Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў працягваюць адлічваць “за палітыку”


Любоў Лунёва, Менск Павялічваецца колькасьць выпадкаў, калі студэнтаў вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў адлічваюць з вучобы за апазыцыйную дзейнасьць. Некаторых зь іх дэканаты просяць напісаць лісты з абяцаньнем больш ніколі ня ўдзельнічаць у акцыях апазыцыі. Пры гэтай умове абяцаюць пакінуць на вучобе.

Юрася Меляшкевіча адлічылі зь пятага курсу Тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Яго затрымалі ўначы з 20 на 21 сакавіка па дарозе ў інтэрнэт-кавярню з Кастрычніцкай плошчы. Юрась адседзеў 15 сутак арышту. Калі прыйшоў ва ўнівэрсытэт, даведаўся, што дыплём абараняць ужо не давядзецца.

(Меляшкевіч: ) “Хлопцаў зьбівалі. Там быў намесьнік старшыні Партыі БНФ Янукевіч. Закідвалі ў аўтобус па тры-чатыры чалавекі, а потым усіх адвезьлі на Акрэсьціна. У першы дзень, калі я вызваліўся, мне паведамілі, што я адлічаны. Падставай стала тое, што я прапусьціў тыя дні практыкі, якія правёў на Акрэсьціна. Ёсьць пастанова Савету міністраў, згодна зь якой у выніку непрахаджэньня практыкі студэнта мусяць накіраваць зноў на практыку ў вольны ад вучобы час. Я цяпер вольны ад вучобы, бо раблю дыплём”.

Дэкан факультэту Валеры Фарафунтаў патлумачыў Радыё Свабода, што студэнта адлічылі нібыта не за ягоную апазыцыйную дзейнасьць, а за адсутнасьць на пераддыплёмнай практыцы.

(Фарафунтаў: ) “Падчас практыкі чалавек недзе сядзіць… Я ня ведаю, як гэта… Яго адлічылі не за тое, што сядзеў за акцыю, а за тое, што адсутнічаў на практыцы”.

Студэнта Акадэміі мастацтваў Аляксандра Пералыгіна затрымалі падчас ліквідацыі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Ён адседзеў 10 сутак і выйшаў у свой дзень народзінаў. Аляксандар апавёў, што адміністрацыя прапанавала яму напісаць пакаянны ліст:

(Пералыгін: ) “Да мяне падышлі з дэканату, каб я напісаў ліст аб тым, што калі мяне затрымлівалі на Кастрычніцкай плошчы, я быў у несьвядомым стане і вельмі шкадую аб тым, што там удзельнічаў. Трэба напісаць, што я нібыта раскайваюся і абяцаю, што больш ніколі ня буду ўдзельнічаць у такіх акцыях. Ну, а я не пагадзіўся. Цяпер я пайду да рэктара. Хутчэй за ўсё, мяне адлічаць. Калі ўлічыць, што я на першым курсе, мне не дадуць аднавіцца”.

Аляксандар Пералыгін кажа, што яму дапамагае падтрымка бацькоў і аднакурсьнікаў:

(Пералыгін: ) “Бацькі й аднакурсьнікі мяне падтрымліваюць. Калі я сядзеў на сутках, мне ўсе прыносілі перадачы — мае сябры, аднагрупнікі… Калі я выйшаў, мяне ўсе віншавалі. Я не выключаю, што шмат з тых, хто мяне віншаваў, хацеў быць на маім месцы”.

Цягам дзесяці дзён з вучобы адлічылі некалькі дзясяткаў навучэнцаў каледжаў і ўнівэрсытэтаў.

Раней міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў запэўніваў, што за ўдзел у апазыцыйных акцыях нікога адлічваць з вучобы ня будуць. І сапраўды, адміністрацыі навучальных установаў пазбаўляюцца ад грамадзка актыўных навучэнцаў, выстаўляючы ім абвінавачаньні не ў апазыцыйнай дзейнасьці, а ў пропусках заняткаў. А заняткі гэтыя студэнты вымушаны былі прапусьціць, калі адбывалі арышты за ўдзел у акцыях апазыцыі.
XS
SM
MD
LG