Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: ці патрэбныя Бабруйску больш як 20 помнікаў Леніну?


Падрыхтаваў Вячаслаў Кулік Агляд недзяржаўнага друку за 20 красавіка.

Сёньня “Бобруйский курьер” друкуе вынікі вулічнага апытаньня што да вялікай колькасьці помнікаў Леніну ў горадзе. Паводле журналіста Віктара Качана, пытаньне актуальнае ня толькі ў сувязі з блізкай гадавінай нараджэньня правадыра рэвалюцыі, але ў першую чаргу з прычыны састарэласьці помнікаў.

(Качан: ) “Раней фігуравала лічба 24. Але некалькі помнікаў разваліліся. Напрыклад, у парку, дзе адвальваліся часткі. У санаторыі імя Леніна таксама”.

Напярэдадні свайго 135-годзьдзя Баранавічы займеюць адмысловы памятны знак. Паводле газэты “Intex-press”, гэта будзе невялікае збудаваньне з каменю з мэмарыяльнай дошкай. Журналісты спадзяюцца, што ўлады дазволяць запісаць на знаку ў парку па вуліцы Камсамольскай прозьвішча роду абшарнікаў Развадоўскіх. Зь іхнага маёнтку пачалася гісторыя Баранавічаў.

Рэгіянальнае выданьне папярэджвае насельніцтва пра падвышаныя цяпер да 155 тысяч рублёў штрафы за падпалы сухой травы. Рэйды для выяўленьня парушальнікаў у Баранавічах і навакольлі ўжо цяпер праводзяць экалягічная міліцыя, пажарнікі і выратавальнікі, санітарныя дактары.

У Слуцкім раёне, як паведамляе рэгіянальная газэта “Інфа-Кур’ер”, уведзеныя абмежаваньні веснавой працы на палёх саўгасу “Случ”. Там існуе пагроза выбухаў боепрыпасаў, раскіданых пры пажары на вайсковым складзе ў вёсцы Паўлаўка роўна 10 гадоў таму. Небясьпека, аднак, застаецца да сёньняшняга дня. “У краіне нібыта няма сродкаў на разьмінаваньне тэрыторыі”, – піша газэта.

І яшчэ адна навіна са слуцкага тыднёвіка. Дзяржаўтаінспэкцыя раёну заўчасна вяртае пасьведчаньні трактарыстам, якія страцілі іх раней за сваё нецьвярозае жыцьцё. За два дзясяткі такіх “штрафнікоў” далі пісьмовыя гарантыі кіраўнікі калгасаў, у якіх няма каму працаваць на ворыве.

“Ганцавіцкі час” паведамляе пра страшную разгадку трагедыі мінулай восені на мясцовым возеры “Дзікае”. У льдзінах, якія хвалі выкінулі да берагу, людзі ўбачылі ўмерзлых тапельцаў. Паведамляе рэдактар выданьня Пятро Гузаеўскі:

(Гузаеўскі: ) “Адзін зь меў 45 гадоў. Быў настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі ў Надзкай сярэдняй школе. А другі працаваў галоўным аграномам у суседнім калгасе. Малодшы за свайго сябра на адзін год. Яны разам паехалі на рыбалку. Пасьля знайшлі толькі човен і машыну. Да гэтых дзён пра іх не было ніякіх зьвестак. Пракуратура цяпер праводзіць праверку”.

Са слоў журналіста Пятра Гузаеўскага, для многіх палешукоў цяпер рыбалка застаецца крыніцаю дадатковых заробкаў. Але, на жаль, штогод гэты рызыкоўны промысел забірае жыцьці людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG