Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч абмяркуе лёс "Нашай Нівы" з прэм''ер-міністрам Нарвэгіі


Радыё Свабода Калектыў рэдакцыі “Нашай Нівы” прыкладае намаганьні дзеля захаваньня найстарэйшай беларускай газэты, якая апынулася пад пагрозай ліквідацыі. Сёньня галоўны рэдактар Андрэй Дынько меў сустрэчу з амбасадарам Літвы Пятрасам Вайцекунасам, а таксама заручыўся падтрымкай лідэра аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, які сёньня распачынае візыт у Нарвэгію.

Сёньня раніцай галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько паінфармаваў літоўскага амбасадара Пятраса Вайцекунаса пры сытуацыю з газэтай, якой менскія ўлады адмовілі ў юрыдычным адрасе, што можа прывесьці да ліквідацыі выданьня.

(Дынько: ) “Распавялі пра тое, што рыхтуем зварот да прэзыдэнта і прэм’ер-міністра Літвы з просьбай хадайнічаць аб уключэньні “Нашай Нівы” ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, у сьпіс UNESCO. Мы сустрэлі разуменьне з боку літоўскіх дыпляматаў. І гэтая справа будзе ажыцьцяўляцца”.

Разам з Андрэям Дынько на сустрэчы ў літоўскай амбасадзе прысутнічаў пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

(Арлоў: ) “Апошнія падзеі паказваюць, што ўсе спадзяваньні, якія былі ў некаторых наіўных галовах на нейкую лібэралізацыю рэжыму пасьля выбараў, бясьсьледна разьвеяліся. Адбываецца паўзучая расправа з удзельнікамі дэмакратычных акцый, наступ на найстарэйшую дэмакратычную беларускую газэту “Наша Ніва”, якой сёлета спаўняецца 100 гадоў. І вось газэта атрымлівае ад уладаў такі падарунак”.

Літаратар Аляксандар Фядута, які таксама сёньня быў на сустрэчы ў літоўскай амбасадзе, зьвяртае ўвагу на тое, што апошні раз “Нашу Ніву” закрывалі пры нямецкім Кайзэры.

(Фядута: ) "“Наша Ніва” зараз ня проста газэта той часткі грамадзтва, якая гаворыць і думае па-беларуску. “Наша Ніва” – гэта галоўная газэта той часткі грамадзтва, якая ня толькі ня хоча жыць у карпаратыўнай дзяржаве, якую спрабуюць тут пабудаваць, але і мае шанцы жыць у іншай краіне. Тое, што адбываецца, гэта насамрэч спроба пазбавіць голасу беларускую моладзь, тых, хто быў у намётавым мястэчку на плошчы Кастуся Каліноўскага ў Менску”.

Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, які сёньня распачынае візыт у Нарвэгію, паабяцаў калектыву “Нашай Нівы” ўзьняць пытаньне аб лёсе газэты на сустрэчы з прэм’ер-міністрам гэтай краіны, а гэтаксама паспрабаваць дапамагчы выданьню праз іншыя свае міжнародныя кантакты.

***

Нагадаем, некалькі дзён таму рэдакцыя “Нашай Нівы” атрымала ліст зь Менгарвыканкаму, у якім гаварылася пра "нямэтазгоднасьць разьмяшчэньня газэты на тэрыторыі Менску" на той падставе, што яе галоўны рэдактар Андрэй Дынько быў арыштаваны падчас пасьлявыбарчых пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы. Гэта азначае пазбаўленьне юрыдычнага адрасу і, адпаведна, можа прывесьці да спыненьня выхаду газэты ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG