Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі вядучы М.Лявоньцеў абвясьціў пра плян забойства Мілінкевіча


Радыё Свабода Учора па Першым канале расейскага тэлебачаньня ў праграме “Однако” ейны вядучы Міхаіл Лявоньцьеў абвінаваціў грузінскага палітыка Гіві Таргамадзэ ў падрыхтоўцы забойства Аляксандра Мілінкевіча.

У перадачы Міхаіла Лявоньцьева “Однако” прагучалі запісы тэлефонных размоваў на гэты конт, якія нібыта вёў Гіві Таргамадзэ.

У інтэрвію Радыё Свабода старшыня камісіі па абароне і бясьпецы грузінскага парлямэнту Гіві Таргамадзэ наступным чынам пракамэнтаваў абвінавачваньні, што прагучалі ў расейскай перадачы “Однако”:

(Таргамадзэ: ) "Упэўнены, што ніводзін нармальны чалавек ня можа ўсур''ёз успрыняць глупства, сфабрыкаванае Лявонцьевым. У наступнай перадачы ён можа абвясьціць мяне забойцам Кэнэдзі ці абвінаваціць у спробе правесьці тунэль зь Лёндану да Бамбэю.

Сапраўднай прычынай усяго гэтага зьяўляецца страх, у якога вялікія вочы. Больш сур''ёзнага камэнтару гэтая зьява не заслугоўвае".

Пракамэнтаваць заявы, зробленыя ў праграме Лявонцьева, мы папрасілі жонку Мілінкевіча Іну Кулей:

(Кулей: ) "Цяжка адказваць за іншых людзей. Мне здаецца, што калі падобныя рэчы зьбіраюцца рабіць, аб гэтым мала хто распавядае сваім знаёмым.

На гэта проста ня трэба зьвяртаць увагу. Мы свой шлях абралі. Мы гэта прымаем да ведама, але гэта ня зьменіць нашу пазыцыю.

Як мы ведаем, Расея была адной зь нешматлікіх краінаў, якая палічыла легітымнымі нашыя выбары, прызнала легітымным прэзыдэнтам Лукашэнку, які ўзурпаваў уладу. Гэта – працяг кампаніі ў абарону іх меркаваньня наконт таго, якім быў вынік выбараў.

Я мяркую, што гэта працяг спробаў запалохаць беларусаў, пачынаючы зь лідэра дэмакратычных сілаў і сканчаючы простымі людзьмі, запалохаць тымі наступствамі, якія іх могуць чакаць падчас выхаду на вуліцу.

У найбліжэйшы час адбудзецца штогадовая акцыя Чарнобыльскі шлях. І зараз ізноў распаўсюджваюцца чуткі, што там будуць забітыя людзі, што будуць рэпрэсіі. Такія ж чуткі распаўсюджваліся і напярэдадні 19-га, і напярэдадні 25-га сакавіка.

Нічога новага не прыдумалася, акрамя таго, што ў гэтыя брудныя чуткі ўцягнулі літоўцаў і грузінаў".
XS
SM
MD
LG