Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не дазволілі наваполацкім актывістам падтрымаць Казуліна


Радыё Свабода Наваполацкі гарадзкі выканаўчы камітэт не задаволіў заяўкі на правядзеньне месячніка салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным ды іншымі палітзьняволенымі, якую падала група мясцовых актывістаў.

Актывісты плянавалі штодня, з 26 красавіка да 26 траўня, ладзіць ля гарадзкога палацу культуры пікеты з патрабаваньнем вызваленьня палітзьняволеных.

Гарвыканкам даў дазвол толькі на адзін пікет 26 красавіка, матывуючы гэтае сваё рашэньне тым, што іншымі днямі ў палацы культуры будуць ладзіцца масавыя мерапрыемствы, і пляц перад палацам будзе запоўнены людзьмі і транспартам.

Грамадзкія актывісты лічаць, што гарвыканкам даў дазвол на ладжаньне пікету 26 красавіка з адной мэтай: каб яго арганізатары ня выехалі таго дня ў сталіцу, і зьбіраюцца апратэставаць такое рашэньне.

Сёньня ж увечары адзін з падпісантаў заяўкі, Ігар Валяеў, які працуе апаратчыкам на Адкрытым акцыянэрным таварыстве “Палімір”, быў выкліканы да намесьніка генэральнага дырэктара ААТ па кадрах, рэжыму і выхаваўчай працы.

Паводле Ігара Валяева, намесьнік гендырэктара вылучыў перад ім альтэрнатыву: “альбо працаваць на Казуліна, альбо на “Паліміры”.
XS
SM
MD
LG