Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына адкрывае свой найбуйнейшы ваенны архіў


Кастусь Бандарук, Прага Пад ціскам з боку шэрагу краінаў, пасьля дзесяцігодзьдзяў адмоваў зрабіць гэта, Нямеччына ўрэшце згадзілася адкрыць доступ да сваіх архіваў з часоў Другой усясьветнай вайны. Аб гэтым паведаміла ў Музэі Галакосту ў Вашынгтоне міністар юстыцыі ФРН Брыгіта Цыпрыс.

Найбуйнейшы ў сьвеце архіў ахвяраў Галакосту – гэта нямецкі ваенны архіў, які ўтрымлівае 50 мільёнаў дакумэнтаў з часоў нацызму.

Надзвычайную важнасьць рашэньня аб адкрыцьці архіваў пацьвердзіў дасьледчык зь Міжнароднай групы па адукацыі, памяці і дасьледаваньня Галакосту – Карэл Фрэкапэйн.

(Фрэкапэйн: ) “Там знаходзяцца самыя розныя дакумэнты, сабраныя саюзьнікамі пасьля Другой усясьветнай вайны. Яны надзвычай важныя з гістарычнага пункту погляду. Гэта дакумэнты пра перамешчаных асобаў, ахвяраў Галакосту, сьпісы вязьняў канцлягераў. Гэта багаты матэрыял для дасьледчыкаў”.

Архіў утрымвае інфармацыю пра амаль 17,5 мільёнаў ахвяраў гітлераўскай сыстэмы рэпрэсіяў. Архіўныя дакумэнты былі канфіскаваныя сіламі антыгітлераўскай кааліцыі пасьля вызваленьня нацысцкіх канцлягераў ў 1945 годзе. Яны захоўваюцца і апрацоўваюцца ў Бюро пошукаў Міжнароднага чырвонага крыжа ў мястэчку Бад Арользэн ў Гесэне. Паводле дамовы падпісанай краінамі ўдзельніцамі антыгітлераўскай кааліцыі ў 1955 годзе, узначальвае Бюро грамадзянін нэўтральнай Швайцарыі. Дагэтуль доступ да архіваў мелі толькі самі ахвяры Галакосту і іхныя блізкія, а з 1996 таксама некаторыя, вельмі нешматлікія гісторыкі і навукоўцы.

На думку дасьледчыка з Музэю Галакосту ў Вашынгтоне Пола Шапіра, адкрыцьцё архіваў надзвычай важнае ня толькі для сем''яў ахвяраў нацызму, але і для гістарычнай праўды.

(Шапіра: ) "Магчыма, у архівах знойдуцца новыя зьвесткі пра нацысцкіх злачынцаў. Хаця большасьць зь іх ужо памерлі, і немагчыма іх прыцягнуць да адказнасьці, аднак яны прынамсі стануць перад судом гісторыі. Гэта дазволіць таксама належным чынам скапіяваць на мікрафільмы і задакумэнтаваць злачынствы".

Дагэтуль Нямеччына, а таксама Італія супраціўляліся свабоднаму доступу да архіваў. Чарговыя ўрады ФРН заяўлялі, што архівы належаць таму, хто іх склаў, гэта значыць немцам, і яны павінны захоўвацца ў Нямеччыне. Улады Нямеччыны спасылаліся таксама на закон аб ахове пэрсанальных дадзеных, што ў архівах могуць быць зьвесткі якія не падлягаюць публікацыі, напрыклад, аб крымінальным мінулым вязьняў, альбо іхным гомасэксуалізьме.

Каб усе, хто жадае атрымалі свабодны доступ да нямецкіх архіваў, патрэбная яшчэ згода адмысловай Кіраўнічай камісіі архіву. У яе склад ўваходзяць 11 краін: Вялікая Брытанія, Бэльгія, Грэцыя, Галяндыя, Італія, Ізраіль, Люксэмбург, Францыя, ФРН, Польшча і Злучаныя Штаты. Чарговае пасяджэньне Камісіі адбудзецца 16 траўня ў Люксэмбургу, і тады можа быць прынятае канчатковае рашэньне ў справе адкрыцьця архіваў.
XS
SM
MD
LG