Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці эфэктыўна дзяржаўная палітыка ў вырашэньні чарнобыльскіх праблем?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 18 красавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: былы намесьнік старшыні Белдзяржаграпрому Іван Нікітчанка і кіраўнік беларускага сацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль” Васіль Якавенка.

(Валер Карбалевіч: ) "К 20-годзьдзю Чарнобыльскай аварыі афіцыйныя ацэнкі дзейнасьці дзяржаўных органаў па вырашэньні праблем яе наступстваў даволі аптымістычныя. Улады робяць акцэнт на дасягненьні, а не на праблеме, даводзяць, што радыяцыйная абстаноўка ў пацярпелых раёнах стабільна паляпшаецца. Прэм’ер Сідорскі выступаючы на парлямэнцкіх слуханьнях, адзначыў, што асноўны кірунак працы па мінулай Чарнобыльскай праграме быў ліквідацыя наступстваў аварыі, а новая чацьвёртая праграма арыентуецца на адраджэньне і ўстойлівае разьвіцьцё пацярпелых раёнаў. Дык ці можна сьцьвярджаць, што праблема ліквідацыі наступстваў аварыі ў Беларусі вырашана?"

(Іван Нікітчанка: ) “Мы знаходзімся ў самым пачатку наступстваў аварыі. Чарнобыль будзе шмат часу ўплываць на Беларусь. Той прагноз, які мы рабілі ў 1986-1987 гадах, цяпер спраўджваецца. Сьмяротныя выпадкі пачаліся праз 7-8 гадоў.

У выніку з 1993 году пачалося зьмяншэньне колькасьці насельніцтва. На сёньня яно зьменшылася амаль на 470 тысяч чалавек. Паводле прагнозаў дэмографаў гэты працэс будзе цягнуцца да 2020 году, і Беларусь згубіць каля 1 мільёну жыхароў”.

(Карбалевіч: ) “Але скарачэньне насельніцтва – гэта зьява, характэрная для шмат якіх краінаў Эўропы, дзе карэннае насельніцтва скарачаецца без усялякага Чарнобыля. Магчыма і ў Беларусі сытуацыя зьвязаная ня толькі з наступствамі катастрофы, а зь іншымі чыньнікамі”.

(Нікітчанка: ) “Я зьвязваю гэта з Чарнобылем. Цяпер хварэюць людзі, якія падчас аварыі хадзілі ў школу і садок. Зьявіліся хваробы, якіх у нас не было да аварыі. Найперш, пацярпелі тыя органы, якія першымі сустракаліся з радыяцыяй: лёгкія, крывяносная сыстэма, цэнтральная нэрвовая сыстэма.

Людзі, якія жывуць у забруджанай зоне, харчуюцца тым, што там вырошчваюць на агародзе, маюць удзельную радыёактыўнасьць цела значна вышэй за крытычную мяжу. Для дарослых такая мяжа – 50 бэкерэлей на кіляграм вагі, для дзяцей – 30. Людзі, якія маюць удзельную радыёактыўнасьць цела вышэй за гэтыя лічбы, усе хворыя на розныя захворваньні. А ў Заходняй Эўропе гэтага няма. Таму нельга казаць пра ліквідацыю наступстваў аварыі”.

(Васіль Якавенка: ) “Такія акцэнты ў дзяржаўнай Чарнобыльскай праграме несамавітыя і палітычна скарасьпелыя. У дакладзе Сідорскага на парлямэнцкіх слуханьнях адзначалася, што ў выніку аварыі Беларусь панесла страты на суму 235 мільярдаў даляраў, а з 1989 года на ліквідацыю яе наступстваў патрачана 17 мільярдаў даляраў. Нават з гэтай арытмэтыкі не выцякае выснова, што трэба біць у пераможныя званы.

Ня толькі нашы ўлады, але некаторыя ў замежжы сьпяшаюцца “закрыць” чарнобыльскую праблему. Таму што гэтая праблема да многага абавязвае. Гадоў 4-5 таму ў нашай Нацыянальнай Акадэміі навук выступаў генэральны дырэктар МАГАТЭ аль-Барадэі, які заявіў, што ў вас няма чарнобыльскай праблемы. І тут нашы акадэмікі пачалі дружна пляскаць у ладкі. Гэта мяне вельмі паразіла.

Чарнобыльскую праблему ў нас “закрываюць” даўно. Некалькі гадоў таму мы ў сваёй газэце “Набат” пісалі пра тое, што пад выглядам рэабілітацыі на землях, выведзеных зь сельскагаспадарчага карыстаньня, пачалі вырабляць прадукцыю. І цяпер засяваюць. А на гэта заплюшчваюць вочы.

Цяпер у Беларусі рэалізуецца міжнародная праграма CORE. Паводле яе, у пяці раёнах выпрацоўваецца мадэль жыцьця на забруджаных землях. Пры гэтым не ўлічваецца, што з дазволу ўладаў радыяцыя расьцягваецца па тэрыторыі ўсёй краіны.

На адным навуковым форуме, дзе абмяркоўвалася гэтая праграма, я выступіў і сказаў пра ўсе яе хібы. Падчас перапынку да мяне падыходзілі людзі, ціснулі руку і з-за таго, што я асьмеліўся так заявіць казалі: “Вы наш беларускі Сахараў”. Гэта сьведчыць пра тую сытуацыю, якая ў нас складваецца пры абмеркаваньні чарнобыльскіх праблем”.

(Карбалевіч: ) "Сёньня мы вымушаны канстатаваць відавочны факт: дзяржава істотна зьмяншае колькасьць і аб''ём чарнобыльскіх праграмаў, дапамогу чарнобыльскім раёнам. Цяпер недзе ня больш 6% расходнай часткі дзяржбюджэту ідзе на гэтыя мэты, у той час, калі раней гэтая лічба даходзіла да 20% і болей. Скараціліся льготы людзям, пацярпелым ад аварыі. Фактычна, дэмантуецца сыстэма радыяцыйнага кантролю. Засталося толькі траціна лябараторый кантролю за харчаваньнем у параўнаньні з 1990 годам.

Ствараецца ўражаньне, што ўлады мэтанакіравана і штучна імкнуцца паменшыць нэгатыўныя наступствы аварыі, зрабіць выгляд, што сытуацыя паляпшаецца. Некаторыя забруджаныя рэгіёны аб’яўляюцца амаль што чыстымі. Сам Лукашэнка адобрыў вяртаньне ў забруджаныя раёны. Што азначае такі падыход?"

(Іван Нікітчанка: ) “Я вымушан з горыччу канстатаваць, што ўрад увогуле выкінуў чарнобыльскую праблему зь ліку першачарговых пытаньняў, якія трэба вырашаць.

А між тым, гэта праблема № 1 для Беларусі. Таму што нам пагражае выміраньне. Таму што, сапраўды, расьцягнулі радыяцыю па ўсёй краіне. Няма ніводнай вобласьці, дзе не было б радыёактыўных плямаў. На забруджаных тэрыторыях застаецца жыць каля 1,8 мільёнаў чалавек, у тым ліку, каля паўмільёна дзяцей. Іх няма куды перасяліць.

Таму трэба прыняць усе захады, каб абараніць людзей ад брудных прадуктаў харчаваньня. Сёньня людзі атрымліваюць радыяцыю толькі за кошт брудных прадуктаў.

У першыя гады пасьля аварыі, калі я займаўся гэтай справай, мы забясьпечвалі людзей у гэтай зоне “чыстым” мясам, малаком, хлебам і нават прывозілі карма каровам. А на кожным прысядзібным участку мы ўносілі на 10 сотках адмысловую гліну, якая паглынала радыёнукліды і не пускала іх у расьліны.

А потым пасьля распаду СССР усё гэта зьнікла. І цяпер такой дапамогі людзям няма. 1 верасьня 1995 году Лукашэнка выдаў указы № 349 і № 350, якімі ліквідаваў усе кампэнсацыі і льготы, якія былі прадугледжаныя законам “Аб сацыяльнай абароне грамадзян”. Такі закон Беларусь прыняла першай, пасьля яе аналягічныя законы прынялі ў СССР, Расеі і Ўкраіне. Ва Ўкраіне і Расеі гэты закон дасюль працуе, а ў нас ужо няма.

Канечне, на дэмаграфічную сытуацыю ўплываюць ня толькі наступствы аварыі. Зразумела яна падняла ўсе іншыя чыньнікі. Тут уплываюць і сацыяльныя праблемы і беднасьць.

Такая сытуацыя будзе працягвацца датуль, пакуль людзі не аб’яднаюцца. Таму што гэтай бюракратычнай сьцяне можа супрацьстаяць толькі сіла. Ахвяры Чарнобыля павінны аб’днацца ў адзіны народны рух”.

(Карбалевіч: ) “Лукашэнка сьцьвярджае, што чым размазваць гэтыя чарнобыльскія грошы, аддаючы кожнаму пацярпеламу невялічкую суму ў выглядзе льгот, лепш сканцэнтраваць іх у руках дзяржавы і пабудаваць нейкія буйныя аб’екты, якія б падтрымлівалі жыцьцядзейнасьць людзей у забруджанай зоне. Як вы пракамэнтуеце гэтую ідэю?”

(Нікітчанка: ) “Замест буйнага будаўніцтва трэба абараняць кожнага чалавека. Калі гэтыя грошы, якія выдавалі на рукі невялікія, то чаму іх не павялічыць, не кампэнсаваць інфляцыю?”

(Васіль Якавенка: ) “Уплыў радыяцыі на насельніцтва будзе павышацца. Рэальнасьць зусім не адпавядае афіцыйным дэклярацыям. У гэтай зоне насьпявае яшчэ адна выбуховая рэч. Гэтыя землі засяляюцца іншаземцамі з-за межаў Беларусі. Адбываецца дэпапуляцыя беларускага насельніцтва. І гэтую праблему яшчэ давядзецца вырашаць. Усё гэта адбываецца таму, што людзі, якія стаяць пры ўладзе, жывуць адным днём”.

(Карбалевіч: ) "Новая Чарнобыльская праграма разьлічана на пэрыяд 2006-2010 гады, прадугледжвае адраджэньне і ўстойлівае разьвіцьцё пацярпелых раёнаў, павышэньне якасьці жыцьця і інш. Як можна ацаніць гэтую праграму, яе асноўныя кірункі?"

(Іван Нікітчанка: ) “Дзяржаўная праграма павінна абараняць кожнага чалавека, а не ўвогуле рэабілітаваць тэрыторыю. Трэба памяняць падыход да заніраваньня гэтай тэрыторыі, кантраляваць удзельную радыёактыўнасьць людзей, а не тэрыторый. Галоўная праблема – забясьпечыць людзей чыстымі прадуктамі харчаваньня.

Міжнародны банк рэканструкцыі і разьвіцьця адкрыў транш у “Прыёрбанку” для разьвіцьця сельскіх гаспадарак у гэтай зоне. Але скарыстацца гэтымі грашыма цяжка. Па-першае, чалавек, які хоча ўзяць крэдыт, павінен забясьпечыць 30% ад сумы праекту сваімі грашыма. А ў яго няма грошай.

Па-другое, чалавек павінен унесьці маёмасьць у якасьці закладу. Але акрамя старой хаты, у яго нічога няма. А зямля знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, разьвіваецца тэндэнцыя прывыканьня да наступстваў катастрофы, і як вынік, прытупленьня ўвагі да гэтых пытаньняў. І галоўную ролю ў такой палітыцы адыгрываюць улады, якія імкнуцца зьменшыць вастрыню праблемы, і такім чынам, як бы часткова зьняць яе, перабольшыць дасягненьні дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сфэры. Такая сытуацыя зьяўляецца пэўнаю пагрозаю для беларускага соцыюму, яго здароўя і будучыні".
XS
SM
MD
LG