Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мяне як інваліда Чарнобылю зрабілі ворагам народу. Пэнсію мне не павялічваюць, а, наадварот, уразаюць"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за сераду 19 красавіка. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Міхаіл Леках: ) “Спадарства! Мяне зьдзіўляе, што вы паведамляеце паўпраўду нават там, дзе можна казаць праўду. Вось, напрыклад, вы кажаце, што міліцыянты разагналі дэманстрацыю людзей, якія шлі да турмы. Цяпер толькі што я праслухаў перадачу спадарыні Сурмач з Францыі. Але вось пра гэтыя ўсе дэманстрацыі на Захадзе вы чамусьці ня кажаце вельмі важную рэч, а менавіта, што арганізатары дэманстрацыі загадзя зьвяртаюцца да ўладаў аб дазволе на гэтую дэманстрацыю. Улады забясьпечваюць парадак, паліцыю і г.д. Гэта ж прынцыповае пытаньне! Дык чаму вы ня кажаце пра гэты прынцыпова важны момант?”

(Спадар: ) “Хачу выказаць сваё абурэньне з нагоды перасьледу сяброў Маладога Фронту і іншых моладзевых арганізацыяў з боку КДБ. Улада фактычна хоча зьнішчыць нацыянальную моладзевую эліту Беларусі. Разам з гэтым мяне непакоіць факт росту фашысцкіх груповак і арганізацыяў у Беларусі. Напрыклад, у Гомелі палова гораду заклеена ўлёткамі РНЕ а ўладам чамусьці да гэтага справы няма”.

(Спадар: ) “Хачу праз Радыё Свабода зьвярнуцца да радыёслухачкі, якая абуралася тым, што быццам бы амбасадар Расеі ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі. Хачу запытаць гэтую даму: а тое, што пад час прэзыдэнцкай кампаніі Чэхаславацкая амбасада вазіла падрыўную літаратуру ў Беларусь для беларускіх апазыцыянэраў – гэта што, не ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі? А тое, што ўсе амбасадары эўрапейскіх краін хадзілі на беларускі майдан пасьля выбараў – гэта што, не ўмяшаньне? А тое, што на мінулым тыдні ўсе лідэры беларускай апазыцыі сабраліся на інструктаж у Польскай амбасадзе – гэта што, не ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі? А тое, што штогод мільёны даляраў атрымліваюць ад заходніх краінаў беларускія апазыцыянэры – гэта што, не ўмяшаньне? Добрая прымаўка ёсьць: “Чем кумушек судить-рядиться, не лучше ль на себя, кума, оборотиться”.

(Спадар: ) “Ня трэба абяцаць, што ўрад Лукашэнкі разваліцца да наступных выбараў. Вам не здаецца, што народ выжывае сам па сабе, як можа, а ўрад робіць выгляд, што ён кіруе?”

(Міхаіл Леках: ) “У мяне пытаньне да спадара Мілінкевіча, а таксама да рэдакцыі “Свабоды” і да журналіста, дарэчы, неблагога, які рабіў перадачу па гутарцы слухачоў зь Мілінкевічам. Чаму па-за перадачай аказаліся сур’ёзныя пытаньні? Я задаў канкрэтнае пытаньне, чаму не была ў друку апублікавана праграма сацыяльна-эканамічнай перабудовы Беларусі? Буду ў Менску, паспрабую знайсьці, але мяркую, што яе няма. Таксама спадар Мілінкевіч у некалькіх выпадках казаў паўпраўду: пра тое, што большасьць інтэлігенцыі падтрымлівае, пра тое, што моцны навуковы патэнцыял у апазыцыі ёсьць. Ды нічога гэтага няма!”

(Спадарыня: ) “З задавальненьнем увесь час слухаю званкі радыёслухачоў. І па сумленна скажу, што тыя людзі, якія тэлефануюць і хваляць свайго самазванца, ведаеце, часам яны вельмі раздражняюць. Я тады адключаю радыё, але тады ж магу прапусьціць нейкі цікавы званок. Хачу прапанаваць, каб вы сабралі ўсе гэтыя званкі тых, хто вам тэлефануе ад імя Лукашэнкі, вылучыце ім 5-10 хвілін, каб была магчымасьць выключыць і ня чуць гэтую іх бязглузьдзіцу. А астатнія смаглі ўключыць зноў радыёпрымач і слухаць далей. А то і сэрца пачынае непакоіць, слухаючыя іх хвалебныя псалмы. Ці магчыма такое зрабіць ці не?”

(Спадарыня: ) “Учора пагаварыла з Аляксандрам Мілінкевічам. Такое добрае ўражаньне. Вялікі яму дзякуй. Мне было вельмі прыемна зь ім размаўляць. Па праўдзе кажучы, я ня верыла, што можна пазваніць на “Свабоду” і задаць пытаньне самому Аляксандру Мілінкевічу. Вельмі прыемна. Я яму тры пытаньні задала, ён мне адказаў. І вось такое ўражаньне, быццам бы уцешыў, было так цяжка жыць, здавалася, так складана, так нядобра, а вось, пасьля размовы зь ім, такія пазытыўныя эмоцыі. Вялікі вам дзякуй! Я за яго галасавала і цяпер я ўпэўнілася, што недарэмна. І вось цяпер усім кажу, каб тэлефанавалі на “Свабоду”, выказвалі свае думкі, уражаньні. На жаль, вельмі шмат хто яшчэ ня слухае гэтае радыё, нават няма прымачоў. Я вось тры гады таму пэнсію атрымала, купіла прымач, і вось ужо тры гады слухаю “Свабоду” і без яе ўжо проста не магу”.

(Спадар: ) “Паглядзеў навіны на беларускім тэлебачаньні. Там паказалі сюжэт, як Аляксандар Мілінкевіч садзіўся ў цягнік. І сказалі, што ён куплены за 20 тысяч даляраў, і цяпер езьдзіць па замежжы і траціць гэтыя грошы. Гэта ж хлусьня! Проста глядзець брыдка! Тут усё зразумела: калі воўка заганяюць у кут, то ён гатовы, каб выратаваць сваю скуру, пакусаць каго заўгодна. Сёньня ўкусілі Мілінкевіча, а заўтра яшчэ каго-небудзь. Хацелася б запытаць гэтых лукашэнкаўскіх халуёў беларускага тэлебачаньня: за колькі даляраў яны самі купленыя?”

(Ніна Аляксееўна, Менск: ) “Добрай ночы, “Свабода”! Слухаю вас штодзённа і называю гэта “зводкі 37-га году”: арышты, зьбіцьцё, вобыскі, вызавы ў КДБ, суды, звальненьне і выключэньне з вузаў, наручнікі ў кандыдатаў у прэзыдэнты, людзі ў чорным разганяюць пікеты. Гэта ўжо не Беларусь, а фантастыка, плянэта абсалютнага абсурду. І да завяршэньня візыт на востраў свабоды да састарэлага Фідэля, пра якога ўжо ўсе сталі забываць”.

(Віктар Бутто: ) “Ліквідатар ЧАЭС з артыкулам 19 зь Менску. У 1986 годзе дзяржавы СССР і БССР аднялі ў мяне здароўе і зрабілі непрацаздольным інвалідам, калі прымусова накіравалі жыць і працаваць у трыццаці кілямэтровую забруджаную чарнобыльскую зону, што мяне вымушае ўжываць вельмі шмат небясьпечных абязбольваючых, без якіх немагчыма нават ляжаць. Некампэтэнтныя, неаб’ектыўныя дзяржаўныя служачыя ў Рэспубліцы Беларусь не жадаюць мне даць нават пасьведчаньне інваліда чарнобыльскай групы, з-за чаго мне прыходзіцца працаваць на цяжкіх і на вельмі небясьпечных працах у непрацаздольным стане. То бок, у любы дзень магу апынуцца ў інваліднай калясцы і ў яшчэ горшым стане. Такая рэчаіснасьць з-за нашага клапатлівага прэзыдэнта Беларусі і такіх самых яго вэртыкальшчыкаў”.

(Спадар, Лунінец: ) “Скажыце мне, калі ласка, як зьвязацца мне зь Мілінкевічам. У нас вельмі крытычнае становішча нашага дому, ён на мяжу развалу, усё патрэскалася. Жыць немагчыма ў гэтым доме, а ўсе чыноўнікі пішуць, што ён у выдатным становішчы. Калі ласка, дапамажыце гэтаму дому”.

(Мікалай Бельскі: ) “Даволі цікавая зьява, можа, Дубавец пракамэнтуе. Адносна савецкага патрыятызму. Палова насельніцтва Ўкраіны – калябаранты. Ды ці толькі на Ўкраіне, а Беларусь? Як адбіўную амаль што цалкам праглынулі пераможцы. Можа назва шакіруе – калябаранты? Няўжо галовы горшыя ў дэмакратаў?”

(Спадар: ) “Спыніцеся займацца балбатнёй! Беларусь на чале з прэзыдэнтам была і будзе. На чацьверты тэрмін будзем выбіраць яго!”

(Спадар: ) “Ну, можа хоць цяпер нарэшце вы рускі фашызм назавіце рускім фашызмам”.

(Уладзімер Навагрудзкі: ) “Балдзею я часам ад дзеяньняў гэтага Лябедзькі! Ну, праўда, ж нейкі дзіцячы садок. Ён хоча правесьці першае паседжаньне. Дык хачу ўпэўніць яго, што мы ўжо правялі і апошняе і нават вынесьлі рашэньне. Калі ён хоча азнаёміцца – дзеля Бога. Ці ён лічыць што ў гэтай прававой пясочніцы толькі яму дазволены гуляцца?”

(Дзяніс, Шаркаўшчына: ) “Пасьля развалу Савецкага Саюзу ва ўсіх былых рэспубліках зьмянілася сымболіка на сапраўдную нацыянальную, гістарычную. І толькі ў Беларусі Лукашэнка вярнуў бальшавіцкую сымболіку, якая вельмі люба цяперашняй уладзе. Такое ўражаньне складаецца, што цяперашняя ўлада зусім ня ведае гісторыю нашай старажытнай дзяржавы. І ў мяне ў сувязі з гэтым пытаньне. Ці будзе з прыходам дэмакратычных сілаў (дай Бог, каб ён хутчэй быў!) зьмененая сымболіка на сапраўды нацыянальную, гістарычную? І які будзе ў Беларусі герб, калі зараз герб “Пагоня” замацаваны за Літвой?”

(Спадарыня: ) “Апазыцыянэры! Хто ж так робіць? Вы ж вымушаны рабіць тое, што робіць большая частка людзей па дэмакратычнаму прынцыпу: меншасьць падпарадкоўваецца большасьці. Кахаць свой народ, сваю радзіму. Беларусы сапраўдныя кахаюць сваю радзіму, свой народ, свайго “бацьку”, бо “бацька” кахае і іх і абараняе, як сапраўдны бацька. А вы езьдзіце па Эўропе і ЗША, маніце, хлусіце на свой народ, на сваю радзіму, просіце санкцыі. Дык хто ж за вас пойдзе галасаваць? Насільна каханым ня будзеце. А вы кахаеце замежнага бацьку, які кроў праліў у Югаславіі, у Іраку, і хоча праліць у Ірану. Трэба паважаць пасьляваеннае пагадненьне патcдамскае і помніць мюнхэнскі працэс 1946 году. А не падабаецца рэжым, дык можна зьехаць. Падабаецца Літва? Зь Літвы трэцяя частка насельніцтва зьехала на заробкі, бо няма працы. Няма працы – няма грошаў, а няма грошаў – няма і жыцьця. Сьвятым духам жыць ня будзеш. Але помніце, Літва любіць камфорт, этыку і эстэтыку, але ня вельмі любіць тых, хто паліць, ужывае гарэлку, шпрыцы. Можа, вас такіх гаротных і прыме Вільня, Віленскі край падаруе. А Беларусь бяз вас не прападзе, жыве і жыць будзе, бо яна ўжо даўно на Захадзе”.

(Анастас Семяновіч: ) “Сьвятлана Калінкіна! Вялікае Вам дзякуй і Вашаму калектыву за Вашу вельмі цікавую працу ў пэрыяд бальшавікоў-лукашыстаў. Для маёй сям’і сьвята, калі мы атрымоўваем нашу любімую газэту “Народная Воля”. Яшчэ раз вам дзякуй. І не здавайцеся лукашыстам”.

(Банкевіч, Менск: ) “Сёньня 19-га красавіка ў 7:58 была выключана перадача. Не далі даказаць некалькі словаў спадару Бушлякову. Ня думаю, што ў Празе няма свайго эталёну часу і ня можа быць. Што паміж копіямі часу Менску і Прагі ёсьць розьніца ў 2 хвіліны. Гэта непавага ня толькі да радыё, але і да нас, слухачоў. Прычым такое здараецца вельмі часта. Прашу даць тлумачэньне па радыё, у чым справа”.

(Спадар: ) “Сталін – кіраўнік Савецкага Саюзу! Гэта першы здраднік радзімы! Ён здраднік і яго камуністычная партыя ВКПБ – ордэн мечаносцаў! Гэта партыя здраднікаў і бандытаў! Аб гэтым трэба казаць часта і ў голас! Гэта яны, камуністы: Ленін, Сталін, Малянкоў, Молатаў, Берыя зьнішчалі свой народ. Фашысты нават так не рабілі! І трэба над камунізмам зьдзейсьніць міжнародны трыбунал! І падсуднымі павінны быць: Ленін, Сталін, Дзямітраў, Тэльман, Берыя, Фідэль Кастра, Молатаў і іншыя”.

(Павал Андрэевіч Давідзенка, г.п. Парычы: ) “Я сам беларус. Мяне, як інваліда Чарнобыля, зрабілі ворагам народу. Пэнсію мне не павялічваюць, а наадварот уразаецца. Мне пэнсію плацяць як не пацярпеламу, не чарнобыльскую пэнсію, а працоўную. Кожны месяц пэнсія не павялічваецца, а памяншаецца! А нам трубяць, што вельмі клапоціцца дзяржава пра нас, інвалідаў-чарнобыльцаў. Куды дзяваюцца грошы? А ў сацзабесьпячэньні мне адказалі: “Пацалуеш ёй туды, дзе ў яе не замярзае”. Хай паслухае паважаны наш прэзыдэнт, як адказваюць яго чыноўнікі”.

(Спадар: ) “Ганаруся тымі, хто выйшаў на плошчу Кастрычніцкую. Я хацеў бы, каб і мае вучні там былі. Але ня чуў ні аднаго прозьвішча. Я настаўнік. А вось сярод тых, хто стаяў у ачапленьні, там былі мае вучні, Дзяніс і Саша. Хачу зьвярнуцца і да Мілінкевіча, і да Лябедзькі і іншых. Трэба памятаць, што гэта нашы дзеці ў АМОНе. Іх прымусілі там махаць дубінкамі. Але ж мы ведаем, што яны вернуцца дадому. Якімі ж яны вернуцца адтуль, пасьля такой ідэалягічнай накачкі, пасьля такіх стрэсаў? Я не хачу, каб блыталі АМОН і людзей у чорным адзеньні. Гэта гестапа, зь імі працаваць ня трэба, там зь імі працуе Паўлічэнка, палітрук, Філарэт. А вось тых пашкадуйце, трэба зьвяртацца да іх як да сваіх дзяцей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG