Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыўся пікет супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС (фота)


Радыё Свабода, Менск Сёньня ўвечары на плошчы Бангалор прайшоў пікет супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Ягоным арганізатарам выступілі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў. Пікет стаўся першай з сэрыі антыядзерных акцыяў, прымеркаваных да 20-годзьдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Удзельнікі пікету трымалі ў руках плякаты з выяваю знака радыяцыйнай бясьпекі, а таксама вялікі плякат “Не новым АЭС у Беларусі”. Пра мэту акцыі гаворыць адна з арганізатарак Марына Каравай:

(Каравай: ) “Мы выступаем супраць магчымага будаўніцтва АЭС у Беларусі і супраць ядзернай энэргетыкі як спосабу атрыманьня энэргіі. Бо акрамя таго, што можа здарыцца такая вялікая трагедыя, як гэта здарылася 20 гадоў таму, гэтак бываюць інцыдэнты, як тое адбылося ў Японіі два тыдні таму. Яны зьяўляюцца таксама крыніцамі сталага радыяцыйнага забруджваньня”.



Удзельнікамі пікету ў пераважнай бальшыні стала моладзь, дасьведчаная ў ядзернай праблематыцы. Вось што яны казалі пра свой удзел у акцыі:

(Юнак: ) “У мяне дыплём па гэтай тэматыцы, і я ня бачу рацыянальнага зерня ў будаўніцтве АЭС. Бо уран у Расеі будзем набываць, паводле расейскай ліцэнзіі будаваць. Таму ніякай незалежнасьці ад Расеі гэта ня робіць”.

(Юнак: ) “Мяне вельмі хвалююць праблемы экалёгіі і, у прыватнасьці, ядзернай энэргетыкі. Будаўніцтва АЭС – гэта крок да самазьнішчэньня, а ў Беларусі з усясьветнавядомай абыякавасьцю праблема аварыі толькі ўзрастае”.

(Юначка: ) “Я ўдзельнічаю ў пікеце ня толькі таму, што я супраць будаўніцтва АЭС, а таксама каб паказаць прыклад, як павінна паводзіцца грамадзянская супольнасьць”.



Да ўдзельнікаў антыядзернага пікету мінакі ставіліся прыхільна, аднак акцыя сталася нешматлюднай. Пра тое, на які вынік разьлічваюць арганізатары, гаворыць сябра экалягічнай арганізацыі “Экадом” Ірына Сухій:

(Сухій: ) “Наш урад актыўна пратэстуе супраць будаўніцтва магільніка на мяжы зь Літвой. А дзе будуць хаваць беларускія выкіды? Людзі проста павінны задумацца пра тое, што адбываецца. Мы вельмі ня хочам будаўніцтва АЭС, бо гэта не надасьць нам незалежнасьці, бо ўсё роўна будзем набываць уран, але яшчэ й дадасьць новых праблем”.

Паводле спадарыні Сухій, антыядзерны пікет ёсьць толькі першай акцыяй у шэрагу імпрэзаў, скіраваных на супрацьстаяньне будаўніцтву атамнай электрастанцыі ў Беларусі.





Разам зь пікетам за антыядзерную Беларусь на плошчы Бангалор праходзілі яшчэ дзьве акцыі: збор подпісаў за вызваленьне Аляксандра Казуліна, а таксама пікет у падтрымку Слабадана Мілошавіча. Яго праводзілі сябры новастворанай ваенізаванай арганізацыі “Роса”. Нагадаю, што былы прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч меўся быць асуджаны за ваенныя злачынствы міжнародным судом у Гаазе, але памёр у турме ў сакавіку 2006 году.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG