Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрась Чавусаў: “Таварыскія суды – вяртаньне мэтадаў сталіншчыны”


Радыё Свабода, Менск У Беларусі спрабуюць адрадзіць таварыскія суды. Спроба правядзеньня першага зь іх адбылася ўчора ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце, на факультэце турызму, пад кіраўніцтвам дэкана факультэту Мікалая Кабушкіна. Судзілі студэнтку чацьвертага курсу Тацяну Дзядок – судзілі пасьля адбыцьця ёю 10-суткавага адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкім пляцы.

Напярэдадні заплянаванага сходу дэкан Вышэйшай школы турызму – аднаго з факультэтаў БДЭУ – казаў журналістам, што сходу ня будзе і ніякіх прэтэнзіяў да Тацяны Дзядок ён ня мае. Тацяна мяркуе, што Мікалай Кабушкін проста спадзяваўся, што такім спосабам ён зьменшыць цікавасьць журналістаў да лёсу студэнткі. Але ж сход адбыўся і выйшаў скандальны. За пару дзён да заплянаванага сходу групы ў дэканат выклікалі чатырох аднагрупнікаў Тацяны: дзяўчыну, якая чакала пакой у студэнцкім інтэрнаце, хлопца, які вучыцца добра, але мае дазвол дэканату на вольнае наведваньне, і двух “двоечнікаў”. Іх папярэдзілі, што калі яны выкажуцца на сходзе за Тацяну, то будуць мець праблемы. І яны выступілі. Аднагрупнік Тацяны, які мае права на вольнае наведваньне, быў асабліва крытычны. Расказвае Тацяна Дзядок:

(Дзядок: ) “Ён падсумоўваў напрыканцы: маўляў, я сваімі паводзінамі кампрамэтую унівэрсытэт... І пачаў пытацца: ці я мяркую гэтак жа паводзіць сябе і надалей? Тады мае аднагрупнікі пачалі задаваць яму пытаньні: ты ж ня ходзіш на заняткі, прапускаеш... Ці ўпэўнены ты, што маеш права гэтак ставіцца да яе, якая ходзіць і вучыцца? Ну... Ён у кожным разе зразумеў, як да яго ставяцца людзі”.

Падсумоўваючы вынікі сходу, дэкан Кабушкін зазначыў, што, на ягоную думку, з такімі дрэннымі ўчынкамі не ўступаюць ў дарослае жыцьцё і што коштам здрады посьпехаў не знайсьці. Кабушкін прапанаваў групе вызначыцца ў стаўленьні да Тацяны Дзядок. Яна расказвае:

(Дзядок: ) “Прапанаваў галасаваньне, як ацэньвае група мой адміністрацыйны арышт. Група адмовілася галасаваць з гэткай фармулёўкай. Тады ён прапанаваў прагаласаваць за тое, каб папярэдзіць мае далейшыя ўчынкі гэткага кшталту. Тут група абурылася: сказалі, што не разумеюць, што маецца на ўвазе, што гэта за пытаньне наагул? І галасаваньне ўрэшце не адбылося”.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што юрыдычных прэтэнзіяў да Тацяны паводле беларускага заканадаўства быць не павінна:

(Стэфановіч: ) “33-ці артыкул канстытуцыі Беларусі пакуль што па-ранейшаму гарантуе нам свабоду перакананьняў, меркаваньняў і поглядаў. Адпаведна той самы артыкул гарантуе нам, што ніхто ня можа прымусіць нас адмовіцца ад нашых поглядаў, перакананьняў і меркаваньняў. Тацяна панесла адміністрацыйную адказнасьць у адпаведнасьці з заканадаўствам, рэктар ці дэкан могуць у межах сваіх паўнамоцтваў накласьці нейкія дысцыплінарныя спагнаньні. Але прымушаць чалавека каяцца публічна перад групай... Я лічу гэта незаконным”.

Палітоляг, юрыст Юрась Чавусаў мяркуе, што прыватны выпадак з Тацянай Дзядок – гэта толькі частка вялікай і шырокай тэндэнцыі.

(Чавусаў: ) “Якім чынам яны ладзілі гэтую працэдуру сходу? Тут ёсьць прыкметы злачынства: самаўпраўства факультэту – прысвойваньне адміністрацыяй унівэрсытэту паўнамоцтваў судовага органу. Гэта рэцыдыў часу сталіншчыны. Сыстэма адукацыі ў нас створаная на ўзор таталітарных дзяржаў, таму яна вельмі лёгка, на роўні інстынктаў, прыгадвае ўсе таталітарныя мэтады ўціску. Спачатку – ідэалёгія. Потым – яшчэ больш ідэалёгіі. Цяпер – таварыскія суды”.

На сходзе Тацяна задавала дэкану пытаньні: чаму ён хлусіў журналістам, чаму парушае Канстытуцыю Беларусі? Дэкан паабяцаў адказаць у асабістай размове.
XS
SM
MD
LG