Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Барадулін: “Уся Беларусь — як чарнобыльскі звон”


Міхась Скобла, Менск (эфір 16 красавіка) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Канцэнтрацыяй болю можна назваць новую кнігу Рыгора Барадуліна “Быць!”, куды ўвайшлі вершы пераважна на чарнобыльскую тэматыку.

У дзьвюхмоўнай кнізе — паралельныя тэксты па-ангельску, рыхтуецца выданьне й на японскай мове. Паэтычны тэкст — ён сам па сабе ўшчыльняе мову, наслойвае сэнсы, энэргетычна насычае ланцуг словаў. А тут — і боль, і тэма выбуховай канцэнтрацыі. Ці не пагражае сьвядомасьці чытача своеасаблівая “ланцуговая рэакцыя”? З гэтага й пачалася наша гутарка з народным паэтам.

(Скобла: ) “Спадар Рыгор, я паспрабаваў чытаць кнігу “Быць” і неўзабаве не вытрымаў, адклаў. Столькі чарнобыльскіх вершаў пад адной вокладкай апякаюць, дае пра сябе знаць парог болю”.

(Барадулін: ) “Чарнобыльскі боль незагойны, ён на вякі. Я хацеў, каб сабраныя ў адну кнігу чарнобыльскія вершы паслужылі яшчэ больш балючым напамінам аб тым, што гуляць з атамам небясьпечна. Некалі ў савецкі час быў лёзунг-жарт: “Мірны атам — у кожны дом!” Ну вось і дажартаваліся. Бог увесь сьвет папярэдзіў празь Беларусь. Я разумею, што кніжкай сваёй нічога й нікога не зьмяню, ні ў палітыцы, ні ў грамадзтве, але проста напомню. Можа, некага закране”.

(Скобла: ) “Два гады таму ў вёсцы Барталамееўка ў зоне я зайшоў у адну з хатаў. Усё разбуранае, разрабаванае, толькі шапка на цьвіку вісіць, столькі гадоў... Зона, як у фільме Таркоўскага, поўная знакаў, вобразаў. Як вы лічыце, за два дзесяцігодзьдзі Чарнобыль асэнсаваны нашай літаратурай?”

(Барадулін: ) “Я думаю, што пакуль не асэнсаваны. Творы, што зьявіліся на чарнобыльскую тэматыку, — яны напісаныя похапкам, як водгукі. Атамная катастрофа ў Японіі была ў 1945 годзе, а да гэтага часу ўсё яшчэ асэнсоўваецца. Дарэчы, цікавы факт: у дарэшты зруйнаваным Нагасакі ацалеў толькі касьцельны звон. Каб апавяшчаць і напамінаць людзям пра атамную пагрозу. У нас уся краіна — як звон, мы апавяшчаем сьвет, толькі нас сьвет ня чуе. Чарнобыль жа нікуды не зьнікае, ён разыходзіцца па Беларусі, мы яго глытаем з прадуктамі. Я ня веру, што саркафаг непранікальны. У кнізе “Быць!”, якая выйшла стараньнямі айца Ўладыслава Завальнюка й спадарыні Алы Сакалоўскай, ёсьць верш пра нагасацкі звон, прысьвечаны прафэсару з Нагасакі, вялікаму сябру Беларусі Шунічы Ямашыта.

Ад жаху пякельнага У Нагасакі Час аніяк ня мог далічыцца дзён. Разгублены Задыяк Свае пераблытаў знакі. Апраменены небасхон Сьцяўся і анямеў. Гэта Гасподні гнеў Паўтарыў над зьнявераным сьветам Касьцельны звон, Які адзін ацалеў З усяго, што жыло і трывала тут, Каб клікаць на Страшны суд, Каб нагадваць, што розум Быць мусіць цьвярозым. Бо з апрамецьця пакліканы атам Робіцца катам Заклятым”.

(Скобла: ) “Вы кажаце, што многія творы пра Чарнобыль напісаныя похапкам. А апавяданьне “Львы” Івана Пташнікава, а “Ваўчыная яма” Быкава, а “Чарнобыльская малітва” Алексіевіч?”

(Барадулін: ) “Я ня меў на ўвазе прозу, якая тут мае большыя набыткі. Самы прачулы, па-беларуску ўзважаны твор пра Чарнобыль — “Ваўчыная яма” Васіля Быкава. Я не адмаўляю вартасьці “Чарнобыльскай малітвы” Сьвятланы Алексіевіч, хоць лічу яе больш журналістыкай. Кніга гэтая заклікае задумацца, але глыбокага асэнсаваньня ў сабе не ўтрымлівае. Гэта мая думка, хай Сьвятлана ня крыўдзіцца. А Пташнікаў… што ж, ён харошы стыліст…”

(Скобла: ) “Здаецца, што можа быць больш праўдзівей і натуральней за словы, за наказ Кастуся Каліноўскага: “Бывай здаровы, крывіцкі народзе! Жыві ў праўдзе, жыві ў свабодзе”. Але атрымліваецца, што многа ахвотнікаў жыць у хлусьні. У тым ліку ў хлусьні пра Чарнобыль. Адкуль такое жаданьне?”

(Барадулін: ) “Жаданьне жыць у хлусьні ад стойлавага ўтрыманьня народу. Беларусаў дзьвесьце гадоў трымала ў стойле Расея. Вынішчаная была эліта беларуская. А Беларусь — гэта цемя Эўропы, таму заўсёды б’юць па цемені. Ня б’юць па пятках, ня б’юць па азадку, а б’юць па цемені, каб выбіць розум. А тады — у стойла, і праўда ня трэба. Да таго ж, праўда вочы коле. А хлусьня — салодкая, яна амаль датыкаецца да мары. І калі хлусьню, як іньекцыю, увесьці ў мару, то хлусьня стане марай.

Памятаеце яшчэ адзін лёзунг: “Наступнае пакаленьне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізьме!” Націск быў на слова “будзе”. З хлусьнёй і спаць лёгка. А пасьля праўды не засьнеш. Я нядаўна задумаўся над словамі песьні: “Вякамі мы спалі ды нас разбудзілі, сказалі, што трэба рабіць…” Гучыць для нас знакава — “трэба рабіць”, хопіць спаць. А каму хочацца працаваць… У нас больш ходкі лёзунг: “Пад’еў — аюсь у хлеў”.

(Скобла: ) “У красавіку і ў Менску, і ў Маскве адзначаўся дзесяцігадовы юбілей саюзу Беларусі й Расеі. Гучала, як звычайна, інтэграцыйная рыторыка, але з націскам на тое, што беларусы й расейцы — адзін народ. На гэтую тэму выказаліся й Пуцін, і галоўны думец Грызлоў, і міністар замежных справаў Расеі Лаўроў. Ня кажучы ўжо пра галоўнага інтэгратара, які ў Менску. Да якой пары будзе існаваць пагроза з боку Расеі?”

(Барадулін: ) “Яна вечная, гэтая пагроза. Таму што Расея ніяк ня можа пазбыцца імпэрскага мышленьня. Яе ўсё цягне да імпэрыі. Савецкі Саюз быў той самай імпэрыяй — з чырвоным сьцягам і пяцікутнай зоркай замест арла. Пакуль Расея не адмовіцца ад імпэрскіх замашак, яна будзе старацца паглынуць Беларусь. Адзіная пакуль перашкода на гэтым шляху — нежаданьне Лукашэнкі быць падначаленым.

Я ня супраць Расеі, я ня супраць расейскага народу. Гэта вялікая культура, вялікі народ, але яму трэба навучыцца паважаць сваіх суседзяў. Быць вялікім за кошт другіх — гэта ня веліч. Дарэчы, вельмі добра пра нашу ўсходнюю суседку сказаў Уладзімер Ільліч Ленін: “Расея — турма народаў”. І другія ў яго выказваньні былі пра Расею, ня самыя прыемныя.

Адзіны, хто нас уратуе, — Бог. Я заўсёды паўтараю: беларусы — экспэрымэнтальная нацыя ў Пана Бога. А экспэрымэнт заўсёды робіцца на добры вынік. Вось толькі колькі будзе працягвацца гэты экспэрымэнт — ніхто ня ведае”.

(Скобла: ) “Цяпер у Расеі аб’ядноўваюць рэгіёны. За далучэньне Карацкай акругі да Іркуцкай вобласьці прагаласавала амаль 98% жыхароў. Крый Бог, у нас зладзяць аб’яднальны рэфэрэндум, спрактыкаваная спадарыня Ярмошына пры патрэбе “налічыць” ня менш”.

(Барадулін: ) “Думаю, да гэтага ня дойдзе. Кіроўная эліта беларуская ня згодзіцца. А рабочая кляса наша зрусыфікаваная, яна за што хочаш прагаласуе. Паглынаньне культураў адбываецца ня толькі ў Расеі. Тое самае было і ў Амэрыцы. Але чаму ня браць за ўзор будучага існаваньня Эўропу?

Там усе — добрыя суседзі. Эўропа тым і цікавая, што яна — рознанацыянальная, рознамоўная, рознакультурная. А вазьміце Амэрыку. У сэнсе культурным яна нецікавая сьвету. Там добра жывуць, смачна ядуць, але… Тыя ж самыя віскі — гэта ж самагонка нашая. Самагонка — не амэрыканскае вынаходніцтва. Я цяпер па міжнародным тэлеканале "Animal planet" гляджу перадачы пра жывёлаў. Амэрыканцы вынішчылі ўсе культуры, усе плямёны, а цяпер узяліся паказваць: вось кракадзілы, вось дэльфіны, лісіцы, зайчыкі… І дужа плачуць, што зьнікае пэўны від жывёлаў. А чаго ж вы ня плакалі, калі зьнікалі цэлыя плямёны?”

(Скобла: ) “Вы сябравалі са сваім слынным земляком Петрусём Броўкам — заснавальнікам выдавецтва “Беларуская савецкая энцыкляпэдыя”. Пад яго наглядам узводзіўся й будынак энцыкляпэдыі за Акадэміяй Навук. І вось навіна — будынак забіраецца й перадаецца ў Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Энцыкляпэдысты ў роспачы — іх высяляюць. Што вам бачыцца за гэтым крокам уладаў?”

(Барадулін: ) “Энцыкляпэдыя будавалася на маёй памяці. Броўка неяк сказаў: “Калі б я напісаў, дзе мне давялося пабываць, каб атрымаць дазвол на энцыкляпэдыю, то атрымалася б тры тамы!” З аднаго боку мы крычым: “За стабільную, за самастойную, за незалежную Беларусь!” А з другога боку — ну якая гэта краіна без энцыкляпэдыі?

Самы лепшы аргумэнт на карысьць стабільнасьці — энцыкляпэдыя. Бо энцыкляпэдыі, як правіла, не выдаюцца ў нестабільныя часы. Зрэшты, нашто нам энцыкляпэдыя, мы і так усё ведаем. Пачытайце школьныя падручнікі па гісторыі, там Кастусь Каліноўскі характарызуецца як авантурыст! Нават у савецкі час не дазвалялася гаварыць такое пра Каліноўскага!

А тады ў Броўкі ў ЦК КПБ спыталіся прастадушна: “Нашто нам энцыкляпэдыя?” І Броўка адказаў: “Нацыя тады існуе, калі ў яе ёсьць энцыкляпэдыя і каляндар! Вам трэба пра гэта ведаць!” То нават цэкоўцы ведалі, што без энцыкляпэдыі нельга жыць. Энцыкляпэдыя — гэта памяць нацыі, яна дакопваецца да каранёў нацыі. Таму ўлады й сякуць пад корань”.

(Скобла: ) “Беларуская мова робіцца ўсё больш чужой для беларускай улады. Гэта было відно хоць бы па тым, як зь цяжкасьцю па-беларуску чытаў сваю клятву на інаўгурацыі Аляксандар Лукашэнка. Відаць, зыходзячы з гэтага, некаторыя беларускія літаратары пачынаюць пісаць і па-расейску. І мне прыгадалася, што на розных мовах пісалі Карлас Шэрман, Валянцін Тарас, Аляксей Зарыцкі, Алег Лойка. А вы як ставіцеся да полімоўнай творчасьці?”

(Барадулін: ) “Калі пісаць сур’ёзна, то трэба пісаць на адной мове. На мове маці, на мове крыві, на мове сваёй сьвядомасьці. А забаўляцца можна і на другой ці трэцяй. І Пушкін, памятаеце, пісаў па-француску. Але на якой мове Пушкін застаўся? Родная мова — гэта маці, а другая мова — гэта мачыха. Вы назвалі прозьвішчы. Я вам прывяду другі прыклад. Ёсьць такая паэтка Марына Наталіч (Натальля Давыдзенка). Яна карэнная расіянка, нарадзілася на Далёкім Усходзе, у горадзе Ваніна. Але яна так вывучыла беларускую мову, што піша на ёй вершы. А пераход некаторых нашых літаратараў на мову расейскую — гэта чыста палітычная кан’юнктура. Ня дай Бог кіраўнік дзяржавы па-фінску загаворыць, яны па-фінску пачнуць пісаць.

Шэрман пісаў па-гішпанску, бо гэта была яго родная мова. Ён — зьява ўнікальная. Хоць калісьці Сталін гаварыў, што “незаменимых нэт”, усё-ткі Шэрман практычна незаменны. Сьветлая яму памяць. Бяз Шэрмана я — як бяз рук у перакладаньні гішпанскай паэзіі.

Сёньня ў нас самы пэрспэктыўны перакладчык — Лявон Баршчэўскі, які ведае пятнаццаць моваў. А так уся надзея на моладзь, якая, праўда, ня ведае натуральнай беларускай мовы. Трэба вывучыць. А “вывучыць” рыфмуецца з “вымучыць”. Добра, што моладзь мае ня толькі крапівоўскі слоўнік, які калечыў беларускую мову, але й слоўнікі Ластоўскага, Насовіча… Наша бяда ў тым, што падрастае цэлае пакаленьне этнаграфічных беларусаў”.

(Скобла: ) “Месяц таму я ў Празе пазнаёміўся з Максімам Шчурам, які ведае мовы й выдатна перакладае гішпанскую клясыку. Будзем спадзявацца, што яны разам зь Якубам Лапаткам перакладуць тое, да чаго ў Шэрмана не дайшлі рукі. Дарэчы, Лапатка перакладае цяпер фінскі эпас “Калевалу”. Я чытаю руну за рунай, якія ён мне дасылае, і думаю: узяўся б хто з нашых паэтаў і напісаў эпічную паэму, заснаваную на беларускіх мітах! Вы, здаецца, падступаліся да гэтай тэмы?”

(Барадулін: ) “У мяне пачатая паэма, заснаваная на мітах, на паданьнях і легендах беларускіх. Калі Бог дасьць гадоў і сілаў, то я паспрабую ўзяцца. Але ў нас такая краіна, ня ведаеш, што заўтра будзе. Вось давяду да ладу ўшацкі кнігазбор і вазьмуся. Бо цяпер мяне слоўнік вушацкі не адпускае. Я прачынаюся ці хаджу, а зь мяне, як камяні зь зямлі выходзяць словы й выразы ўшацкія”.

(Скобла: ) “Пакажыце, як будзе выглядаць будучая беларуская “Калевала”.

(Барадулін: ) “У адзін бок — сьведкам Бог — прайшла Дзьвіна, сьветлая да дна. А ў другі бок радасна пацёк сам Дняпро — сьцюдзёнае нутро. Вось у гэтых абшарах, дзе начуюць маланкі ў хмарах, Белаполь пачаў сяліцца каля вады, капаць крыніцы, заводзіць свае лады. У гэтага Белаполя ад розных жонак, бо тады дазвалялі законы, і разьвяліся розныя плямёны. Маладзіцы, са стога ўцёкшы папраўляць спадніцы, мужчыны, адным духам асушыўшы коўш медавухі, выціраюць вусы. Плямёны гэтыя маюць прозьвішча — беларусы. Яны і да гэтага часу там ходзяць, зямельку скародзяць ды сеюць жыта. Жывуць і ўлежна, і ўежна, і самавіта”.

(Скобла: ) “Ваша пакаленьне — ці ня самае працавітае ў беларускай літаратуры. Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Мікола Арочка, Анатоль Клышка, Кастусь Цьвірка…І ніхто не пралайдачыў свой талент. Што гэтаму паспрыяла?”

(Барадулін: ) “Мы — дзеці вайны. Мы цягнуліся да ведаў, да сьвятла. Перад усімі намі стаяла задача: беларускую мову аграніць, адшліфаваць, каб яна была пачутая Богам. Мы — апошняе пакаленьне натуральных беларусаў. Кожнае беларускае слова мы бачылі ў расе. А пазьнейшыя пакаленьні бачылі тыя словы загорнутымі ў цэляфане”.

(Скобла: ) “І кніга “Быць!”, і папярэдняя кніга “Ксты” выдадзеныя Рымска-каталіцкай парафіяй Сымона і Алены. Праходзяць прэзэнтацыі гэтых кніг у касьцёлах па ўсёй Беларусі. Ці ёсьць розьніца, дзе вершы чытаць — у Доме літаратара, напрыклад, ці ў касьцёле?”

(Барадулін: ) “У касьцёле выступаць, вядома ж, больш адказна, напружана і ўдзячна. У Доме літаратара добра, але там больш трэба працаваць на публіку.

А ў касьцёле трэба думаць, што — Бог чуе. Там нельга фальшывіць, вырабляцца, выстаўляць сябе. Памятаю надпіс у нейкім касьцёле: “Ціха! Бог блізка”. І мяне ў храмах не пакідае адчуваньне, што Бог блізка.

Падчас адной з прэзэнтацый у касьцёле падышла маладзіца й папрасіла: “Хутчэй падпішыце мне кнігу, бо трэба карову даіць, з поля прыйшла”. А яшчэ кажуць, што ў нас паэзію перасталі чытаць. З-за гэтага аднаго варта было ехаць за трыста кілямэтраў! Падобныя здарэньні й дазваляюць заставацца аптымістам. У гэтыя чарнобыльска-велікодныя дні я хацеў бы сказаць усім беларусам:

Чарнобыльскі жах Не ўпалыніць наш лёс. І стане пагодлівым летам прадвесьне. Хрыстос уваскрос! Хрыстос уваскрос! Хрыстос уваскрос! І наш Край уваскрэсьне!”
XS
SM
MD
LG