Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы Свабоды: Сяржук Гудзілін


Міхал Стэльмак, Менск Радыё Свабода працягвае расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія пацярпелі ад уладаў за падтрымку апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты і ўдзел у акцыях пратэсту. Больш як тры тыдні правёў за турэмнымі кратамі моладзевы актывіст з Жодзіна Сяржук Гудзілін.

18-гадовы Сяржук Гудзілін – адзін з актывістаў жодзінскай каманды лідэра аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. У сярэдзіне сакавіка пры распаўсюджваньні агітацыйных матэрыялаў юнак быў затрыманы мясцовымі міліцыянтамі і абвінавачаны ў хуліганскіх дзеяньнях. Суд пакараў Сержука сямю суткамі арышту:

(Гудзілін: ) “У Жодзінскім ізалятары ўмовы, вядома, складаныя: адсутнасьць вэнтыляцыі, выводзяць у прыбіральню два разы на дзень – раніцай і ўвечары. Вельмі складана зь перадачамі – залежыць ад суб’ектыўнага стаўленьня дзяжурных. Адзін можа перадачу ўзяць і перадаць, другі – ня ўзяць. Нас пратрымалі паўтара сутак у Жодзіне і перавялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Барысава. Яны матывавалі гэта тым, што няма месца – у Жодзіне толькі чатыры камэры”.

З трывогай і надзеяй маці Сержука Алена Гудзіліна чакала выхаду сына на волю. Яе непакоілі наступствы турэмнага зьняволеньня, зьвязаныя найперш з пэрспэктывай навучаньня. Яшчэ некалькі гадоў таму Сержуку “сьвяціла” спартовая кар’ера. Ён паказваў выдатныя вынікі ў лёгкай атлетыцы, за што трапіў у рэспубліканскую спартовую школу. Там ён стаў кандыдатам у майстры спорту ў скачках у даўжыню. Аднак затым напаткала траўма, другая, трэцяя... Гудзілін паступіў у прафэсійна-тэхнічную вучэльню. Спадарыня Алена меркавала, што пасьля кратаў сын і ягоныя сябры Яўген Ваўкавец і Алесь Чырэйка кінуць ранейшае:

(Гудзіліна: ) “Я ім тут чытала мараль, што нідзе той праўды няма – дарэмныя вашы намаганьні. А яны мне: усё роўна Мілінкевіч будзе! Я тут зь імі спрачалася...”

Жанчыне не ўдалося пераканаць хлопцаў у марнасьці іх змаганьня за перамены. Як толькі пачаліся мітынгі ў Менску, юнакі прыехалі на Кастрычніцкую плошчу. У ноч з 23 на 24 сакавіка Сержука Гудзіліна затрымалі разам зь іншымі абаронцамі намётавага гарадка. Другое пакараньне было больш працяглае – 15 сутак арышту. Іх Сяржук адбываў у турме на Акрэсьціна. Але й гэтая турма не зьмяніла настрояў хлопца.

(Гудзілін: ) “Усё добра. У маёй навучальнай установе была дамова з дырэктаратам, што я канчаю яе датэрмінова. Калі атрымаю дыплём, буду рыхтавацца да паступленьня ў вышэйшую навучальную ўстанову. Буду здаваць цэнтралізаванае тэставаньне. Калі не атрымаецца, то ёсьць магчымасьць навучаньня за мяжою. Цяпер займаемся раскруткай інфармацыйнага сайту. Потым сядзем за больш сур’ёзную працу – будзем пісаць стратэгію разьвіцьця Жодзінскага рэгіёну ўва ўсіх сфэрах і рэалізоўваць яе як падмурак да мясцовых выбараў 2007 году”.

Сябра і аднадумца Сержука Гудзіліна Яўген Ваўкавец кажа, што Сяржук слоў на вецер не кідае:

(Ваўкавец: ) “Гэта цалкам мэтанакіраваны чалавек. І цяпер, калі ён працуе, то ў яго ёсьць канкрэтная мэта, і ён да яе дойдзе”.
XS
SM
MD
LG