Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Галасы і твары Плошчы”: у сям’і Жылінскіх – тры былыя палітвязьні


Міхал Стэльмак, Рагачоў Радыё Свабода працягвае расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія у апошнія месяцы пацярпелі ад уладаў за падтрымку апазыцыйных кандыдатаў і ўдзел у акцыях пратэсту. Турэмным зьняволеньнем былі пакараныя ўсе дарослыя члены сям’і Жылінскіх з Рагачова.

Жылінскія жывуць на вуліцы Савецкай. Вось што сказаў пра іх мясцовы жыхар Уладзімер Тамковіч:

(Тамковіч: ) “Звычайная такая сям’я. Ён працаваў юрыстам на заводзе “Дыяпраектар”. Спачатку нават рабочым, а потым юрыстам. За погляды вымушаны быў зволіцца з заводу”.

Гэта пра галаву сям’і Віктара Жылінскага. Вось што Віктар гаворыць пра сябе:

(Віктар Жылінскі: ) “Я тут у Рагачове з 1989 году. Зьяўляюся прыхільнікам дэмакратычных пераменаў. Я ніколі не хаваў сваіх поглядаў”.

Гэтыя погляды спачатку падзяліла Віктарава жонка Сьвятлана, а затым і дзеці – Кацярына і Кастусь. Усе яны бралі актыўны ўдзел у нядаўняй прэзыдэнцкай кампаніі. 18 сакавіка Віктара Жылінскага арыштавалі. Ягоная дачка Кацярына дагэтуль уражаная прычынамі зьняволеньня:

(Кацярына Жылінская: ) “Недзе а 12-й гадзіне майму бацьку патэлефанавалі з гарвыканкаму. Ён выйшаў з пад’езду, і яго ўжо чакалі людзі. Спэцыяльна для гэта ўзялі чалавека, далі ў рукі бутэльку піва: ён як бы сутыкнуўся з маім бацькам, кінуў яму бутэльку пад ногі і пачаў нецэнзурна лаяцца. Ішлі два міліцыянты і затрымалі іх. На судзе майго бацьку абвінавацілі ў хуліганстве”.

Віктара Жылінскага рагачоўскі суд пакараў арыштам на 7 сутак. Актывіста зьмясьці ў мясцовую турму. Пасьля гэтага ў Менску на Кастрычніцкай плошчы, дзе праходзіла апазыцыйная акцыя, пабываў ягоны непаўналетні сын Кастусь. Калі хлопец вярнуўся, у Менск на акцыю пратэсту паехалі жонка і дачка Віктара Жылінскага. Уначы з 23 на 24 сакавіка іх пры ліквідацыі намётавага гарадка затрымаў сталічны спэцназ. Прыгадвае Сьвятлана Жылінская:

(Сьвятлана: ) “У мяне пытаюцца: навошта ты туды паехала? Бо я ж ведала, чым гэта ўсё можа скончыцца. Страшна было адпускаць Кацю адну. І калі выехалі на плошчу гэтыя “скрыні” здаравенныя, “аўтазакі”, нават ня страшна было, а шкада, што гэта ўсё скончыцца – сьвята Свабоды... Так было добра на душы – я б стаяла там заўсёды! Каб нас не разагналі, стаяла б там, пакуль бы ні перамаглі. Трэба сказаць, што Каця ўвесь час стаяла ў ачапленьні гарадка. І мы ўвесь час былі побач – да самага суду. Потым ужо разьвялі...”

Дарэчы, калі затрымлівалі на Кастрычніцкай плошчы Сьвятлану і Кацярыну, Віктар Жылінскі ўсё яшчэ знаходзіўся ў рагачоўскай турме. Ці ведаў ён пра лёс родных?

(Жылінскі: ) “Не, ня ведаў. Гэта было для мяне сюрпрызам. Вядома, хваляваўся. Я выйшаў на волю 25-га, адразу пачаў шукаць: дзе, што, як? Праз Інтэрнэт шукаў, пачаў тэлефанаваць сябрам, хто быў на волі. Бо частка сядзела. Асабліва ў Гомелі – кіраўнікі абласнога штабу сядзелі. Праз Інтэрнэт даведаўся пра сьпісы, дзе хто знаходзіцца. У панядзелак я паехаў ужо ў Менск, каб трапіць на суд да дачкі і жонкі. Потым дачку забраў у тры гадзіны ночы, у аўторак – Каці далі чацьвёра сутак. Ну а жонку ўжо забіраў у пятніцу”.

Сьвятлана Жылінская вярнулася ў Рагачоў пасьля 7 сутак зьняволеньня ў турме Менскага раёну...
XS
SM
MD
LG