Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары Чарнобыльскага шляху пагадзіліся са зьменай маршруту


Радыё Свабода Маршрут Чарнобыльскага шляху-2006 будзе пралягаць ад Акадэміі навук па вуліца Сурганава да парку Дружбы народаў, што ля плошчы Бангалор. Менавіта такі варыянт прапанавалі сталічныя ўлады. Сёньня намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, які падаваў афіцыйную заяўку на правядзеньне Чарнобыльскага шляху, даў згоду на такі варыянт.

Першапачаткова Віктар Івашкевіч прасіў гарадзкія ўлады дазволіць сабрацца на Кастрычніцкай плошчы Менску 26 красавіка а 18-й гадзіне, прайсьці праспэктам Незалежнасьці (Скарыны) да Акадэміі навук, дзе меркавалася правесьці мітынг.

Сталічныя ўлады настойвалі на сваім варыянце. Пры гэтым яны нагадвалі, што маршрут ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор ужо выкарыстоўваўся менавіта для Чарнобыльскага шэсьця.

Віктар Івашкевіч гаворыць, што пасьля кансультацыяў зь іншымі актывістамі, ён пагадзіўся на варыянт гарвыканкаму:

(Івашкевіч: ) "Далі мне на рукі рашэньне гарвыканкаму – збор ля Акадэміі навук, затым шэсьце па праспэкце і вуліцы Сурганава да Чарнобыльскай капліцы. Тым людзям, якія зьбіраюцца на Кастрычніцкай, будзе абвешчана, што збор ля Акадэміі навук, і яны пойдуць туды.

Заканадаўства дазваляе рухацца па ходніках, у тым ліку і ад Кастрычніцкай плошчы да Акадэміі. А ўжо далей да Чарнобыльскай капліцы. Гэта ўзгоднена зь міліцыяй, зь перакрыцьцём дарожнага руху".

Сёлета Чарнобыльскі шлях пройдзе пад дэвізам “Свабода. Праўда. Справядлівасьць”, які быў агучаны падчас выбарчай кампаніі камандай Аляксандра Мілінкевіча.

Арганізатары акцыі мяркуюць, што яна будзе мець і экалягічны, і палітычны характар, бо аварыя на ЧАЭС была ня толькі тэхнагеннай катастрофай, але і палітычнай ды сацыяльнай праблемай, наступствы якой доўгі час замоўчваліся.

Віктар Івашкевіч упэўнены, што ў шэсьці возьме ўдзел шмат людзей:

(Івашкевіч: ) "З улікам легальнасьці акцыі ды абвесткі, я думаю, што ня менш, чым было 25 сакавіка".
XS
SM
MD
LG