Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Пятровіч: “Улады заганяюць нас у падпольле”


Іна Студзінская, Менск Паведамленьне пра тое, што Менскі гарвыканкам лічыць разьмяшчэньне незалежнага тыднёвіка “Наша ніва” ў Менску “немэтазгодным”, выклікала абурэньне беларускай грамадзкасьці. Галоўны рэдактар “Нашай нівы” Андрэй Дынько заявіў, што газэта будзе выдавацца “да апошняга”. “Ідзе барацьба ня толькі зь незалежнай прэсай, але і з нацыянальнай культурай”, – падкрэсьліў Андрэй Дынько. Як паставіліся да чарговага ціску на “Нашу ніву” рэдактары незалежных беларускіх выданьняў?

Літаральна ўсе заўважаюць два вельмі істотныя моманты ў выпадку з “Нашай нівай” – юрыдычны нонсэнс і працяг тэндэнцыі да зьнішчэньня ўсяго беларускага.

На думку галоўнага рэдактара культуралягічнага часопісу “ARCHE” Валера Булгакава, складаецца ўражаньне, што мы жывем у нейкай дзіўнай юрыдычнай прасторы, калі бюракратычныя чыноўнікі, статус якіх не прапісаны ў беларускім заканадаўстве (у “Законе аб друку” няма такога органу, як упраўленьне ідэалёгіі), рэглямэнтуюць выхад або нявыхад незалежных СМІ.

(Булгакаў: ) “Улада цяпер дзейнічае вельмі “творча” ў дачыненьні да няўгодных СМІ. Рэпэртуар рэпрэсіяў вагаецца, напрыклад, ад выкіданьня зь беларускіх друкарняў да забароны падпіскі, неўзгадненьня нейкіх дробных пытаньняў праз аддзел ідэалёгіі. Думаю, што апошнім акордам будзе непасрэднае закрыцьцё, спыненьне выхаду празь Міністэрства інфармацыі”.

Галоўны рэдактар літаратурнага часопісу “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч дзеяньнямі сталічных чыноўнікаў быў таксама зьбянтэжаны.

(Пятровіч: ) “Шчыра прызнацца, няма слоў. Я згадваю, як рабілася нешта падобнае з часопісам “Полымя” напярэдадні 80-годзьдзя, як робіцца гэта з Саюзам пісьменьнікаў, калі яму споўнілася 70 гадоў. І цяпер 100-годзьдзе “Нашай нівы” ўлада адзначае такім чынам – забаронай газэты”.

У звароце “Нашай нівы” да чытачоў падкрэсьліваецца: “Зачыняюць першую беларускую газэту, знак беларускае самабытнасьці. Зачыняюць апошнюю незалежную газэту, якая выходзіла цалкам на беларускай мове”.

Гаворыць галоўны рэдактар “ARCHE” Валер Булгакаў:

(Булгакаў: ) “Накочваецца новая хваля зьнішчэньня беларускай культуры, улады гэта робяць такой інструмэнтальнай мэтай, каб працягваць існаваньне савецкага чалавека ў постсавецкай эпосе. Улада сапраўды напалоханая памаранчавымі рэвалюцыямі. Тэндэнцыя таксама паказвае надзвычайную амаральнасьць цяперашняй палітычнай адміністрацыі: для яе беларуская культура не ўяўляе ніякай каштоўнасьці. Наадварот, каштоўнасьць палітычную ўяўляе як мага хутчэйшае яе зьнішчэньне”.

Галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч пры ўсім гэтым ня траціць аптымізму:

(Пятровіч: ) “Я іншага ад гэтых уладаў, па вялікім рахунку, і не чакаў. Я даўно кажу, што яны ненавісныя да ўсяго беларускага, да беларускай мовы, гісторыі, культуры. Яны заганяюць даўно нас у падпольле, яны чакаюць, што мы здадзімся, але гэтага ня будзе. Мы будзем працаваць. Такія ж праблемы, як і ў “Нашай нівы”, ёсьць і ў “Дзеяслова”, і ў “ARCHE”, у іншых беларускамоўных выданьняў. Але гэта нас ня спыніць і не спалохае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG