Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэкан БДЭУ патрабаваў публічнага пакаяньня студэнткі (фота)


Радыё Свабода У Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце (БДЭУ) адбыўся студэнцкі сход у справе студэнткі 4-га курсу Тацяны Дзядок. Яна адбыла 10 сутак арышту за ўдзел у пратэстах на Кастрычніцкай плошчы Менску. Кіраўніцтва навучальнай установы патрабавала, каб студэнты асудзілі сваю аднагрупніцу, а Тацяна Дзядок публічна пакаялася за свае паводзіны. Дзяўчыну прыйшлі падтрымаць дзясяткі студэнтаў зь іншых навучальных установаў, аднак многія былі затрыманыя супрацоўнікамі спэцслужбаў на падыходах да ўнівэрсытэту.

Студэнты пачалі зьбірацца каля будынку эканамічнага ўнівэрсытэту за сорак хвілінаў да пачатку сходу, але іх ужо чакалі каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным. Яны забаранялі набліжацца да ўваходу, адмаўляліся паказваць дакумэнты, а некалькі чалавек усё здымалі на відэакамэру.

(Чалавек у цывільным: ) “Малады чалавек, пакіньце гэтую плошчу”.

(Юнак: ) “Прабачце, але ці можна вашыя дакумэнты пабачыць?”

(Чалавек у цывільным: ) “Я паказаў вам дакумэнты”.

(Юначка: ) “Там няма вашага імя і прозьвішча, няма фотаздымка”.

(Карэспандэнтка: ) “А чаму вы патрабуеце ад чалавека пакінуць гэтую плошчу? Што ён зрабіў недазволенага?”

(Чалавек у цывільным: ) “Я ніякіх камэнтароў даваць вам ня буду і прыбярыце мікрафон”...

У выніку былі затрыманыя 11 чалавек. Сярод іншых Юры Талстой.

(Талстой: ) “Калі я сюды прыйшоў, мяне адразу ж забралі й павялі, я ня ведаў куды. Адвялі ў машыну, запатрабавалі дакумэнты й загадалі зьняць джынсавы шалік. Каля я яго зьняў, яны мяне адпусьцілі”.

Гэткім чынам, студэнты мусілі сабрацца ў сквэры насупраць будынку ўнівэрсытэту. Многія былі з павязанымі джынсавымі хусткамі, а ў руках трымалі сьцяжкі Эўразьвязу, Канстытуцыю й газэту “Народная Воля”.

Падтрымаць Тацяну Дзядок прыйшлі ня толькі сябры-студэнты, але й былыя вязьні турмы на Акрэсьціна, а таксама незнаёмыя ёй людзі.

(Спадар: ) “Мы сабраліся ў гэтым парку, каб падтрымаць Тацяну, хоць мы даўно закончылі сваё навучаньне. Мы праграмісты”.

(Іншы спадар: ) “Праграмістаў тут шмат”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы зь якіх навучальных устаноў?”

(Юначка: ) “Я з БДУ, гістфак”.

(Іншая юначка: ) “А я зь ёю разам сядзела”.

(Юнак: ) “Я таксама прыйшоў падтрымаць Тацьцяну, бо мне вельмі не падабаецца тое, што тут адбываецца. Тацяна, трымайся, мы з табой”.

(Спадарыня: ) “Па-першае, я супраць страху, супраць ілжы, супраць запалохваньня людзей. Па-другое, я сядзела з гэтай дзяўчынай у адной камэры. Па-трэцяе, я наагул, калі чытала кнігі пра Савецкі Саюз, мяне ванітавала ад панятку таварыскі суд. Я не хачу, каб ён быў адроджаны на Беларусі й хачу спытаць у выкладчыкаў і студэнтаў, ці памятаюць яны пра гэткі "архаізм" як сумленьне”.

Пасьля сходу Тацьцяну Дзядок сустрэлі бел-чырвона-белымі кветкамі й аплядысмэнтамі. Дзяўчына кажа, што намаганьні дэкана ўнівэрсытэту Мікалая Кабушкіна ня мелі плёну й адной з прычынаў сталася салідарная падтрымка звонку.

(Дзядок: ) “Яны павінныя былі галасаваць за тое, ці выйду я яшчэ раз на вуліцу ці не, добра я паводзілася ці дрэнна, хто згодны з гэтым, а хто – не. І група адмовілася, група хадайнічала пра мінімізацыю пакараньня для мяне. Я лічу, што гэта быў элемэнт запалохваньня студэнтаў”.

Паводле Тацяны Дзядок, прадстаўнікі адміністрацыі ўнівэрсытэту паводзілі сябе груба, яны гвалтам выцягнулі з залі паседжаньня яе грамадзкага прадстаўніка Крысьціну Шацікаву.

Вось як Крысьціна пракамэнтавала гэтыя падзеі.

(Шацікава: ) “З Таняй мы былі на плошчы Каліноўскага, з Таняй мы сядзелі ў адной камэры. І сказаць, што гэтых людзей пасьля ўсяго, што яны прайшлі, можна зламаць ці запалохаць хамствам ці пагрозамі, то гэты час скончыўся”.

Як паведаміла Тацяна Дзядок, кіраўніцтва ўнівэрсытэту пакінула за сабой права вырашаць яе далейшы лёс, але якімі будуць далейшыя крокі дэканату пакуль невядома.

Учора ў эканамічным унівэрсытэце адбыўся аналягічны сход адносна студэнткі Вольгі Сныткінай, а сёньня – у дачыненьні Марыны Вашкевіч.

Калі удзельнікі сходу салідарнасьці пачалі разыходзіцца, іх пачалі затрымліваць супрацоўнікі спэцслужбаў. У міліцыі Ленінскага раёну Менску паведамілі, што 9 чалавек былі адпушчаныя, у Кастрычніцкім і Цэнтральным заявілі, што затрыманых студэнтаў у іх не было. У сапраўднасьці ж было затрымана як найменш 12 чалавек.

Гл.таксама • Экс-прарэктар БДУ: "Гэта не пэдагогі, а прыслужнікі!" • А.Казулін асудзіў дзеяньні рэктара БДЭУ Шымава • Былая намесьніца міністра адукацыі, прарэктар ЭГУ: "Калі ўнівэрсытэт становіцца такім, то ў краіны няма будучыні" • Якая практыка публічных пакаяньняў у Беларусі?
XS
SM
MD
LG