Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"...Намэнклятура зараз мае ўсё, пра што яна марыла..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за аўторак 18 красавіка. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Радзімоўскі Юры, Бабруйск:) “Хацеў запытацца ў Аляксандра Ўладзімеравіча Мілінкевіча. Што паважаная апазыцыя зьбіраецца рабіць, каб не дапусьціць праглынаньня Расеяй Беларусі ў сувязі зь мяркуемым саюзам Расеі і Беларусі? Натуральна, Расея на чале з Пуціным зьбіраюцца зрабіць усё дзеля таго, каб Пуцін стаў на першы тэрмін прэзыдэнтам саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Што можна зрабіць, каб гэтага не дапусьціць? Што можна зрабіць у гэтай сытуацыі, каб сапраўды незалежнасьць Беларусі не ўпусьціць? Гэта самае дарагое, што ёсьць для кожнага сьвядомага беларуса”.

“Аляксандар Уладзімеравіч! Што рабіць тым людзям, якія зьбіралі подпісы за вас, якія душой і сэрцам за адраджэньне Беларусі? На іх жа таксама ціснуць, іх не пускаюць на іншую працу. У некаторых, як і ў мяне, заробак нізкі, каля 100 даляраў, на такі заробак немагчыма пражыць. І сытуацыя пагаршаецца. У нас практычна няма рэсурсаў. А што Захад? Захад далёка. А думкі і жыцьцё простых беларусаў зусім адрозьніваецца ад думак такіх людзей, як я. Яны не спачуваюць, яны не балеюць душой і сэрцам, як людзі, падобныя на мяне. Вельмі шкада, што так атрымліваецца”.

(Сачкоў Міхаіл:) “Я інвалід Чарнобылю, у дадзены момант пражываю ў г. Менску. Я галасаваў за Аляксандра Мілінкевіча. І дужа абураны, што так прайшлі выбары, ня так, як трэба. Ідзе 20 гадавіна Чарнобылю, і дзяржава, можна сказаць, кідае нас. Прэзыдэнт Лукашэнка хоча прысвоіць усё сабе. Ён кажа, што ў чарнобыльскай зоне ўсё добра, што там можна жыць. Але ж гэта ня так. Там усё горш і горш. Я па сабе ведаю. Я былы вайсковец, раней быў дужы, здаровы, а зараз я ўсё горш і горш”.

(Костка, Смалявічы:) “Хацеў бы задаць пытаньне Аляксандру Мілінкевічу. Як глядзіць Мілінкевіч, каб аб’яднаць усе нацыянальна-патрыятычныя сілы, уключаючы і сілы Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Зянона Пазьняка? Можа ёсьць сэнс правесьці перамовы, каб былі агульныя намаганьні ў барацьбе за будучыню Беларусі?”

(Спадарыня:) “Хачу падзякаваць Мілінкевічу за тое, што ён трымаўся. Мы будзем цалкам яго падтрымліваць, каб ён быў нашым прэзыдэнтам”.

(Спадар:) “Паглядзеў праграму БТ аб ад’езьдзе апазыцыі. Вельмі непрыемна, што БПСМ апусьціўся да такога ўзроўню. Згодна з моладзевай палітыкай Лукашэнкі, моладзь – гэта людзі да 31 году. Але што там робяць на кіруючых пасадах людзі пасьля 31 году? Няўжо вярнуліся савецкія часы, калі людзі з камсамольскай працы ішлі на пэнсію? Гэта значыць, камсамольцы-пэнсіянэры. Але ж яны ўтрымліваюцца на нашыя падаткі! І ім павінна быць сорамна знаходзіцца пасьля 31 году ў камсамоле і выхоўваць моладзь, хадзіць зь мётламі і зьневажаць сталых людзей”.

(Спадар:) “Наконт пэнсіянэраў. Дайце выступіць навукоўцам і няхай яны абгрунтуюць катэгорыі пэнсіянэраў. Тут выказваюцца думкі, што рабочыя атрымліваюць да 250 тысяч рублёў пэнсіі, адміністрацыя і прыхільнікі Лукашэнкі ад 500 да 750 тысяч, вайскоўцы і работнікі міліцыі – мільён і г.д. Зьдзіўляе лямант, менавіта лямант, прыхільнікаў Лукашэнкі аб працы, маўляў, патрэбна працаваць. Але ж ёсьць розьніца, на каго працаваць: на намэнклятуру Лукашэнкі і іх пэнсіі і атрымліваць малы заробак, ці на каго іншага і атрымліваць добры заробак. Простаму люду галоўнае, каб атрымаць добрыя грошы за сваю працу”.

(Спадар:) “Два пытаньні спадару Мілінкевічу. У якой стадыі стварэньне шырокага грамадзкага палітычнага руху за перамены, аб стварэньні якога было абвешчана на плошчы? І другое. Ці ёсьць якія экспэртныя ацэнкі на аснове дадзеных з розных крыніцаў, апытаньняў і г.д., якія ўсё ж такі вынікі выбары? І ўдакладніць, ці ўваходзяць у гэтыя лічбы вынікі датэрміновага галасаваньня, ці гэта без яго?”

(Спадар:) “Перастаньце нарэшце зьдзекавацца з Лукашэнкі. Які ён ня ёсьць, а ўсё ж такі кіраўнік. Яго выбіраў народ, ва ўсялякім разе на першы тэрмін. А наконт неадукаванасьці – дык гэта не бяда, не яго бяда, а бяда дзяржавы. Дзяржава давала шырокую адукацыю з малымі ведамі па прафэсіі. Адсюль і “вершы Быкава”, і “Скарына ў Санкт-Пецярбургу”, і настаўнік гісторыі на пасадзе кіраўніка саўгасу. Як у анэкдоце. “Кандыдат хваліцца, што скончыў аж дзьве вышэйшыя ўстановы! Паднімаецца старэнькая бабка гадоў 90 і пытаецца ў кандыдата: “А на што ты вучыўся ў двух вышэйшых установах? Што, хіба цябе не маглі навучыць у адной?”

(Віктар Бутто:) “Паважаныя працаўнікі Радыё Свабода! Прашу не дапускаць на вашу перадачу ідэолягаў лукашыстаў, якія ў сваіх выказваньнях імкнуцца адняць у нармальных і прыстойных грамадзянаў Беларусі здароўе, якое яшчэ засталося, і іншыя канстытуцыйныя правы і свабоды, што робіцца расейскімі і беларускамі сродкамі масавай інфармацыі. Гэтыя ідэолягі топчуць усіх нагамі, займаюцца нашым зьнішчэньнем. Яны абражаюць і зьдзекуюцца з нас, бо зьяўляюцца нелюдзямі, якім законы няпісаны. Ім сапраўды добра пры гэтым рэжыме, бо вэртыкальшчыкі для іх стварылі ідэальныя цяплічныя ўмовы, што ня мае большасьць беларусаў, якія пражываюць у гэтай вельмі небясьпечнай дзяржаве для пражываньня”.

(Анастас Семяновіч:) “На пытаньне, калі Расея падвысіць кошт на газ, я лічу, што эканоміка лукашыстаў будзе ля разьбітага карыта. Прыклад, калі я плачу за газ толькі 120 тысяч, маючы імпартны кацёл. А калі гэтую лічбу павялічыць у 3-5 разоў, дзе браць рублі, каб аплаціць за газ? Вось вам, спадары Сідорскі і Лукашэнка, адказ. А мы, пэнсіянэры, будзем ля разьбітага карыта. Трэба будзе тэрмінова “аддаваць канцы”. І прадпрыемствы таксама, я думаю, будуць ля разьбітага карыта, яны сёньня негатовыя. І самая галоўная бяда, што не рыхтуюцца да пераходу на рыначную эканоміку. Для гэтага неабходна шмат часу. Жыве Беларусь!”

(Уладзімер:) “Паводле перадачы “Праскі акцэнт” наконт таго, чаму намэнклятура так шчыльна згуртавалася вакол прэзыдэнта. Шчыра кажучы, я быў бы вельмі зьдзіўлены, калі б яна не згуртавалася вакол прэзыдэнта. Намэнклятура зараз мае ўсё, пра што яна марыла. У часы СССР і нават у часы Расейскай Імпэрыі і ўвогуле ў гісторыі ў намэнклятуры не было такіх прывілеяў і дабротаў, якія ёсьць цяпер. Таму ім ёсьць за што змагацца. І натуральна ім лепш згуртавацца вакол дзеючага прэзыдэнта. Калі будзе новы прэзыдэнт – гэта рызыка, гэта перамены, большасьць зь іх могуць страціць свой статус. А так аднаго пакараюць, а 99 застанецца пры сваіх пасадах. А калі той адзін будзе сябе паводзіць як трэба, то зноў туды вернецца. А каб паспаліты люд выконваў усе гэтыя загады, для гэтага існуюць сілавыя структуры, кантрольныя органы і г.д. На тое яна і дзяржава”.

(Спадарыня:) “Радыё Свабода! Каб ты толькі ведала, як мы любім і ганарымся сваім прэзыдэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнка! А тое, што ў Эўропу не пускаюць – дык добра. Наш прэзыдэнт цэлей будзе. І ўвогуле трэба забараніць 83% у Эўропу выязджаць. Хай Эўропа застанецца без Беларусі. Хай адзін Мілінкевіч шастае па Эўропе”.

(Спадарыня:) “Хачу выказаць сваю пазыцыю наконт таго, што адбываецца ў Беларусі. На жаль, Захад прымае вельмі мяккія меры ў адносінах да чыноўнікаў, якія аказаліся невыязнымі. Прапаноўваю ў гэты сьпіс уключыць яшчэ дырэктараў школаў, менавіта там выхоўваецца будучы электарат, які падтрымлівае ўлады. Трэба зрабіць больш жорсткімі ўсе гэтыя меры”.

(Спадар:) “Таварышы лукашысты! Хопіць хваліць свайго “бацьку”. Ён ж зразумела сказаў на гэтым сходзе, што ня трэба яго хваліць. Ён нават прыбраў свае вобразы паўсюль. Калі вы і далей будзеце хваліць, вы будзеце ідалапаклоньнікамі, – ён так казаў. І ён вас усіх пасадзіць у турму. Лепш раскажыце свайму “бацьку”, калі быў Францыск Скарына ў Пецярбургу”.

(Яцкевіч:) “Прашу прадставіць нашага прэзыдэнта на нобэлеўскую прэмію, бо ні ў каго, як у яго, не будуюцца аўтастаянкі побач з дамамі і абласнымі бальніцамі. Новая навука ў мэдыцыне – бэнзінатэрапія. Вельмі добра вылечвае хворых і малых дзетак”.

(Спадар:) “Лукашысты, якія тэлефануюць на “Свабоду”, хай яны скажуць, якая ў іх пэнсія, які заробак. Яны ж жывуць у той Беларусі, якая на плякатах, пра якую па тэлебачаньню расказваюць. А мы жывем у іншай Беларусі, дзе стабільнасьць толькі на могілках, і стабільна працуюць толькі пахавальныя канторы. Хай яны скажуць, за што яны хваляць гэтага Лукашэнку, і чаму яны ўсё жыцьцё будуць за яго галасаваць”.
XS
SM
MD
LG