Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 год пасьля Чарнобыля: якія праблемы ў Славуціча?


Валер Каліноўскі, Прага Дваццаць гадоў таму, 26 красавіка, калі большая частка Эўропы мірна спала, распачаўся ланцуг падзеяў, які даў пачатак беспрэцэдэнтнай катастрофе ў гісторыі чалавецтва.

У 1 гадзіну 23 хвіліны ночы выбухнуў чацьверты рэактар Чарнобыльскай АЭС, узьняўшы тысячатонную крышу. За гадзіну слуп радыёактыўных матэрыялаў вышынёй у 1 кілямэтар пачаў дрэйфаваць на паўночны захад і далей у Эўропу. Сотні тысяч чалавек, многія зь іх добраахвотна, мужна змагаліся з наступствамі выбуху, каб узяць сытуацыю пад кантроль.

Пра тое, якія высновы зробленыя з падзеяў 20-гадовай даўніны, “Свабода” падрыхтавала сэрыю рэпартажаў, першы зь іх – пра праблемы горада Славуціча, дзе жывуць цяпер супрацоўнікі ЧАЭС.

***

Вуліцы Славуціча ненатуральна нерухомыя, і гэта толькі падкрэсьліваецца, калі зьяўляюцца рэдкія выпадковыя мінакі або групы школьнікаў. Славуціч – дзіця чарнобыльскай катастрофы, ён пабудаваны на пустым месцы для эвакуяваных супрацоўнікаў ЧАЭС і іхных сем’яў.

Энэргічны мэр Славуціча Ўладзімер Удавічэнка, сам былы супрацоўнік ЧАЭС, зьяўляецца нястомным абаронцам інтарэсаў гораду. Ён кажа, што ўкраінскі ўрад недастаткова займаецца забесьпячэньнем працоўнымі месцамі рабочых, звольненых пасьля закрыцьця станцыі.

Беспрацоўе можа стаць сапраўднай катастрофай для Славуціча – з 1999 году колькасьць працоўных месцаў тут зьменшылася амаль на дзьве траціны – з 10 тысяч да 3,600, але і яны з часам могуць зьнікнуць, кажа спадар Удавічэнка.

(Удавічэнка: ) “Галоўная праблема Славуціча – бюджэтная, я ўжо не кажу аб праблемах мэдыцынскага абслугоўваньня, нельга сёньня для калектыву ЧАЭС мець тую ж сыстэму, якую мы маем па ўсёй Украіне, бо тут пражывае 8 тысячаў удзельнікаў ліквідацыі розных катэгорыяў. Такім чынам, мы можам сказаць што дзяржава Ўкраіна не выконвае абавязкі, якія ўзяла на сябе пры спыненьні атамнай станцыі.”

У мінулым верасьні на Чарнобыльскім форуме, арганізаваным ААН, была апублікаваная справаздача наконт экалягічных, сацыяльна-эканамічных і іншых наступстваў катастрофы. У ёй гаворыцца і пра эканамічную дэпрэсію рэгіёнаў, што пацярпелі ад радыяцыі, ды пра маральны стрэс 330 тысяч людзей, якія былі эвакуяваныя са сваіх месцаў пражываньня.

Як паказвае выпадак Славуціча, беспрацоўе зьяўляецца адным з найбольшых нэгатыўных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, бо закрыцьцё станцыі справакавала глыбокі крызыс усёй мясцовай эканомікі. Але ў параўнаньні зь іншымі мясьцінамі Славуціч застаецца нават у прывілеяваным становішчы, паколькі большасьць эвакуяваных грамадзян дагэтуль мае вялікія праблемы з прыстасаваньнем да новых умоваў жыцьця, яны па-ранейшаму пачуваюць сябе вырванымі з роднай глебы.
XS
SM
MD
LG