Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе адчынены офіс Эўрапейскай камісіі ў Беларусі?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менск прыяжджае амбасадар Ен Боўг – кіраўнік кіеўскага офісу Эўрапейскай камісіі. Да гэтага часу Эўракамісія, выканаўчы орган Эўрапейскага Зьвязу, ня мае свайго прадстаўніцтва ў Беларусі.

Афіцыйная падстава прыезду амбасадара Боўга – ягоны ўдзел у міжнароднай Чарнобыльскай канфэрэнцыі. Аднак вядома, што адказны чыноўнік будзе цікавіцца і пэрспэктывамі супрацоўніцтва Эўракамісіі зь Беларусьсю. Амбасадар Боўг неаднойчы падкрэсьліваў тыя складанасьці, якія існуюць у адносінах паміж Эўразьвязам і беларускімі ўладамі:

(Боўг: ) “Вядома, што стасункі паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю зусім ня простыя. Існуе некалькі пытаньняў, у прыватнасьці палітычных, дзе мы не знаходзім паразуменьня. Сярод іх – пытаньні дэмакратыі, працэдур выбараў, правоў чалавека і спрыяньня разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці наагул”.

Кіеўскі офіс, які ўзначальвае спадар Боўг, да нядаўняга часу ахопліваў тры краіны: Беларусь, Малдову і Ўкраіну. Аднак увосень у Кішынэве адкрылася самастойнае прадстаўніцтва. Ці возьме Беларусь прыклад з Малдовы? Так званая вэрбальная нота з адпаведнай прапановай была перададзеная ва ўладныя беларускія структуры яшчэ паўгоду таму. Але адказу на яе дагэтуль няма.

Учора прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў, да якога я зьвярнуўся з адпаведным пытаньнем, паведаміў:

(Папоў: ) “Нічога асабіста новага на гэты момант я дадаць не магу. Напэўна, на ўзроўні дыпляматычных кансультацыяў пытаньне, можа, сапраўды і абмяркоўваецца. Але ж даводзіць нешта для грамадзкасьці пакуль што дачасна. Давайце праявім цярплівасьць, можа, гэтае пытаньне неяк і высьпее”.

Старшыня Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька гаворыць, што падчас кантактаў з чыноўнікамі Эўразьвязу прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі раілі, як кажуць, не засяроджвацца выключна на тым, дзе канкрэтна будзе месьціцца адпаведны офіс. Зь іх пункту гледжаньня, больш важна, каб Эўразьвяз прызначыў свайго прадстаўніка, які б займаўся выключна беларускімі справамі, тлумачыць спадар Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Ён можа беспасярэдне выпрацоўваць стратэгію і тактыку беларускага пытаньня, узаемадзеючы з суб''ектамі грамадзянскай супольнасьці. А для нас ствараецца сталая эфэктыўная сувязь з інстытутамі Брусэлю. Гэта не абавязкова офіс, гэта можа быць спэцыяльны прадстаўнік спадарыні Фэрэры-Вальднэр альбо спадара Саляны. Але ён працуе выключна па Беларусі. І гэта яшчэ больш эфэктыўна, чым стварэньне клясычнага прадстаўніцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG