Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Боўг: “Беларусь атрымала праз праекты ТАСІS каля 10 мільёнаў эўра”


Радыё Свабода У Менску знаходзіцца амбасадар Ён Боўг — кіраўнік кіеўскага офісу Эўрапейскай камісіі, які адказвае за сувязі з Украінай ды Беларусьсю. Афіцыйная нагода прыезду — удзел у міжнароднай чарнобыльскай канфэрэнцыі. Адказны эўрапейскі чыноўнік сустракаецца з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў, грамадзянскай супольнасьці, кіраўнікамі дыпляматычных місіяў з краінаў Эўразьвязу, якія акрэдытаваныя ў Менску.

Сёньня ў эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё Ён Боўг зноў казаў пра складанасьці, якія існуюць у дачыненьнях Эўразьвязу і беларускіх уладаў:

(Боўг: ) “Калі вы вывучалі апошнія рашэньні рады міністраў Эўразьвязу, дык зь іх можна ўбачыць, што самымі галоўнымі адносна Беларусі застаюцца пытаньні разьвіцьця дэмакратыі і правоў чалавека.

Нядаўнія прэзыдэнцкія выбары разглядаліся Эўразьвязам як своеасаблівы тэст для ўладаў. Аднак, на думку Эўразьвязу, як і бальшыні назіральнікаў, выбарчая кампанія мела сур’ёзныя недахопы.

Калі ж Беларусь дасягне прагрэсу ў галінах дэмакратыі й правоў чалавека, мы зможам перанесьці эўрапейскую палітыку добрасуседзтва на Беларусь, каб і яна магла скарыстацца яе перавагамі, як гэта робяць цяпер Украіна ды Малдова”.

Кіеўскі офіс да мінулай восені ахопліваў яшчэ і Малдову. Аднак увосень у Кішынэве адкрылася самастойнае прадстаўніцтва. Такі ж варыянт яшчэ паўгоду таму прапанавалі й беларускім уладам. Але сёньня амбасадар Боўг паведаміў, што адказу ад іх дагэтуль няма.

Палітоляг Андрэй Фёдараў так ацэньвае пэрспэктывы стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю:

(Фёдараў:) “Думаю, што палітычныя дачыненьні будуць складанымі. Што тычыцца эканамічных, дык пакуль што няма нейкіх намёкаў, што нешта можа зьмяніцца. Адносна офісу таксама няма падставаў, каб тут нешта зьмянілася”.

Ён Боўг таксама паведаміў, што ў рамках праграмы ТАСІS Эўракамісія ажыцьцяўляе ў Беларусі некалькі чарнобыльскіх праектаў: частка зь іх скіраваная на мінімізацыю наступстваў катастрофы, другая — на прадухіленьне магчымых аварыяў. У гэтай сувязі я нагадаў амбасадару словы Аляксандра Лукашэнкі, які неаднаразова заяўляў, што міжнародная супольнасьць пакінула Беларусь сам-насам зь бядой, і запытаўся, што ён думае на гэты конт.

(Боўг: ) “Эўрапейская камісія, Эўразьвяз зрабілі вялікі ўнёсак у чарнобыльскую справу. Толькі на бясьпеку самаго чарнобыльскага рэактару мы выдаткавалі 600 мільёнаў эўра. А Беларусь атрымала праз праекты ТАСІS каля 10 мільёнаў эўра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG