Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША заклікаў працягваць дапамогу пацярпелым ад Чарнобылю


Валер Каліноўскі, Прага Напярэдадні 20-х угодкаў аварыі на ЧАЭС Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла адмысловую рэзалюцыю.

У рэзалюцыі са спасылкай на "Чарнобыльскі форум" 2005 году гаворыцца пра рост усьведамленьня ўплыву Чарнобылю на здароўе людзей і эканамічнае разьвіцьцё ў раёнах, што пацярпелі ад аварыі.

Кангрэс нагадвае, што каля 5 мільёнаў чалавек надалей жывуць у забруджаных радыяцыяй раёнах Беларусі, Расеі і Ўкраіны, і падкрэсьлівае, што там адзначаны рост ракавых і іншых захворваньняў.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу заклікае працягваць намаганьні шматлікіх грамадзкіх арганізацыяў і ўраду Злучаных Штатаў з мэтай самімі рознымі формамі дапамагчы ў пераадоленьні наступстваў Чарнобылю і зазначае, што гэта асабліва патрэбна ў будучыя дзесяцігодзьдзі, калі вырасьце колькасьць праблем са здароўем. Парлямэнт ЗША падтрымаў намаганьні ў справе паляпшэньня ядзернай бясьпекі ва Ўкраіне, у тым ліку пабудову новага саркафага над 4-м блёкам Чарнобыльскай АЭС, на што ЗША выдаткавалі 203 мільёны даляраў.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу заклікае нацыянальныя і міжнародныя арганізацыі аховы здароўя засяродзіць свае дасьледаваньні на наступствах аварыі для здароўя людзей у забруджаных раёнах з тым, каб міжнародная супольнасьць у цэлым магла скарыстацца іхнымі вынікамі.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША таксама заклікае іншыя краіны і Эўразьвяз працягваць грашовую падтрымку міжнародных чарнобыльскіх праектаў, будаўніцтва новага саркафага і сховішчаў для выкарыстанага ядзернага паліва ды іншыя намаганьні з мэтаю мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG