Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Кандрусевіч плянуе зрабіць выставу малюнкаў з турмы на Акрэсьціна


Радыё Свабода Свой трыццаты дзень народзінаў мастак Уладзімер Кандрусевіч сустракаў у камэры менскай турмы на Акрэсьціна, куды ён разам з сотнямі іншых абаронцаў намётавага мястэчка на сталічным Кастрычніцкім пляцы быў гвалтам зьвязьнены ў ноч на 24 сакавіка. 15 сутак арышту ён лічыць карыснымі ў сваім творчым жыцьці, бо кантактаваў зь цікавымі людзьмі й намаляваў цэлую галерэю партрэтаў і накідаў турэмнае рэчаіснасьці, зь якіх мяркуе зрабіць адмысловую выставу. Майстэрню Ўладзімера Кандрусевіча пасьля ягонага вызваленьня наведала Валянціна Аксак.

(Валянціна Аксак: ) “Уладзімер, вы ўжо вядомы, хоць яшчэ даволі малады мастак. Колькі вам, дарэчы, гадоў?”

(Уладзімер Кандрусевіч: ) “31 сакавіка мне споўнілася трыццаць гадоў”.

(Аксак: ) “Ваша дыплёмная праца — гэта фрэскі ў касьцёле сьвятога Андрэя Баболі ў Полацку. Вы таксама аўтар іканапіснага партрэту Язафата Кунцэвіча. Я ведаю яшчэ некалькі вашых жывапісных працаў зь біблійнымі матывамі. Скажыце, ці гэта сьвядомы ваш зварот да рэлігійнае тэматыкі на самым пачатку творчасьці?”

(Кандрусевіч: ) “Гэта зьвязана ўвогуле з маім жыцьцём. У дзяцінстве я хрышчаны ня быў і ўжо ў сьвядомым узросьце прыйшло жаданьне і патрэба гэта зрабіць. І так атрымалася, што я прыйшоў да каталіцкага касьцёлу, і гэта пэўным чынам адбілася на маёй творчасьці. Гэта быў сьвядомы выбар і сьвядомыя працы”.

(Аксак: ) “Але разам з тым вось цяпер я бачу на вашых палотнах тут у майстэрні шмат аголенай натуры. Здаецца, гэта не вітаецца каталіцкім касьцёлам…”

(Кандрусевіч: ) “Я б з вамі не згадзіўся, таму што мы можам паглядзець гісторыю мастацтва і, скажам, у эпоху Адраджэньня італьянскага, на што вельмі часта і арыентуецца каталіцкі касьцёл, аголеная фігура лічылася стварэньнем Божым. Так што мастак толькі спрабуе зразумець тую прыгажосьць, якую стварыў Пан Бог, і я ня бачу ў гэтым супярэчнасьці”.

(Аксак: ) “А што рабіў мастак Кандрусевіч і вернік Кандрусевіч на Кастрычніцкім пляцы ў тыя памятныя сакавіцкія дні пасьля выбараў?”

(Кандрусевіч: ) “Я хачу сказаць, што ўвогуле заўсёды лічыў сябе чалавекам апалітычным, і вельмі рады, калі ў мяне ёсьць магчымасьць ціха і спакойна працаваць у сваёй майстроўні, маляваць прыгожых дзяўчат і ўвогуле спрабаваць стварыць нешта прыгожае і сьветлае. Ну але быў такі момант, калі мне было прасьцей прыйсьці на пляц і сказаць, што я ня згодны з тым, што адбываецца. І прыйшоў, каб дамагацца разам зь іншымі праўды”.

(Аксак: ) “І разам зь іншымі ў ноч на 24 сакавіка вы былі зьняволеныя і атрымалі за сваё змаганьне за праўду 15 сутак арышту. Ці не шкадавалі, што вы патрапілі туды і на 15 дзён былі пазбаўленыя актыўнага творчага жыцьця?”

(Кандрусевіч: ) “Ну, па-першае, я для сябе пастанавіў, хоць гэта і не мая ідэя, шмат у каго яна сустракаецца, што ўвогуле лепш ні аб чым у жыцьці не шкадаваць. Калі робіш памылку, то проста трэба на ёй вучыцца. А калі зрабіў добрую справу, дык і пагатоў — навошта шкадаваць? А ў мяне было там уражаньне, што я ўсё правільна зрабіў. А тое, што я быў выключаны з творчага працэсу, то гэта, можа быць, і для творчасьці было лепей, бо быў час падумаць і пераасэнсаваць штосьці. Можа быць, гэта было і новай крыніцай натхненьня, бо я кантактаваў зь цікавымі людзьмі”.

(Аксак: ) “А ці зьмянілася вашае творчае крэда пасьля гэтых падзеяў?”

(Кандрусевіч: ) “Творчае крэда? Хутчэй — не, не зьмянілася. Я думаю, што творчае крэда павінна расьці, як дрэва, заўсёды ў адным кірунку, да сьвятла, да сонца, як і ўвогуле чалавек — разьвівацца. Ну а пазыцыя грамадзяніна, можа быць, трохі зьмянілася ці ўзмацнілася, я б так сказаў”.

(Аксак: ) “Ці малявалі вы тых, з кім апынуліся разам у камэры турмы на Акрэсьціна?”

(Кандрусевіч: ) “Так, зь вялікім задавальненьнем, калі ўзьнікала жаданьне ў маіх сяброў. Маляваў, дарыў ім партрэты, рабіў накіды, увогуле, зь вялікім задавальненьнем карыстаўся тым уменьнем ці здольнасьцямі, якія ў мяне ёсьць, каб бавіць час і дапамагаць іншым”.

(Аксак: ) “Ці зьбіраецеся вы зрабіць нейкую міні-выставу гэтых малюнкаў?”

(Кандрусевіч: ) “Пэўныя з гэтых малюнкаў ужо разышліся па прыватных калекцыях, так скажам. Што да накідаў, то я іх лічу больш кухняй мастака, якую не заўсёды хочацца паказваць. Але калі народзіцца з гэтага нешта больш сур’ёзнае, то зраблю выставу зь вялікім задавальненьнем. Іншая рэч, ці знойдзецца на сёньня галерэя, якая б гэта выставіла”.

(Аксак: ) “Тут згадваецца “Капрычас” Гойі…”

(Кандрусевіч: ) “Капрычас” усё-ткі нагадвае нейкую катастрофу ці канец сьвету. Там — пачвары, а тут — нешта іншае, пачатак ці працяг нечага добрага і сьветлага”.

(Аксак: ) “І апошняе пытаньне. Скажыце, якая рэакцыя вашых сяброў-мастакоў, проста калегаў на тое, што з вамі адбылося, на ваш выбар у тыя сакавіцкія дні?”

(Кандрусевіч:) “Некаторых сваіх калегаў я сустракаў на пляцы. І нават мы падменьвалі адзін аднаго — адзін адстаяў, другі прыйшоў. Увогуле, я пра гэта асабліва не люблю распавядаць, але ад тых знаёмых, хто ведае пра гэта, адчуваю вялікую падтрымку”.

На здымку: Разгорт з вучнёўскага сшытка (толькі такія было дазволена перадаваць) з турэмнымі малюнкамі Ўладзімера Кандрусевіча.
XS
SM
MD
LG