Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз: прапанова стварэньня Эўрапейскага фонду дэмакратыі


Радыё Свабода, Прага Эўрапейскія парлямэнтары выступілі ўчора з прапановай выдзеліць зь бюджэту Эўразьвязу 60 мільёнаў эўра для стварэньня Эўрапейскага фонду дэмакратыі. Мэта такога фонду – падтрымка дэмакратыі за межамі Эўразьвязу, у тым ліку і ў Беларусі. Як піша брусэльскае выданьне “Euobserver”, праўдападобна, што Эўразьвяз пачынае дэманстраваць больш гнуткія падыходы ў пытаньні падтрымкі дэмакратыі – накшталт тых, што характэрныя для ЗША.

Як піша “Euobserver”, фінансаваньне паасобных праектаў, накіраваных на падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў недэмакратычных дзяржавах, закладзенае ў бюджэт Эўразьвязу 2007 – 2013 гадоў. Паводле словаў адказнага чэскага чыноўніка, імя якога брусэльскае выданьне, аднак, не называе, “недэмакратычным дзяржавам патрэбная дапамога накшталт той, якую мы самі атрымлівалі ў часе халоднай вайны”.

У гэтай сувязі эўрапейскія палітыкі шукаюць больш гнуткіх падыходаў да фінансаваньня праектаў, накіраваных на падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ўва ўсім сьвеце. Так, на пачатку году Эўракамісія ініцыявала кансультацыйны працэс зь дзяржавамі Эўразьвязу і Эўрапейскім парлямэнтам адносна стварэньня адпаведнай тэматычнай праграмы. У сераду эўрапарлямэнтары прапанавалі Брусэлю выдзеліць сродкі на стварэньне Эўрапейскага фонду дэмакратыі. Паводле дэпутатаў, гэты крок дазволіць шэрагу палітычных фундацыяў выкарыстаць новую арганізацыю ў якасьці свабоднага каналу для перадачы наяўных грошай пад замежныя дэмакратычныя праекты.

Пра новыя падыходы ў адносінах да Беларусі заявіла ў зьвязку з падзеямі 19 сакавіка і эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Паводле яе словаў, на падтрымку беларускіх няўрадавых арганізацыяў, зарэгістраваных па-за межамі Беларусі, Брусэль выдаткуе 420 тысяч эўра, што не адпавядае ранейшай практыцы Эўразьвязу.

Як піша “Euobserver”, вялікая частка грантаў Эўразьвязу, што пойдуць на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, а таксама такіх краінах, як Куба, Альжыр, Бірма, будзе накіраваная на правядзеньне палітычных рэформаў.

Эўрапейскія экспэрты ў гэтай сувязі прыводзяць досьвед ЗША ў часе ўкраінскай аранжавай рэвалюцыі і называюць яго надзвычай выніковым. Што да Эўразьвязу, то рэальная практыка падтрымкі ім дэмакратыі ў недэмакратычных краінах толькі запачаткоўваецца.

“Эўразьвяз мае добрыя вынікі ў краінах, дзе ўжо існуюць дэмакратычныя ўрады. Аднак дзеяньні эўрапейскай супольнасьці пакуль што не былі дастаткова гнуткімі, каб адэкватна рэагаваць на падзеі ў краінах з аўтарытарнымі рэжымамі”, – піша “Euobserver”.
XS
SM
MD
LG