Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беластоцкая "Ніва" гатовая даць свае старонкі для "Нашай Нівы"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы закрыцьцё “Нашай Нівы” называюць спробай цяперашняга беларускага рэжыму “паказаць, што ніякай іншай прэсы, акрамя той, што захапляецца ўладай, у Беларусі няма”, а беластоцкая “Ніва” заяўляе аб гатоўнасьці адкрыць свае старонкі для журналістаў “Нашай Нівы”.

Войцех Бародзіч-Смаліньскі з Варшаўскага цэнтру міжнародных дачыненьняў кажа, што ніякай рэальнай пагрозы для беларускага рэжыму з боку “Нашай Нівы”, хутчэй, не было, і захады беларускіх уладаў скіраваныя на тое, каб паказаць, што месца на любое іншадумства ў краіне пасьля 19 красавіка папросту няма.

(Бародзіч-Смаліньскі: ) “Ніякай небясьпекі для рэжыму з боку газэты не было, я думаю. “Наша Ніва” выходзіла ў Менску. Адміністрацыя Лукашэнкі добра ведае, што ў Менску большасьць людзей цяперашняга кіраўніка краіны не падтрымліваюць. Таму “Нашу Ніву” і закрылі, каб паказаць, што ніякай незалежнай думкі ў сталіцы няма, ёсьць толькі газэты, якія пішуць пра непалітычныя рэчы, альбо пішуць ў адпаведнасьці з інструкцыямі ўладаў”.

Польскі журналіст Цэзары Галінські, у часе працы ў Беларусі, вывучаў па “Нашай Ніве” беларускую мову. Для яго рашэньне ўладаў у справе гэтай газэты гэта спроба канчаткова зацьвердзіць сваю перамогу ў выбарах.

(Галінські: ) “Я думаю, што ўлады такім чынам паказалі свой канчатковы трыюмф. Гэтым крокам яны хацелі “задакумэнтаваць” сваю перамогу, паказаць, што цяпер Лукашэнка можа рабіць што захоча – нічога яму не перашкодзіць”.

Між тым рэдактар беластоцкай “Нівы” Яўген Вапа кажа, што ягоная газэта будзе ўсяляк падтрымліваць нашаніўцаў.

(Вапа: ) “Тое, што інфармацыя пра закрыцьцё “Нашай Нівы” зьявілася ў час 100-гадовага юбілею газэты, гэта мэтанакіраваны ўдар па ўсім, што беларускае паводле духу, а ня формы. Мы гаварылі ў рэдакцыі пра гэта сёньня. Мы салідарныя з нашымі сябрамі з “Нашай Нівы”, і старонкі беластоцкай “Нівы” для іх будуць адкрытыя”.

Гл.таксама • Менскія ўлады адмаўляюць “Нашай Ніве” ў юрыдычным адрасе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG