Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Чарнобыльскую канфэрэнцыю не запрасілі вядомых беларускіх спэцыялістаў


Радыё Свабода, Менск Сёньня ў Менску пачалася міжнародная канфэрэнцыя “Чарнобыль праз 20 гадоў. Стратэгія аднаўленьня і ўстойлівага разьвіцьця пацярпелых рэгіёнаў”. Паводле дзяржаўнага Камітэту ў праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС, у Беларусь прыехалі прадстаўнікі амаль паўсотні краінаў сьвету. Аднак цэлы шэраг аўтарытэтных беларускіх спэцыялістаў у чарнобыльскай галіне на канфэрэнцыю не запрошаныя.

Да ўдзельнікаў канфэрэнцыі зьвярнуўся прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі, які акрэсьліў галоўную задачу дзяржаўнай праграмы ў ліквідацыі наступстваў трагедыі – “забесьпячэньне эканамічнага адраджэньня і разьвіцьця пацярпелых раёнаў”.

Аляксандар Лукашэнка, які ў гэты час сустракаўся з кіраўнікамі памежных ведамстваў краінаў СНД, на канфэрэнцыю не прыехаў: накіраваў гасьцям прывітальную тэлеграму. У ёй, у прыватнасьці, сказана, што ад форуму ўлада чакае рэальных прапановаў у справе рэабілітацыі забруджаных тэрыторый.

Між тым, экспэрты згадваюць, што з асабістай ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі шэраг тэрыторый у забруджанай зоне ўжо вернуты ў гаспадарчы зварот, а вырашчаная там прадукцыя вывозіцца ў іншыя рэгіёны краіны і ў замежжа.

Апроч таго, ад некалькі мільёнаў беларусаў, пацярпелых ад радыяцыйных ападкаў, цягам двух дзесяцігодзьдзяў толькі 138 тысячаў былі пераселеныя ў чыстыя рэгіёны.

Міністар сувязі Ўладзімер Ганчарэнка ўскосна даў зразумець, што абжываньне радыяцыйных земляў будзе працягвацца.

(Ганчарэнка: ) “Мы выдаткоўваем вялізныя сродкі на мадэрнізацыю сувязі, на дэмантаж паветраных ліній сувязі (замяняем на кабэльныя). Практычна цалкам правялі ў раёны чарнобыльскай зоны самыя сучасныя віды сувязі, накіраваўшы туды дастатковую колькасьць кваліфікаваных кадраў”.

Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі няма вядомых беларускіх спэцыялістаў у галіне чарнобыльскіх праблемаў.

На афіцыйныя мерапрыемствы не запрошаныя кіраўнік Беларускага сацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль” Васіль Якавенка, грамадзкія дзеячы Іван Нікітчанка, Генадзь Грушавы, Тамара Белавокая. Адзін з найбольш вядомых навукоўцаў у галіне чарнобыльскай праблематыкі прафэсар Юры Бандажэўскі з гэтай прычыны не бярэцца сказаць, наколькі аўтарытэтны форум з гледзішча ўдзельнікаў.

(Бандажэўскі: ) “Пра гэта ў мяне нават не запытвайце, бо я ў гэтых мерапрыемствах ня ўдзельнічаю. Калі б браў удзел, можа штосьці патлумачыў бы. Але, на жаль, адказаць на гэтае пытаньне не магу”.

Паводле экспэртаў, Беларусь прыняла на сябе самую вялікую колькасьць радыёнуклідных ападкаў. Толькі цэзыем-137 было пакрыта 23% тэрыторыі краіны, тады як ва Ўкраіне – 5%, у Расеі – 0,6%.

Як паведаміў сёньня кіраўнік Дзяржкамчарнобылю Ўладзімер Цалко, за 20 гадоў матэрыяльныя страты Беларусі ад чарнобыльскай трагедыі склалі 235 мільярдаў даляраў. А ў аднаўленьне тэрыторый укладзена толькі 17,7 мільярда даляраў, пры тым у новай "пяцігодцы" дзяржава плянуе асвоіць яшчэ 1,5 мільярда. Чыноўнікі скардзяцца, што замежная дапамога на гэтым тле невялікая – за апошнія пяць гадоў яна склала 400 мільёнаў даляраў.

У прэсавай службе Камчарнобылю пры Савеце міністраў паведамілі, што ў канфэрэнцыі бяруць удзел высокія замежныя госьці – намесьнік Генэральнага сакратара ААН Эд Мэлкерт, Генэральны сакратар АБСЭ Марк Пэрэн Брышамба, Генэральны сакратар таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяцы Марку Ніскала, а таксама дзяржаўны сакратар так званага Саюзу Расеі і Беларусі Павел Барадзін.
XS
SM
MD
LG