Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Астраўцы пачаўся судовы працэс над актывістам апазыцыі І.Крукам


Радыё Свабода Івана Крука, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, абвінавачваюць па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу — гвалт адносна супрацоўніка міліцыі.

Справу на Івана Крука завялі яшчэ ў лютым.

У пастанове сьледчага астравецкай пракуратуры Аляксандра Баркоўскага гаворыцца, што падчас канфіскацыі кампутара Іван Крук наўмысна сарваў пагон у аднаго зь міліцыянтаў, а таксама адпіхваў яго і нават нанёс таму лёгкія цялесныя пашкоджаньні.

Сёньня на працэсе суд заслухаў сьведкаў. Са словаў адваката Алены Халупкі, міліцыянты, якіх дапытваў судзьдзя, самі ня ўпэўненыя, што Іван Крук ужыў да іх дзеяньні, якія можна назваць гвалтам.

Нагадаю, што ператрус у кватэры Івана Крука, які ў той час актыўна зьбіраў подпісы за Аляксандра Мілінкевіча, адбыўся ў сувязі з тым, што міліцыя западозрыла ягонага сына, які вучыцца ў дзясятай клясе, у крадзяжы грошай у пэнсіянэркі.

Ніякіх улікаў міліцыянты ў кватэры не знайшлі, але іх зацікавіў кампутар, пятнаццаць бюлетэняў Кангрэсу дэмакратычных сілаў, некалькі экзэмпляраў мясцовага бюлетэню “Інфарматар”.

Кампутара Іван Крук забраць ня даў: скінуў яго са стала на падлогу і разьбіў.
XS
SM
MD
LG