Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы польскі прэм''ер далучыўся да беларускага фонду салідарнасьці


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Жаданьне дапамагаць ахвярам палітычных рэпрэсіяў выказваюць чарговыя вядомыя людзі – напярэдадні былы прэм’ер-міністар Польшчы, а цяпер дэпутат Эўрапейскага парлямэнту прафэсар Ежы Бузэк увайшоў у склад назіральнай рады Беларускага дэмакратычнага фонду салідарнасьці, што ў Брусэлі.

Беларускі дэмакратычны фонд салідарнасьці, гэта, як гаворыцца ў праграмнай заяве арганізацыі “Беларуская, цалкам грамадзкая ініцыятыва, арганізаваная ды кіраваная Беларускімі грамадзянамі новай хвалі”. Фонд паўстаў за два месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў, і галоўная мэта ягонай дзейнасьці – дапамога ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, што актыўна рабілася ў часе выбараў і пасьля галасаваньня, калі пачаліся масавыя рэпрэсіі.

Гаворыць дырэктар фонду Янка Чурыловіч:

(Чурыловіч: ) “Мы будзем працягваць працаваць, як працавалі раней. Цяпер назапашваем сродкі, каб працягваць дапамогу тым, хто яе сапраўды патрабуе. Атрымліваем розныя ахвяраваньні – нават вось 5 эўра прыйшло, нехта ахвяраваў”.

Іншыя ахвяруюць па 10, 50 і нават паўтысячы эўра.

Неабходнасьць дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі добра разумеюць у Эўропе – сябрамі назіральнай Рады фонду пагадзіліся стаць, сярод іншых, былы кіраўнік Літвы, прафэсар Вітаўтас Ландсбэргіс і вось цяпер былы прэм''ер-міністар Польшчы, прафэсар Ежы Бузэк.

Былы прэм’ер-міністар заявіў Радыё Свабода:

(Бузэк: ) “Людзі, якія церпяць ад перасьледу ў такіх краінах, як сёньняшняя Беларусь, павінны быць упэўненыя ў тым, што ўся Эўропа, сьвет, памятаюць пра іх. Я памятаю, як у 70-я і 80-я гады для нас былі важныя сыгналы зь Нямеччыны, ЗША, Францыі, што пра нашую барацьбу ведаюць, сыгналы падтрымкі. У тым ліку дзякуючы і гэтаму мы змаглі перамагчы камуністычны рэжым”.

(Больш інфармацыі на старонцы: www.belarussolidarity.org)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG