Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Буцька: У прапагандысцкім цырку “Славянскі базар” Польшчы ня будзе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Амбасада Беларусі ў Польшчы перадала польскаму кіраўніцтву прапановы “ў справе далейшага разьвіцьця польска-беларускіх дачыненьняў”. У дакумэнце адзначаецца, што “Менск не ўгаворвае польскі бок сесьці за стол перамоваў, але лічыць правільным вырашаць праблемныя пытаньні паміж суседнімі краінамі шляхам дыялёгу”.

У дакумэнце, зьмешчаным на інтэрнэт-старонцы беларускай амбасады ў Польшчы, адзначаецца, што Беларусь “працягвае прытрымлівацца пазыцыі аб неабходнасьці нармалізацыі двухбаковых дачыненьняў” і таму гатовая працягваць разьвіцьцё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, працаваць над далейшым спрашчэньнем візавага рэжыму, адкрыцьцём Аўгустоўскага каналу, а таксама падпісаць шэраг міжнародных дамоўленасьцяў і аднавіць працу некалькіх міждзяржаўных камісіяў – у тым ліку камісіі ў справе школаў для нацыянальных меншасьцяў.

Беларускі бок, сярод іншага адзначае, што вітае прыбыцьцё ў Менск новага польскага амбасадара і прапануе Варшаве правесьці дзень польскай культуры на фэстывалі Славянскі базар.

У МЗС Польшчы Радыё Свабода паведамілі, што патрабуюць часу на разгляд беларускіх прапановаў.

(Дабравольскі: ) “Мы толькі ўчора атрымалі гэтыя прапановы. Яны цікавыя і перадусім сьведчаць аб тым, што беларускі бок зьмяніў тон у размовах з намі. Каб мець адказ, патрэбны час – беларускім дыпляматам спатрэбіліся тры тыдні, каб гэтыя прапановы падрыхтаваць, так што і нам трэба крыху папрацаваць”.

Між тым былы намесьнік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марэк Буцька лічыць, што гэтая “зьмена тону”, гэта перадусім спроба ня вельмі ўдалай гульні з Расеяй.

(Буцька: ) “Гэта вельмі прымітыўная спроба націснуць на Расею. Вядома, што расейскі бок пагражае цяпер падвысіць цану газу для Беларусі, дык беларускі бок дае зразумець – зробіце так, дык мы будзем больш блізка супрацоўнічаць з Польшчай, чаго, вядома, Масква ня хоча. Але трэба быць вельмі наіўным, каб лічыць, што Расея “купіць” такі танны шантаж. Гэта так сама, як верыць алькаголіку, калі ён соты раз кажа сваякам, што ня будзе піць, але ўсе ведаюць, што ён і так будзе піць. Гэта наіўнасьць меркаваць, што і польскія дыпляматы гэтага не разумеюць”.

Спадар Буцька лічыць, што прапановы беларускага боку скіраваныя і на тое, каб не дапусьціць далейшага пашырэньня польскім бокам сьпісу неўзяных беларускіх чыноўнікаў, а таксама запабегчы выдаленьню амбасадара Латушкі, што, як кажа Марак Буцька, “пачало станавіцца рэальным”.

Паводле ягоных словаў, тое супрацоўніцтва, пра якое ідзе гаворка ў дакумэнце, нерэальнае, бо паміж Польшчай і Беларусьсю ня вырашаныя шэраг фундамэнтальных пытаньняў.

(Буцька: ) “Гэта чыстая прапаганда. Далейшае разьвіцьцё супрацоўніцтва зь Беларусьсю магчымае, калі Менск вызваліць усіх палітзьняволеных, прызнае кіраўніцтва СПБ на чале з Анжалікай Борыс, аддасьць польскія дамы, але перадусім трэба паўтарыць прэзыдэнцкія выбары, бо як можна разьвіваць супрацоўніцтва з рэжымам, які фальсыфікаваў вынікі выбараў.

Калі беларускія ўлады чакаюць, што Польшча будзе браць удзел у прапагандысцкім цырку які завецца “Славянскі базар”, дык гэта памылка.

Польскія візы Варшава ўжо даўно прапаноўвала зрабіць для беларусаў бясплатнымі, але Менск адмовіўся. Што да памежнага супрацоўніцтва, дык у Беларусі практычна няма самакіраваньня, а значыць польскім мясцовым уладам супрацоўнічаць няма з кім.

Адзіная слушная прапанова, гэта супрацоўніцтва ў справе стыхійных бедзтваў, але па-мойму ў гэтай сфэры Беларусь і Польшча і так нядрэнна супрацоўнічаюць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG