Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябру "Маладога фронту" пагражае ад 7 да 12 гадоў


Радыё Свабода Актывісту “Маладога фронту” Артуру Фінькевічу выставілі больш цяжкае абвінавачаньне. Цяпер за графіці яму пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Працэс над Фінькевічам можа пачацца ўжо ў траўні.

Выстаўлена новае абвінавачаньне Артуру Фінькевічу, актывісту “Маладога фронту”, якога затрымалі за вулічнае графіці сёлета ў лютым. Справа перакваліфікаваная паводле артыкулу аб пашкоджаньні дзяржаўнай маёмасьці ў вялікіх памерах.

Цяпер Фінькевічу пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня.

Ягоная справа будзе разглядацца ў Першамайскім судзе Менску – пра гэта паведаміў адвакат Фінькевіча.

Нагадаем, Артур Фінькевіч быў затрыманы ў ноч на 1 лютага, калі пісаў на плоце словы “Мы хочам новага!”.

Спачатку актывіста абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Пазьней сьледзтва пералічала страты, нібыта нанесеныя маладым чалавекам камунальнай гаспадарцы Менску ў выніку напісаньня палітычных лёзунгаў. Цяпер сьледчыя лічаць, што Артур Фінькевіч пашкодзіў маёмасьці ажно на 17 тысяч даляраў.

Малады апазыцыянэр ужо болей за два месяцы знаходзіцца пад вартай у менскім сьледчым ізалятары.

Аднадумцы юнака зь незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” называюць справу супраць Артура Фінькевіча “акцыяй запалохваньня”. Гаворыць Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Гэта робіцца, каб запужаць Артура яшчэ больш, але наўрад ці гэта ў іх атрымаецца, колькі б яму ні далі. Я перакананы, што гэты суд сам не пратрымаецца столькі, колькі Артуру прысудзіць”.

Праваабаронца з цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч не выключае, што сьледчыя абвінавацілі Фінькевіча ў напісаньні дзясяткаў графіці, да якіх ён мог і ня мець дачыненьня. Валянцін Стэфановіч гэтак камэнтуе новы паварот у справе Фінькевіча:

(Стэфановіч: ) “Ствараецца пэўны прэцэдэнт з выкарыстаньнем артыкулу 218 аб пашкоджаньні маёмасьці. А што да такой сумы – 17 тысяч даляраў – гэта дзіўна. На гэтыя грошы можна палову Менску адрамантаваць. Вельмі цынічна гэта выглядае на фоне мільёнаў даляраў, якія скрала тая самая Жураўкова і нават не адбыла тэрміну, што ёй прысудзіў суд”.

У Першамайскім судзе Менску, дзе будзе слухацца справа Артура Фінькевіча, кажуць, што яшчэ ня вызначана, які судзьдзя будзе разглядаць справу і калі пачнецца працэс. Сьледчыя, якія вялі справу актывіста “Маладога фронту”, не камэнтуюць абвінавачаньня. У тым ліку не паведамляецца колькасьць графіці, якія нібыта намаляваў Артур Фінькевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG