Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд друку: Мікалай Аўтуховіч галадае ў сьледчым ізалятары


Падрыхтаваў Вячаслаў Кулік Агляд недзяржаўнага друку за 19 красавіка.

Сёньня “Народная воля” паведамляе, што ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч працягвае галадоўку ў Гарадзенскім сьледчым ізалятары. Як піша выданьне, арыштаваны мусіць да 27 красавіка азнаёміцца з крымінальнай справай аб ухіленьні ад выплаты падатку. Сам Аўтуховіч лічыць гэта абвінавачваньне сфабрыкаваным.

“Выбары 19 сакавіка – гэта толькі пачатак маруднага, але ўпэўненага паглынаньня Расеяй Беларусі”, – даводзіць аўтар аналітычнага артыкулу “Расейскі гамбіт”, былы супрацоўнік Камітэту дзяржбясьпекі Валеры Костка. Ён перакананы, што “выбары прайгралі ўсе”. “Ніколі Беларусь не была так блізка да страты сувэрэнітэту, як цяпер”, – лічыць Костка.

Чаму пры новым старшыню дзяржкамітэту па авіяцыі адно за адным ліквідуюць прадпрыемствы галіны, у прыватнасьці Менскі авіярамонтны завод? Адказы – у журналісцкім расьсьледаваньні “Народнай волі”.

“Газета Слонімская” сёньня паведамляе падрабязнасьці аб паўторным судзе над актывістам дэмакратычных сілаў Алесем Масюком. “На пэрыфэрыі ўсё яшчэ ня спынены перасьлед назіральнікаў за прэзыдэнцкімі выбарамі”, – канстатуе незалежная газэта.

Бамжы ў Слоніме маюць прыстанак у будынку фізкультурна-аздараўленчага комплексу мясцовай райсельгастэхнікі. Там выламаныя дзьверы, выбітыя вокны, засьмечаны басэйн і гніе саўна. Гэтыя факты – таксама з рэгіянальнага выданьня. Журналісты б’юць трывогу: спартыўны комплекс хранічна хворы!

У райцэнтры Глыбокае назіраецца бум цікавасьці да агучанай у Менску дэпутатам Васілём Хролам ідэі ператварыць пэрыфэрыйны гарадок у “сталіцу гульнявога бізнэсу – другі Лас-Вэгас”. Расказвае рэдактар тыднёвіка “Вольнае Глыбокае” Ўладзімер Скрабатун:

(Скрабатун: ) “Мы тут ужо адшукалі, што ў Амэрыцы жывуць архітэктары з Глыбокага, якія будавалі Лас-Вэгас. Есьць такі Аляксандар Уладзімераў. Гэта – адзін матэрыял. А другі: сапраўды, Глыбокае адстала. Турысты – толькі праездам. Ніхто ня есьць нашых каўбасаў, ня п’е нашага піва. І тут як бы Васіль Пятровіч Хрол унёс сьвежую прапанову на тое, што ў Глыбокім можа нешта зьмяніцца”.

Са слоў Уладзімера Скрабатуна, газэта будзе працягваць дэпутацкую тэму. Васіль Хрол запрошаны экспэртам наступных прапаноў.
XS
SM
MD
LG