктам, на маю думку, павінна значыцца патрабаваньне да кіраўніцтва Расеі даць гарантыі бясьпечнага вяртаньня на радзіму аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі Зянона Пазьняка”.

Калі ўжо казаць пра бясьпеку лідэраў беларускай апазыцыі, то думаю, спадар Цадко, што многія ў Беларусі з вамі не пагодзяцца. Праблема бясьпекі Зянона Пазьняка — наўрад ці першаступенная ў гэтым шэрагу. Прынамсі, да таго часу, пакуль за турэмнымі кратамі застаюцца Аляксандар Казулін, Мікіта Сасім, Валеры Леванеўскі, пакуль у няволі Мікола Саскевіч, Андрэй Клімаў, Павал Севярынец і дзясяткі іншых палітычных вязьняў.

Уладзімер Башкіраў з Магілёва ў сваім лісьце на “Свабоду” зьвяртае ўвагу на тое, як адрэагавала на сакавіцкія падзеі на Кастрычніцкай плошчы праваслаўная царква. Ён, у прыватнасьці, цытуе газэту “Царкоўнае слова”, на старонках якой грамадзкі сакратар Беларускага экзархату архімандрыт Аляксій (Шынкевіч) назваў сьвятароў незарэгістраванай ў Беларусі аўтакефальнай царквы, якія прысутнічалі на плошчы, “самазванцамі й раскольнікамі”. Уладзімер Башкіраў з гэтай нагоды піша:

“А ці павінна царква абараняць сваю паству? Што, для яе ёсьць свае і чужыя? І дзе былі шматлікія сьвятары арміі Філарэта, калі зьбівалі іх прыхаджанаў? А зь вернікамі якраз і былі тыя два праваслаўныя сьвятары Аўтакефальнай царквы. І разам з паствай яны паспыталі амонаўскіх дубінак. У сувязі з гэтым мне згадваецца лёс праваслаўнага патрыярха Ціхана, які ў 1918 годзе, падчас крывавага бальшавіцкага тэрору, не пабаяўся зьвярнуцца да савецкай улады са словамі пратэсту і перасьцярогі. За сваю веру і выкананьне запаветаў Хрыста Ціхан быў па-зьверску закатаваны бальшавікамі. Але няма цяпер у Расейскай праваслаўнай царкве пасьлядоўнікаў апошняга сапраўднага патрыярха. Уладзімер Башкіраў, праваслаўны хрысьціянін. Магілёў”.

Васіль Місюгін зь Менску у сваім лісьце на “Свабоду” разважае аб праблеме, пра якую некалькі месяцаў таму пісаў іншы менскі слухач — Мікалай Волін: ці вартыя даверу вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў на палітычныя тэмы, праведзеных ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы. Спадар Місюгін з гэтай нагоды піша:

“Пры ацэнцы вынікаў такіх апытаньняў ня ўлічваецца фэномэн савецкай мэнтальнасьці. Доўгія гады татальнай хлусьні, ва ўмовах якой існавала савецкае грамадзтва, сфармавалі такі асаблівы тып мэнтальнасьці. Наш чалавек прывык думаць — адно, гаварыць — другое, і пры гэтым трымаць кукіш у кішэні. Залішне казаць, што гэты здабытак сацыялізму захаваўся і сёньня, і істотна зьніжае дакладнасьць дасьледаваньняў сацыёлягаў. Ды як тую папраўку на “саўка” ўлічваць? З гэтым ня справяцца ні Гэлапы, ні Лявады, ні Манаевы, ні прыдворныя сацыёлягі. А гэтая пагрэшнасьць можа сягаць 50 працэнтаў і болей — у залежнасьці ад пытаньня. Напрыклад, перад выбарамі ў адным з апытаньняў прагучала такая лічба: больш за 15 працэнтаў апытаных выказалі гатовасьць у выпадку фальшаваньня вынікаў выбараў выйсьці на вуліцу. А хіба тыя 20 тысяч чалавек на Цэнтральнай плошчы Менску 19 сакавіка адпавядалі 15 працэнтам? Вось вам і цана гэтых апытаньняў”.

Заявіць пра сваю гатоўнасьць пратэставаць, ведаючы, што анкета ананімная — гэта ўсё ж нешта іншае, чым у рэальнасьці выйсьці на плошчу, усьведамляючы, што з плошчы можна не вярнуцца дахаты. Думаю, ня толькі ў беларускім, а і ў любым грамадзтве, якое вымушана жыць у падобных умовах, сацыёлягі атрымалі б падобныя вынікі. Вядома, гэтая праблема існуе, і істотным чынам адбіваецца на лічбах апытаньняў. Ня думаю, аднак, што пагрэшнасьць можа вымярацца 50 працэнтамі. У гэтым выпадку праца сацыёлягаў увогуле страціла б усялякі сэнс.

Наш слухач Віктар Жыхар зь Менску зьвяртае ўвагу на некаторыя асаблівасьці псыхалёгіі беларускіх пэнсіянэраў:

“Я і сам пэнсіянэр. З рабочых, і не зусім адукаваны. Але разумею: не Лукашэнка дае нам пэнсію. Мы самі яе зарабілі, сваімі потам і крывёю. Наша пакаленьне — шматпакутнае. Дзецьмі перажылі вайну, нацярпеліся ад голаду. Узьнялі з руінаў гарады, адбудавалі заводы. А цяпер нашы пэнсіі ў два-тры разы ніжэйшыя, чым у адстаўных вайскоўцаў. Чаму?”

Такое пэнсійнае заканадаўства, спадар Жыхар, дзейнічае ў Беларусі — яно распрацаванае і ўхваленае ўладамі. Многае тут цягнецца яшчэ з савецкага часу. Тады высокія заробкі й пэнсіі вайскоўцаў тлумачылі тым, што служыць ім даводзілася ў Сібіры і на Далёкім Усходзе, што амаль кожны афіцэр праходзіў праз узброеныя канфлікты за межамі СССР, рызыкаваў сваім жыцьцём і здароўем. За апошнія пятнаццаць гадоў служба беларускіх вайскоўцаў кардынальным чынам зьмянілася. А вось прынцыпы налічэньня пэнсіяў засталіся ранейшыя.

Фрагмэнт зь ліста ад Віктара Кляноўскага з пасёлку Друя Браслаўскага раёну. Слухач піша:

“У 1939 годзе, калі на нашу зямлю прыйшлі саветы, маіх продкаў саслалі ў Сібір, а ўсю маёмасьць сканфіскавалі. Цікава, чаму яны цяпер ня плацяць кампэнсацыі? Немцы, напрыклад, плацяць немалыя грошы тым, хто пацярпеў ад фашызму, прайшоў праз прымусовыя працы ў Нямеччыне. А чаму саветы ня плацяць? Расея — краіна багатая, павінна была б падзяліцца сваім багацьцем з нашчадкамі тых, ад каго забрала і зямлю, і маёмасьць, і будучыню”.

Параўнаньне зь Нямеччынай тут не зусім карэктнае, спадар Кляноўскі. Нямецкі ўрад плаціў і плаціць кампэнсацыі замежным грамадзянам, якія пацярпелі ад акупацыйных нямецкіх уладаў. А савецкія людзі ў 1930—1950-я гады цярпелі беспадстаўныя рэпрэсіі й канфіскацыі ад уласнай камуністычнай улады, правапераемнікам якой прызнае сябе цяперашні беларускі рэжым. Відавочна, яму ж і павінны быць прад’яўленыя колішнія рахункі. Фармальна пацярпелыя ад беспадстаўных палітычных рэпрэсіяў права на кампэнсацыю маюць: адпаведныя законы былі прынятыя Вярхоўным Саветам напачатку 1990-х гадоў. Але фактычна гэтыя кампэнсацыі вымяраюцца мізэрнымі лічбамі. Спасылаючыся на ўласную беднасьць, дзяржава выплочвае нашчадкам пацярпелых сымбалічныя сумы.

На заканчэньне ліст ад Ціны Сакаловіч зь вёскі Бакшты Іўеўскага раёну. У 1996 годзе яна вярнулася на радзіму з Караганды, з Казахстану, і з таго часу спрабуе адстойваць уласныя грамадзянскія правы, а таксама правы сваіх аднавяскоўцаў. Слухачка піша:

“Калі не магу маўчаць, калі бачу, што праблема ўсіх хвалюе, абурае, замінае жыць — пішу заявы, зьвяртаюся ў розныя інстанцыі, аж да адміністрацыі прэзыдэнта. Не магу рабіць выгляд, што мяне гэта не датычыць. Тым больш, што людзі часта просяць дапамогі й абароны. Я спрабую дапамагчы, хоць не заўсёды магу абараніць нават сябе. Праз свае нязручныя для начальства пытаньні часта маю непрыемнасьці. Пыталася, напрыклад, што гэта за зарплата такая ў дзіцячым садку — сем даляраў. Маўчаць, таму што баяцца ня тое што гаварыць — нават думаць пра тое, як жывуць. Нікчэмна, подла. Усе трымаюцца за свае месцы. З усім пагаджаюцца, не пратэстуюць: рабі зь імі, што хочаш. Такія ня могуць абараніць ні сябе, ні іншых”.

Напэўна, спадарыня Сакаловіч, немагчыма патрабаваць ад кожнага актыўнай грамадзянскай пазыцыі, прынцыповасьці, мужнасьці. Тым больш, што ўсё гэта ў цяперашніх беларускіх умовах спалучана зь вялікай рызыкай. Але вось ёсьць жа такія людзі, як вы, якія не баяцца казаць праўды і задаваць начальству нязручных пытаньняў. Калі такія людзі знаходзяць аднадумцаў і аб’ядноўваюцца — гэта ўжо значная грамадзкая сіла. Нават у маштабах адной вёскі ці сельсавету.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG